Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзем працаваць зь любой адміністрацыяй»,— экс-прэзыдэнт Расеі пра выбар беларусаў 


Дзьмітрый Мядзьведзеў
Дзьмітрый Мядзьведзеў

Колішні прэзыдэнт і прэм’ер-міністар Расеі, а цяпер намесьнік старшыні Савету бясьпекі Дзьмітрый Мядзьведзеў у інтэрвію «Комсомольской правде» сярод іншага закрануў тыму адносінаў зь Беларусьсю.

Традыцыйна для маскоўскіх палітыкаў зазначыўшы, што «расейцы зь беларусамі, па сутнасьці, адзін народ», Мядзьведзеў выказаў спадзяваньне, што «ўсё будзе ў парадку».

«Адносна Беларусі ёсьць чаканьні ўсякага роду недружалюбных нам сілаў, выказваньні розных палітолягаў. Часам гэта падаграваецца і асобнымі сэнтэнцыямі кіраўнікоў, вядома. Але ў цэлым у нас асаблівыя, саюзьніцкія стасункі. Мы разам зрабілі вялікі ўнёсак у іх разьвіцьцё. У нас саюзная дзяржава. Мы інтэграцыяй займаемся. Так, працэс ідзе няпроста, спрачаемся аб цэнах на газ, нафту, нейкія крыўды ўзнікаюць. Але ў цэлым гэта рабочы працэс».

На пытаньне, ці не ўскладніцца яшчэ больш гэты працэс, калі 9 жніўня прэзыдэнтам Беларусі выберуць не Аляксандра Лукашэнку, а некага іншага, Дзьмітрый Мядзьведзеў адказаў:

«Давайце дачакаемся вынікаў. Рашэньне за народам Беларусі. Гэта як з Трампам. Народ дасьць адказ на пытаньне, хто будзе кіраваць дзяржавай. Беларусь — асаблівая для нас краіна, наша саюзьніца. Але вяртаючыся да той жа Амэрыкі, каго б ні выбралі. Расея як адказны міжнародны партнэр, як пастаянны чалец Рады Бясьпекі, як ядзерная дзяржава, буйная эканоміка будзе працаваць зь любой адміністрацыяй. Мы заўсёды з гэтага зыходзілі», — канстатаваў Дзьмітрый Мядзьведзеў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG