Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Честные люди»: яўку на датэрміновае галасаваньне завысілі ўдвая, на некаторых участках у 5–10 разоў


Кампанія «Честные люди», аб стварэньні якой абвясьціў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі, а цяпер палітычны зьняволены Віктар Бабарыка, распаўсюдзіла прэс-рэліз аб выніках назіраньня за першымі двума днямі датэрміновага галасаваньня.

Зьвесткі пасьпелі прааналізаваць за першыя два дні галасаваньня — 4 і 5 жніўня. За першы дзень сабралі дадзеныя аб 605 участках па ўсёй краіне, за другі — аб 645 участках.

На другі дзень датэрміновага галасаваньня назіральнікі налічылі яўку 33 283 чалавекі на ўчастках, за якімі назіралі. Афіцыйна ж участковыя выбарчыя камісіі на тых участках абвясьцілі пра 66 937 выбарнікаў, якія прагаласавалі ў той дзень. Пры тым, калі на 44 участках у Горадзенскай вобласьці афіцыйная яўка перавысіла падлічаную назіральнікамі на 24,15%, то на 62 участках у Гомельскай — на 231,81%.

На асобных участках, сьцьвярджаюць «Честные люди», яўку завысілі ў 5–10 разоў. Так, на ўчастку №46 у Гомлі назіральнікі налічылі толькі 42 выбарнікі, а афіцыйна там прагаласавалі 474 выбарнікі. На ўчастку №42, які месьціцца ў той жа школе №66, назіральнікі налічылі 34 выбарнікі, а выбаркам — 180.

За дзень да таго назіральнікі налічылі на ўчастках, за якімі назіралі, 22 149 выбарнікаў, а выбаркамы — на 55,63% больш, 34 471 выбарніка.

6 жніўня «Честные люди» мелі 5273 акрэдытаваныя назіральнікі, але звыш 50 чалавек пазбавілі акрэдытацыі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG