Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль заклікаў Менск адмовіцца ад выкарыстаньня сілы супраць мірных пратэстоўцаў


Жузэп Барэль
Жузэп Барэль

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Барэль заклікаў беларускія ўлады забясьпечыць захаваньне свабоды выказваньня думак і мірных сходаў у адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі.

Барэль у сваёй заяве адзначыў, што ў сёлетняй выбарчай кампаніі беларускі народ паказаў «беспрэцэдэнтную палітычную мабілізацыю на карысьць свабодных выбараў і дэмакратыі». Але, дадаў ён, да гэтага часу мірная мабілізацыя грамадзтва сустракалася зь недапушчальнымі абмежаваньнямі свабоды СМІ і сходаў, а таксама з затрыманьнямі мірных дэманстрантаў, назіральнікаў, журналістаў і актывістаў.

Ад імя Эўразьвязу Барэль зьвярнуўся да Менску з заклікам:

«ЭЗ заклікае беларускія ўлады гарантаваць рэалізацыю поўных палітычных правоў кандыдатаў, пазьбягаць выкарыстаньня сілы супраць мірных пратэстоўцаў, устрымлівацца ад далейшых затрыманьняў назіральнікаў за выбарамі, мірных дэманстрантаў, кандыдатаў і сябраў іх камандаў і неадкладна вызваліць усіх актывістаў, праваабаронцаў, блогераў і журналістаў, затрыманых з палітычных матываў».

Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу ў сваім звароце таксама запэўніў Менск, што Эўразьвяз падтрымлівае незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі. Барэль дадаў, што Эўразьвяз будзе фармаваць сваю палітыку адносна Беларусі, абапіраючыся перш за ўсё на ацэнкі таго, як беларускія ўлады ставяцца да правоў чалавека і дэмакратыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG