Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр «Единой России» Мядзьведзеў: у адносінах Беларусі і Расеі будуць «сумныя наступствы»


Дзьмітры Мядзьведзеў, архіўнае фота
Дзьмітры Мядзьведзеў, архіўнае фота

Былы прэзыдэнт Расеі, а цяпер лідэр партыі «Единая Россия» і намесьнік старшыні Савету бясьпекі Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў назваў беларуска-расейскія стасункі «разьменнай манэтай» у беларускай выбарчай кампаніі, перадае «Інтэрфакс».

«Мы, вядома, ня можам ня бачыць, што сёньня расейска-беларускія адносіны, я нават больш скажу, „саюзная дзяржава“, інтэграцыя сталі дробнай разьменнай манэтай у ходзе выбарчай кампаніі, — казаў Дзьмітры Мядзьведзеў на сустрэчы з чальцамі праекту «ПолитСтартап» 5 жніўня. — Прычым, што б там ні было, што б ні адбывалася, немагчыма адбіцца ад думкі, што розныя казусы, якія адбываюцца, гэта частка досыць нескладанай палітычнай тэхналёгіі: вылепіць вобраз ворага, і пры дапамозе вобразу ворага дамагчыся палітычнага выніку».

Што менавіта меў на ўвазе Мядзьведзеў, не ўдакладняецца. Але заява прагучала неўзабаве пасьля затрыманьня ў Беларусі 33 чалавек, якіх беларускія ўлады назвалі баевікамі расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнера», і заявы Лукашэнкі пра яшчэ адну групу баевікоў на поўдні. Выдачы гэтых людзей, якія маюць расейскае грамадзянства, дамагаецца Ўкраіна.

Мядзьведзеў думае, што ў Беларусі разважаюць так: «усё роўна, разьбярэмся з гэтымі рускімі, там прыдумаем што-небудзь».

«І вось гэта выклікае ня толькі пачуцьцё крыўды, — дадаў Мядзьведзеў. — Гэта вельмі сумна. І наступствы гэтага будуць сумныя».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG