Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады моцна шкадуюць, што зарэгістравалі Ціханоўскую». Беларускія выбары вачыма польскага аналітыка


Сьвятлана Ціханоўская, мітынг у Берасьці, 2 жніўня 2020

Ян Максімюк гутарыць з польскім аналітыкам Камілем Клысіньскім, галоўным спэцыялістам у пытаньнях Беларусі, Украіны і Малдовы з урадавага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у Варшаве.

Сьцісла

  • У Лукашэнкі няма ідэяў, што далей рабіць з краінай.
  • Ціханоўская атрымала «бонус» за аб’яднаньне трох штабоў.
  • Ціханоўская ўносіць сьвежасьць і надзею, але яна не палітык.
  • Удзел Канапацкай у выбарах спрыяе Лукашэнку.
  • Гісторыя з «вагнэраўцамі» паказвае, як моцна Лукашэнка баіцца страціць уладу.
  • Санкцыі Эўразьвязу будуць катастрофай для Лукашэнкі.

— Калі мы гутарылі з вамі два месяцы таму, ішоў збор подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі, а ўлады якраз арыштавалі Сяргея Ціханоўскага. Вы сказалі тады, што не чакалі такіх натоўпаў, якія станавіліся ў чэргі, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. А тое, што здарылася потым, за два апошнія месяцы, можна было прадбачыць, ці яно таксама стала нечаканасьцю для вас?

— Потым справы пачалі ўжо складацца ў больш-менш цэльную карціну рэчаіснасьці. Я ня быў зьдзіўлены, што не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу — гэта можна было прадбачыць. Гэткія высновы можна было зрабіць з выказваньняў Лукашэнкі, з таго, як расла яго агрэсіўнасьць да гэтых асобаў, і зь іх папулярнасьці, асабліва — Віктара Бабарыкі. Паводле зьвестак са штабу Бабарыкі, яны сабралі 430 тысяч подпісаў, — гэта беспрэцэдэнтна высокая лічба, нават Зянон Пазьняк у 1990-х столькі не сабраў. Лукашэнка пачаў баяцца канкурэнцыі з боку Бабарыкі, і яго нерэгістрацыю можна было прадбачыць.

Неспадзяванкай для мяне — тут я прызнаюся, што памыліўся — была, па-першае, рэгістрацыя Сьвятланы Ціханоўскай. Я лічыў, што ўлады, дзеля свае бясьпекі, і яе не зарэгіструюць. А потым я прагназаваў, што Ціханоўская ня вытрымае ціску выбарчай кампаніі, што асоба безь якога-колечы палітычнага досьведу, без уменьня выступаць публічна, даволі нясьмелая, — яна ня справіцца з гэтай роляй і здымецца з выбараў, сыдзе з выбарчай гонкі. Тым часам штабы аб’ядналіся, і практычна праз усю Беларусь коціцца вельмі бравурная, арганізаваная зь вялікім размахам выбарчая кампанія Сьвятланы Ціханоўскай. Гэта для мяне, поруч з чэргамі падчас збору подпісаў, другая нечаканасьць у выбарчай кампаніі. Я думаю, беларускія ўлады моцна шкадуюць, што вырашылі зарэгістраваць гэтую кандыдатку.

— Давайце пагаворым крыху пра фэномэн падтрымкі Сьвятланы Ціханоўскай. У чым, на ваш погляд, прычыны таго, што людзі такімі натоўпамі прыходзяць на яе выбарчыя мітынгі і выказваюць падтрымку жанчыне, якая адкрыта заяўляе, што ёй не падыходзіць роля прэзыдэнта і яна лепш хацела б смажыць катлеткі?

— Тут акумулююцца розныя рэчы.

Па-першае, стомленасьць Лукашэнкам — гэта было відаць і раней, калі яшчэ ішоў збор подпісаў. Людзі часта ставілі подпісы за некалькіх кандыдатаў — бо яны хацелі якой-колечы альтэрнатывы, каб да ўлады прыйшоў нехта іншы і прынёс нейкую сьвежасьць. Шмат хто ўжо ня можа ні глядзець на Лукашэнку, ні слухаць яго. Гэта стомленасьць матэрыялу, стомленасьць дыктатарам, які, як ужо відаць, мае штораз большыя праблемы з кіраваньнем краінай эфэктыўным чынам. Утрымліваць парадак і дысцыпліну ён умее — гэтае яго ўмельства зьнікне апошнім. Аднак людзі бачаць — у Лукашэнкі няма ідэяў, што далей рабіць з краінай, каб усё добра працавала, каб людзі пачалі лепей жыць.

Па-другое, пандэмія COVID-19, якая выклікала фрустрацыю сярод людзей. Зразумела, пандэмія сама па сабе мае адмоўны аспэкт — у любой краіне людзі ёю засмучаныя. Але беларусаў дадаткова засмуціла тое, як падыходзяць да пандэміі ўлады, як да яе ставіцца Лукашэнка. Ігнараваньне пандэміі і неабдуманыя выказваньні пра яе з боку Лукашэнкі — гэта таксама мела важнае значэньне і паглыбіла адмоўную тэндэнцыю ў стаўленьні грамадзтва да яго.

Што тычыцца самой Ціханоўскай, яна атрымала бонус за еднасьць — на ёй акумулявалася падтрымка электаратаў Бабарыкі і Цапкалы плюс яе ўласнага электарату. Ну, і тут яшчэ адыгрывае ролю той чыньнік, які вы згадалі — на трыбуну выходзіць звычайная жанчына, якая кажа, што хацела б смажыць катлеткі, што тужыць па дзецях, што хацела б жыць у лепшай краіне. А дзьве жанчыны, якія яе падтрымліваюць на мітынгах, — Вераніка Цапкала і Марыя Калесьнікава — расказваюць эмацыйныя і добра адрэдагаваныя гісторыі, якія сапраўды трапляюць у сэрцы і галовы беларусаў, і ўсё гэта працуе.

Ціханоўская ўносіць пэўную сьвежасьць і пэўную надзею, але калі задумацца над гэтым глыбей, то яна — не палітык, які прапануе нейкае комплекснае бачаньне разьвіцьця Беларусі. Гэта чалавек, які на самым пачатку абвяшчае, што яе праграма — часовасьць, што яна ідзе па перамогу, каб даць гэтую перамогу некаму іншаму. Тым ня менш людзі яе падтрымліваюць, бо хочуць нечага іншага.

— А што вы думаеце пра трох іншых кандыдатаў, якія таксама ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі як супернікі Лукашэнкі, прынамсі намінальна, — пра Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня? Якая іх роля ў гэтым усім?

— Вакол гэтых кандыдатаў шмат спэкуляцый, і я не бяруся адназначна ацэньваць гэтую тройку. Як мне здаецца, найбольш спрэчак выклікаюць паводзіны Ганны Канапацкай, якая штораз больш нахабна і штораз менш адэкватна выказваецца пра розныя рэчы. Яна апавяшчае, што ўжо неўзабаве будзе кіраваць краінай, што на гэтых выбарах толькі два сур’ёзныя кандыдаты — яна і Лукашэнка… Што да Лукашэнкі, то ніхто ня будзе спрачацца — гэта сур’ёзны кандыдат. Што тычыцца Ганны Канапацкай, то яна не праводзіць ніякіх сустрэч з выбарнікамі, павысылала нейкія запрашэньні прадпрыемствам і зьдзіўляецца, што гэтыя прадпрыемствы ёй адмаўляюць. Гэта вельмі пасіўная кампанія, якую ажыўляюць толькі яе спрэчныя выказваньні, калі яна абражае іншых кандыдатаў. Я не хачу нікога асуджаць, але ў мяне такое ўражаньне, што яе ўдзел у кампаніі спрыяе Лукашэнку ў тым сэнсе, што стварае яму бясьпечную альтэрнатыву на выпадак, калі б іншыя кандыдаты выйшлі з выбарчай кампаніі. Яна пойдзе да канца ў любым выпадку.

Што да Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня, яны таксама праводзяць вельмі маргінальныя кампаніі з прычыны адсутнасьці сродкаў, адсутнасьці людзей, адсутнасьці ідэй. Самы актыўны з гэтай тройкі, як здаецца, Андрэй Дзьмітрыеў, які сапраўды праводзіць нейкія сустрэчы, але яны зьбіраюць вельмі няшмат людзей. Выпадак Дзьмітрыева вельмі цікавы, бо ён прадстаўляе старую апазыцыю — рух «Гавары праўду», і ў гэтым выпадку відаць, што людзі ўжо не давяраюць гэтай апазыцыі, што яны расчараваліся ў ёй ня менш, чым у Лукашэнку.

— Не магу вам не задаць яшчэ аднаго пытаньня. Якой вы думкі пра затрыманьне на мінулым тыдні 33 расейскіх наёмнікаў «Вагнэра», якіх Лукашэнка абвінавачвае ў спробе дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі? Што гэта, па-вашаму: пастаноўка, якую Лукашэнка ўзгадніў з Пуціным, каб даціснуць гайкі ў краіне? выключна менская «загатоўка», пра якую Крэмль нічога ня ведаў? нешта іншае?

— Тут ніхто нікога не схапіў за руку, а нават калі хто і схопіць, дык гэта ня будзем мы. Мне здаецца, што гэта была акцыя, падрыхтаваная і разыграная беларускімі спэцслужбамі, не да канца ўдала. Цяжка сабе ўявіць, што Расея высылае групу прафэсійных баевікоў ці прыватных наёмнікаў у Беларусь, каб там зрабіць рэвалюцыю, а яны пасяляюцца ў менскім гатэлі, які, безумоўна, знаходзіцца пад наглядам беларускіх спэцслужбаў, а потым пераяжджаюць у санаторый, які належыць фэдэрацыі беларускіх прафсаюзаў, якой кіруе шэф выбарчага штабу Лукашэнкі. Будзьма сур’ёзнымі.

Расейцы не настолькі бяздарныя ў сваіх дзеяньнях. Трэба аддаць належнае іх умельству ў падобных акцыях, хоць, магчыма, яно не заўсёды ідэальнае. Але яны не аматары. Да таго ж арганізацыя рэвалюцыі ў Беларусі не на руку Расеі, не ў інтарэсе Расеі. Расея хацела б аслабіць Лукашэнку, а ня скінуць. Скідаць Лукашэнку занадта рызыкоўна. Расеі будзе дастаткова, калі Лукашэнка даволі жорстка, але не занадта крывава расправіцца з пасьлявыбарчымі дэманстрацыямі і пасадзіць некалькіх палітвязьняў (а такія моцныя кандыдаты ў палітвязьні ёсьць), каб Захад ня меў выхаду і як мінімум прыпыніў дыялёг зь Беларусьсю. Маскве такога сцэнара будзе цалкам дастаткова.

Таму за гісторыяй з наёмнікамі я хутчэй бачу беларускую руку. Лукашэнка ўжо некалькі тыдняў гаворыць пра зьнешнюю пагрозу, нагнятае атмасфэру страху, выбудоўвае сындром абложанай крэпасьці, так што затрыманьне «вагнэраўцаў» пад Менскам плюс аднаго чалавека недзе на поўдні Беларусі — спроба нагнясьці атмасфэру яшчэ больш, спроба паказаць, што гэтая пагроза сапраўды рэальная і наглядная. Але відаць пры гэтым, што беларускія ўлады спрабуюць таксама даць задні ход, каб не распальваць скандалу з Расеяй. Аляксандар Лукашэнка цяпер не зацікаўлены ў чарговай вайне з Расеяй. Гэта занадта важны партнэр і саюзьнік, каб правакаваць яго такім чынам. Гэта небясьпечная гульня, якую пачаў беларускі бок. Гэтая гульня паказвае, якія моцныя эмоцыі ахапілі цяпер Аляксандра Лукашэнку, як моцна ён баіцца страціць уладу.

— Дапусьцім, што спадарыня Лідзія Ярмошына абвяшчае чарговую «элегантную перамогу» Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах, і ў Беларусі ўзьнімаецца хваля пратэстаў. Як, на вашу думку, павінен у такім выпадку зрэагаваць Эўразьвяз і як павінна зрэагаваць Варшава? Што б вы параілі рабіць польскаму ўраду, калі б у Беларусі пачаліся пасьлявыбарчыя пратэсты і, магчыма, беспарадкі?

Каміль Клысіньскі
Каміль Клысіньскі


— Я б на гэта глянуў шырэй, з пэрспэктывы таго, што павінен зрабіць Эўразьвяз, бо мне здаецца, што ў такім выпадку сваю пазыцыю павінен выказаць Эўразьвяз, а не паасобныя краіны-ўдзельніцы. Беларусь — суседка Эўразьвязу, удзельнічае ва «Ўсходнім партнэрстве», вядзе дыялёг з Брусэлем. Сёлета было падпісанае пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму для беларусаў, цяпер шэнгенская віза каштуе 35 эўра, а не 80 — гэта магутная розьніца. Значыць, ёсьць пэўныя выгады і карысьць ад дыялёгу.

Беларускія ўлады таксама разумеюць, што іх дыялёг з Брусэлем — важны чыньнік, які дазваляе Менску весьці эфэктыўны дыялёг з Масквой, а прынамсі адсоўваць у часе саступкі, якіх ад Менску чакае Масква ў рамках «саюзнай дзяржавы». Калі б дыялёг з Эўразьвязам абарваўся, Лукашэнка ўсе гэтыя выгады страціў бы. Дамова аб таньнейшых візах захавала б сваю моц, бо я ня думаю, што Эўразьвяз захацеў бы біць у беларускіх грамадзян, але магчымае вяртаньне да санкцый і замарожваньня дыялёгу Брусэль-Менск было б для беларускіх уладаў катастрофай у цяперашняй сытуацыі. Гэта быў бы крах замежнай палітыкі, я не баюся ўжыць тут гэтае моцнае слова. Лукашэнка павінен разумець, што ён шмат чым рызыкуе. Таму з Брусэлю павінны надысьці — і, пэўна, ужо ідуць — словы перасьцярогі, каб ён не ішоў задалёка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG