Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны мэсыдж Лукашэнкі: улады не аддам, рэформаў ня будзе


Зважаючы на вельмі напружаную сытуацыю ў краіне, вялікае нездавальненьне насельніцтва дзейнасьцю Лукашэнкі, можна было чакаць іншых акцэнтаў у важным перадвыбарчым выступе кіраўніка дзяржавы, піша палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Сьцісла

  • Галоўная думка ўсяго пасланьня — ён усё рабіў правільна.
  • Лукашэнка не прызнае існаваньня незадаволенай часткі грамадзтва.
  • У ягонай рыторыцы адбываецца штучная дэманізацыя апанэнтаў.
  • Лукашэнка будзе і надалей працягваць палітыку, якую праводзіў дасюль.

Можна было чакаць, што кіраўнік дзяржавы зьвернецца да тых людзей, хто выступае супраць яго, ці да грамадзян, якія яшчэ ня вызначыліся, паспрабуе іх ангажаваць. Сказаць ім, напрыклад, што я вас чую, разумею, я рэагую на вашы запыты, расказаць, што зьбіраецца мяняць у гэтым кірунку, пераконваць, што гатовы да пераменаў, гатовы ісьці насустрач жаданьням людзей.

Але не. Нічога гэтага не адбылося. Галоўная думка ўсяго пасланьня зводзіцца да таго, што ён усё рабіў правільна. Уся ягоная дзейнасьць — гэта суцэльныя дасягненьні. Падстаў для незадавальненьня ў Беларусі няма і быць ня можа. «Народны прэзыдэнт» стварыў ідэальнае грамадзтва абсалютнага дабра. У такой дзяржаве народ проста па вызначэньні ня можа не любіць свайго правадыра або быць незадаволеным ягонай палітыкай.

Таму Лукашэнка ня толькі ня хоча зьвяртацца да незадаволенай часткі грамадзтва, каб неяк знайсьці зь ёй паразуменьне. Ён проста не прызнае яе існаваньня.

У ягонай рыторыцы адбываецца штучная дэманізацыя апанэнтаў. Лукашэнка не дапускае, што «альтэрнатыўшчыкі» хочуць дабра Беларусі. Паводле яго, гэтыя людзі імкнуцца ўсё разбурыць, даць дарогу крыміналу. Яны кіруюцца злымі намерамі. Вось ён кажа, што ўсе, хто супраць Лукашэнкі, — гэта людзі, якія страцілі сумленьне. То бок людзі з сумленьнем проста ня могуць не падтрымліваць Лукашэнку. Цяжка сказаць, ці насамрэч ён так думае. Але малюе менавіта такую маніхейскую, чорна-белую карціну сьвету.

Больш за тое, паколькі баганосны беларускі народ проста па вызначэньні ня можа выступаць супраць палітыкі Лукашэнкі, то ўсе, хто хоча ягонага сыходу з пасады прэзыдэнта, — замежныя агенты. Мы даведаліся, што, аказваецца «мільярды кінутыя на дэстабілізацыю Беларусі». Вось і за гэтымі трыма «няшчаснымі дзяўчонкамі» нехта стаіць з-за мяжы, нейкія замежныя лялькаводы.

Адкуль? Хто? Ну, мусіць тыя, хто прыслаў сюды 33 вагнэраўцаў.

Што да ўласна праграмы. Тую палітыку, якую праводзіў дасюль, будзе працягваць і ў будучым. Ніякіх перамен, рэформаў ня будзе. «Ня трэба нічога прыдумляць», — кажа Лукашэнка. Трэба рабіць тое, што рабілі раней.

Адзіная канкрэтыка — абяцаньне росту заробкаў. За пяцігодку — удвая. Але нават не спрабуе патлумачыць, за кошт чаго. Маўляў, проста верце мне, і ўсё.

І галоўная выснова — уладу я не аддам. І апэляцыя да міліцыі, войска, намэнклятуры.

І, нарэшце, у канцы доўгія аплядысмэнты. Як у часы Сталіна. І ўсе глядзяць, хто першы спыніцца. Значыць, той менш адданы, ненадзейны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG