Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне парталу Tut.by


Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства інфармацыі 7 жніўня вынесла пісьмовае папярэджаньне парталу Tut.by за распаўсюд «недакладнай інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам», піша партал.

5 жніўня Tut.by пісаў пра парушэньні, якія зафіксавалі назіральнікі, што ня трапілі ў лік тых, каму дазволілі знаходзіцца на выбарчых участках, у тэксьце быў таксама камэнтар ЦВК.

Назіральнік Аляксандар Якубоўскі, акрэдытаваны на 19-м участку ў пасёлку Сьмілавічы Чэрвеньскага раёну, расказаў пра свае падлікі (прыйшоў 21 выбарнік супраць пазначаных у пратаколе 164), адзначыўшы, што на ўчастку ён знаходзіўся з моманту апячатваньня скрыні і да канца дня.

Мінінфарм палічыў інфармацыю пра час знаходжаньня назіральніка на ўчастку не адпаведнай рэчаіснасьці.

«Паводле інфармацыі Менскай абласной камісіі па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (ліст ад 2020/08/06 № 54), назіральнік Якубоўскі А. Б. не знаходзіўся на Сьмілавіцкім участку № 19 Чэрвеньскага раёну ўвесь пэрыяд работы выбарчага ўчастку. Па дадзеных сяброў участковай выбарчай камісіі, Якубоўскі А. Б. прысутнічаў на ўчастку 4 жніўня з 9.40 да 10.00, пасьля чаго пакінуў участак, будынак і тэрыторыю, дзе разьмяшчаецца Сьмілавіцкі ўчастак № 19». Таму, як сьцьвярджае Мінінфарм, ён ня мог валодаць інфармацыяй пра колькасьць тых, хто прагаласаваў на ўчастку.

Аляксандар Якубоўскі падкрэсьлівае, што ён, афіцыйна акрэдытаваны назіральнік, прыйшоў на ўчастак у 9.30. Іх папрасілі пакінуць памяшканьне ў 10 гадзін, таму назіральнікі мусілі весьці назіраньне з вуліцы праз адчыненыя дзьверы. Ён назіраў з тэрыторыі школы, на адлегласьці каля 20 мэтраў ад уваходу на ўчастак. Ёсьць сьведка, другі назіральнік, які можа пацьвердзіць, што Якубоўскі быў на тэрыторыі школы ўвесь дзень.

Паводле Закону аб СМІ, выпуск СМІ можа быць прыпынены на тэрмін да 3 месяцаў рашэньнем рэспубліканскага органу дзяржкіраваньня, калі выданьне не ліквідуе парушэньні, якія паслужылі падставай для вынясеньня пісьмовага папярэджаньня, альбо не паведаміць пра іх ліквідацыю ў Мінінфарм. Тэрмін выкананьня, названы ў папярэджаньні, — 8 жніўня.

«Tut.by з рашэньнем Мінінфарму ня згодны. Рашэньне аб абскарджаньні яшчэ не прынятае, але, каб пазьбегнуць блякаваньня рэсурсу, мы ўнясём зьмены ў тэкст артыкула», — адзначае партал.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG