Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любімую ўладу не аддаюць


Выступ Аляксандра Лукашэнкі з пасланьнем да народу і Нацыянальнага сходу, Менск, 4 жніўня
Выступ Аляксандра Лукашэнкі з пасланьнем да народу і Нацыянальнага сходу, Менск, 4 жніўня

Якімі былі асноўныя тэзы штогадовага пасланьня Аляксандра Лукашэнкі? Чаму ён памяняў стаўленьне да пандэміі каранавірусу? Чаму ворагі, якія, паводле яго, пагражаюць Беларусі, не названыя па імені? Ці прызнаў ён у сваёй прамове, што прайграў моладзь? На каго і як паўплывае яго прамова?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст, Сяргей Навумчык і Віталь Цыганкоў

Дракахруст: Штогадовае пасланьне Лукашэнкі фактычна стала ягонай перадвыбарчай прамовай, у якой ён выклаў сваю праграму ці яе адсутнасьць. Словы, якія мы вынесьлі ў загаловак — «Любімую ўладу не аддаюць» — гэта парафраз апошніх словаў ягонай прамовы: «Любімую не аддаюць». Склалася ўражаньне, што асаблівую любоў Лукашэнка выказаў ня столькі да Беларусі, колькі да сваёй улады. Некалькі разоў цягам прамовы ён казаў, што, маўляў, «уладу не аддадзім». Давайце спынімся на некалькіх вузлавых блёках, якія ён выкладаў. Ну вось самы пачатак — пра тое, які ўвесь сьвет жахлівы, пандэмія ўсё зьнішчыла, адна толькі Беларусь засталася як выспа стабільнасьці.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Я б зьвярнуў увагу, наколькі доўгай была гэтая частка выступу — пра тое, як ва ўсім сьвеце кепска. Калі чалавек выкладае праграмныя тэзісы разьвіцьця сваёй краіны як кандыдат у прэзыдэнты і як дзейны прэзыдэнт, дык навошта гэтулькі шмат казаць пра тое, як паўсюль кепска? На гэтым фоне была тэза, што Беларусь — «адзінае спакойнае зьвяно ў цэнтры Эўразіі». Па-першае, гэта няпраўда, па-другое, даволі сьмешна гучыць. І гэты матыў — «як усё паўсюль кепска» — ён пераходзіў і на іншыя тэмы. Калі Лукашэнка казаў пра пандэмію, ён заявіў, што нібыта «ўвесь сьвет прызнаў правільнасьць нашай пазыцыі». Гэта, мякка кажучы, ня так. Ці што на Захадзе не пасьпяваюць даехаць да старых і яны паміраюць. Высьвятляецца, што казаць пра нейкія беларускія дасягненьні яму немагчыма без таго, каб ня ўставіць, што ўвесь сьвет, як ён заявіў, спаўзае ў бездань. Яго ж слухаюць амбасадары краінаў, у якіх, на ягоную думку, усё кепска.

Дракахруст: Мяне ў міжнароднай частцы прамовы ўразілі ягоныя словы, што «ў Расеі не засталося сапраўдных саюзьнікаў, акрамя Беларусі», і што расейцы «братэрства памянялі на партнэрства». Цікавая і зьмена падыходаў: аказваецца, была пандэмія. Была пандэмія! Але мы, як было сказана, праігнаравалі «шаблённыя рэкамэндацыі САЗ». Дактароў пахваліў, Кітай пахваліў (не Расею ж цяпер хваліць). Куды ж падзеўся псыхоз?

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Навумчык: Асабіста я перакананы, што пераломны момант для Лукашэнкі, страта ладнай часткі электарату, адбыўся якраз у час пандэміі, у красавіку-траўні. І не таму, што сыстэма аховы была не гатовая — нідзе ў сьвеце мэдыцына не была гатовая да такой маштабнай пандэміі. Але з прычыны зьдзекаў з вуснаў Лукашэнкі, якімі ён суправаджаў свае камэнтары наконт пандэміі. Людзі хавалі блізкіх, а ён паводзіў сябе як блазан. Гэта моцна ўдарыла па ягоным аўтарытэце. Відаць, гэта было ўлічана пры падрыхтоўцы прамовы. Нарэшце, выгодна паказаць, што калі сусьветная эканоміка падае праз каранавірус, дык і Беларусь не магла гэтага пазьбегнуць. Але сумняюся, што яго ўратуе гэта ў вачах тых, хто быў абураны ягонымі ранейшымі выказваньнямі. У залі, я заўважыў, усе сядзелі маўкліва, было адчуваньне, што яны слухаюць чалавека, які выйшаў абвяшчаць вайну.

Дракахруст: Мы зьвярнулі ўвагу, калі аналізавалі выступ Ціханоўскай па тэлебачаньні, што гэта завочная палеміка з Лукашэнкам. А гэтым разам значную частку выступу Лукашэнкі склала палеміка з апанэнтамі. Пры гэтым ён не называў прозьвішчаў і ўтрыраваў, што нібыта яны хочуць выпусьціць з турмаў крымінальнікаў, хочуць прыватызаваць зямлю і г.д. Здаецца, раней ён не аддаваў такой увагі сваім апанэнтам.

Цыганкоў: Ягоныя словы сьведчаць пра тое, якую моц пагрозы ён адчуў у часе гэтых выбараў. Ён спрабаваў націскаць на пачуцьці людзей сярэдняга веку, спарадзіць атмасфэру страху. «Не пускайце на плошчу моладзь, яны яшчэ не разумеюць», і гэтак далей. У яго ўжо няма беларускамоўных канкурэнтаў на выбарах — а ён усё роўна, калі кажа пра апазыцыю, устаўляе беларускую мову. У яго гэта ў падкорцы з 1994 году. Беларуская мова для яго роўная радыкалізму, апазыцыі. Хоць апошнія пару гадоў улады гавораць пра «мяккую беларусізацыю», але сам Лукашэнка як чалавек у гэтым сэнсе не мяняецца і, трэба думаць, ужо ня зьменіцца. Быў момант, калі ў часе ягонага выступу паказалі залю, і там такая маўклівая цішыня, змрочная, гнятлівая. Людзі якія напалоханыя. І гэтая частка была не зафіксаваная ў тэксьце прамовы, гэта было ягоным «лірычным адступленьнем», але ясна, наколькі ён быў узьведзены, калі прыгадваў пра апанэнтаў, наколькі гэта выклікае ў яго эмацыйную нэгатыўную рэакцыю.

Дракахруст: А вось яшчэ адна цікавая дэталь. Ён і раней казаў пра эпоху гібрыдных войнаў, але ў гэтай прамове вораг ня быў названы. Хоць ён казаў пра справу «вагнэраўцаў» даволі падрабязна. Але вораг не названы. Раней вораг абвяшчаўся — Захад, Амэрыка. Зараз нібыта Расея — але і не Расея. Дык хто кіруе «марыянэткамі»?

Навумчык: Абсалютна згодны. У мяне ўвогуле было адчуваньне, што гэта прамова чалавека, які ўжо абраны, ужо перамог на выбарах. Такая прамова (за выняткам некалькіх фразаў пра выбары) магла б прагучаць, скажам, 15 жніўня. Гэта прамова пераможцы, які ставіць мэты на наступныя пяць гадоў. Чаму не сказаў пра ворагаў? Гэта таксама тактыка паводзінаў: і тэлебачаньне не называе прозьвішчаў альтэрнатыўных кандыдатаў, і Лукашэнка таксама іх не называе. Пазыцыя такая, што сур’ёзных апанэнтаў, сурʼёзных ворагаў, каб на іх яшчэ зьвяртаць увагу, няма. І заўважце, што калі ў нармальнай дэмакратычнай краіне дзейны прэзыдэнт на выбарах апаніруе сваім канкурэнтам па самых розных тэмах — сацыяльных, эканамічных, дык Лукашэнка ў часе шматлікіх наведваньняў прадпрыемстваў гэтага ня робіць. Ён паводзіць сябе як незьмяняльная па вызначэньні асоба.

Цыганкоў: Хіба не ўпершыню кандыдат Лукашэнка выказаў боязь, што яго паплечнікі могуць яму здрадзіць. Ён сказаў, што самае жахлівае — гэта здрадніцтва.

Навумчык: Лукашэнка здольны вучыцца, хоць і ва ўласных інтарэсах. Ён добра памятае, як прадстаўнікі ўлады ў 1994 годзе здрадзілі Кебічу — ад паплечнікаў Кебіча да пасялковых выканкамаў.

Дракахруст: Цікавы сюжэт пасланьня — моладзь. Лукашэнка пазыцыянаваў сябе як мудрага бацьку, які разумее схільнасьць моладзі да бунту супраць бацькоўскай улады. Цікавая была тэза, што і людзі з ланцуга салідарнасьці, і АМАП, які яму супрацьстаіць, — гэта адна беларуская моладзь. А навошта яму сымпатыі моладзі?

Цыганкоў: Ён разумее, што моладзь яго не падтрымлівае. Але ён ня хоча з гэтым мірыцца. Ён разумее, што ацэньваць яго кіраваньне будуць менавіта гэтыя пакаленьні. Ён ня можа сказаць, што моладзь мусіць быць за яго, бо ён дае свабоду. Ён яе не дае. Ён кажа, што моладзь мусіць быць за яго, бо ён дае стабільнасьць, бясплатную адукацыю і заробак. Ён некалькі разоў ужо паўтараў гэтую тэзу, што моладзь «хайпіцца і посьціць». Відаць, Коля навучыў бацьку гэтай лексыцы.

Дракахруст: Ён паўтарыў, што трэба мяняць Канстытуцыю. Ён лаяў тых, хто хоча вярнуць Канстытуцыю 1994 году, казаў, што гэта будзе катастрофа, але не казаў, што ж у існай Канстытуцыі трэба памяняць, каб дасягнуць добрага жыцьця. Гэта даволі дзіўна — Канстытуцыю трэба мяняць, але не скажу як.

Навумчык: Ніхто, акрамя яго і пары самых набліжаных да яго людзей, ня ведае, што ж ён хоча памяняць у Канстытуцыі. Я меркаваў, што будзе ўведзеная пасада віцэ-прэзыдэнта і на яе будзе прызначаны яго старэйшы сын.

Цыганкоў: Гэта моркаўка, якую трымаюць перад электаратам ужо пару гадоў — маўляў, я не такі ўжо закасьнелы.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG