Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ціханоўская — беларуская Жанна д'Арк». Цапкала пра сябе і выбарчую кампанію. Інтэрвію для Свабоды з Кіева. ВІДЭА

абноўлена

Валер Цапкала
Валер Цапкала

Валер Цапкала, які сёлета балятаваўся ў кандыдаты на прэзыдэнта, але пасьля адмовы ў рэгістрацыі зьехаў спачатку ў Расею, а потым ва Ўкраіну, 4 жніўня адказвае на пытаньні Свабоды.

У жывым эфіры з кіеўскай студыі Свабоды Валер Цапкала рэагуе на заявы, зробленыя Аляксандрам Лукашэнкам у часе звароту да беларускага народу і парлямэнту, а таксама расказвае пра сваю ацэнку палітычнай сытуацыі і пляны на 9 жніўня.

Да таго Цапкала гутарыў з украінскай службай Свабоды:

Пасланьня Лукашэнкі не глядзеў

Валер Цапкала сказаў, што, «канечне», не глядзеў пасланьня Лукашэнкі да беларускага народу 4 жніўня — і глядзець не зьбіраецца.

«За 26 гадоў ужо дастаткова наслухаліся, — патлумачыў ён. — І галоўнае, што на найбольш балючыя запытаньні беларускага грамадзтва ён усё роўна там адказу ня дасьць».

Сярод пытаньняў, на якія ня дасьць адказу Лукашэнка, Цапкала называе прычыну адсутнасьці эфэктыўных прадпрыемстваў, у якія ўклалі 50 млрд даляраў; прычыну сьмерці сяла, у якое ўклалі яшчэ 50 млрд; прычыну продажу на рынках сельскагаспадарчай прадукцыі з Кітаю ці Польшчы; прычыну бясплатнай выдачы ўчасткаў зямлі сэрбскаму забудоўніку і іншае.

Лукашэнка таксама не адказаў на пытаньне, чаму 10 гадоў таму абяцаў заробак у 500 даляраў, дасягнуў такога — і цяпер сярэдні заробак зноў складае 450 даляраў, дадаў Цапкала. У Кітаі ж за гэты час сярэдні заробак вырас з 300 да 800 даляраў.

Заява Янчэўскага пра абарону фірмы Цапкалы ад перасьледу — «чухня», кажа Цапкала

Усевалада Янчэўскага, які цяпер кіруе Паркам высокіх тэхналёгій, Цапкала назваў «галоўным ідэолягам» Лукашэнкі. Цапкала заявіў, што Янчэўскі асабіста перасьледаваў расейскага апазыцыянэра Барыса Нямцова і займаўся кампраматам супраць яго.

Заяву Янчэўскага, што ён прасіў Лукашэнку не перасьледаваць фірму, зьвязаную з Цапкалам, сам Цапкала назваў «клясыкай лукашэнкаўскай палітыкі». Маўляў, «такую чухню абсалютна можна прыдумаць».

«Называеш, што нібыта была нейкая кампанія, нібыта штосьці там адбывалася — я не ўяўляю, што там за кампанія, я не ўяўляю, што там за крымінальная справа, я не разумею, пра што яны кажуць, бо яны не называюць ні імёнаў, ні часу, ні абвінавачаньняў, якія могуць быць выстаўленыя, — растлумачыў Цапкала. — Я з такім жа посьпехам мог сказаць, што Лукашэнка пайшоў у прэзыдэнты, бо скраў палову статка ў сваім калгасе, прадаў куды-небудзь ва Ўкраіну, а грошы паклаў сабе ў кішэню».

На заявы Лукашэнкі пра тое, што гэта ён стварыў Парк высокіх тэхналёгій, Цапкала адказвае пытаньнем, што ж менавіта зрабіў Лукашэнка.

«А калі ты зрабіў структуру, дзе ў нас за 10 гадоў сярэдні заробак стаў звыш 2000 даляраў, дык чаму ты не распаўсюдзіў усе ўмовы гаспадараньня, якія былі ў Парку высокіх тэхналёгій, на ўсю эканоміку Беларусі?» — завочна пытае Цапкала Лукашэнку.

Пра ўдзел у крымінальнай справе Марыніча «першы раз чуе»

Лідэр партыі БНФ Рыгор Кастусёў пісаў, што Цапкала ўдзельнічаў у дыскрэдытацыі Міхаіла Марыніча, які вылучаўся ў прэзыдэнты ў 2001 годзе. Цапкала назваў гэтую заяву лухтой: з Марынічам меў «цудоўныя» адносіны, абмяркоўваў зь ім мадэрнізацыю Беларусі, у канцы 1990-х запрашаў яго ў ЗША і вазіў у кампаніі Motorola і John Deere.

«Я наогул ні ў якіх ідэалягічных кампаніях дыскрэдытацыі ня браў удзелу, — заявіў Цапкала. — Я ня ведаю, адкуль Кастусёў гэта ведае і адкуль чэрпае гэтую інфармацыю. Я Кастусёва ня ведаю, дык адкуль ён можа ведаць, дзе ў чым я браў удзел?»

Цапкала дадаў, што ў гэтых пытаньнях Лукашэнка зь ім не дыскутаваў бы: «ён бы спужаўся, бо любіць маналёг».

«Усе людзі, хто ўставаў калісьці і нешта яму казаў, яны ўсе сышлі, іх больш няма, — дадае Цапкала пра Лукашэнку. — Засталіся толькі тыя, хто сядзіць і запісвае».

Сам паехаў у «турнэ» сустрэчаў з дыяспарай, дзеці — у сяброўкі жонкі пад Масквой

Валер Цапкала зь дзецьмі зьехаў зь Беларусі ў Маскву, заявіўшы пра «сыгналы» аб пагрозе затрыманьня і цікаўнасьці сілавікоў да дзяцей. 2 жніўня пацьвердзіў, што ён ужо ў Кіеве. Як расказаў Цапкала, дзеці засталіся ў сяброўкі ягонай жонкі ў Падмаскоўі, бо яму цяжка спыняцца разам зь імі ў «турнэ», у якім ён сустракаецца зь беларускай дыяспарай. З палітыкамі, сьцьвярджае ён, не сустракаецца: хіба з расейскімі дэпутатамі, якія не адносяцца да партыі «Единая Россия», каб паслухаць пра настроі ў Расеі, і з падобнымі дэпутатамі ва Ўкраіне.

«Цікавы момант: яшчэ гадоў 10 таму беларуская дыяспара і ва Ўкраіне, і ў Расеі ўсё ж была настроеная пралукашэнкаўска, цяпер я пабачыў, што гэта ўжо абсалютна ня так, — дадаў Цапкала. — І, напэўна, гэта зьвязана з тым, што вельмі шмат людзей зьяжджае зь Беларусі ў Расею, у тым ліку з эканамічных меркаваньняў. Хтосьці — праз пагрозу перасьледу па эканамічных артыкулах».

Калі ж Цапкала вёў агітацыю ў Віцебску, згадаў ён, сустракаў бізнэсоўцаў, якія зарэгістравалі прадпрыемствы ў Смаленску, бо баяцца весьці гаспадарчую дзейнасьць у Беларусі.

На чуткі пра тое, што яго падтрымліваў расейскі бізнэсовец Алішэр Усманаў, Цапкала пасьмяяўся: «канечне, не», зь ім не знаёмы. Ні на якае замежнае фінансаваньне, запэўнівае Цапкала, ён не абапіраецца — уклаў у кампанію 100 тысяч даляраў, частку якіх атрымаў з продажу дому.

Ва Ўкраіне Цапкала сустракаўся ў тым ліку з рэстаратарам (і цяпер відэаблогерам) Вадзімам Пракоп’евым, і з адміністратаркай суполкі «Хватит бояться», уладальніцай менскага бару Тацянай Мартынавай. Зь імі ён сфармуляваў агульную стратэгію (у тым ліку зварот да народу, праваахоўнікаў і арміі), хоча прадставіць яе аб’яднанаму штабу Ціханоўскай і каманды.

«Саюзная інтэграцыя» — часткова добра, часткова не працуе

Адносна дамовы аб «саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расеі Цапкала лічыць, што «трэба аддаць належнае яе эканамічнай і сацыяльнай частцы», бо «гэта выдатна, што мы маем агульны рынак — я хацеў бы ня толькі агульны рынак з Расеяй, я хацеў бы агульны рынак і дамову аб зоне вольнага гандлю мець і зь Вялікай Брытаніяй». Яму падабаецца і тое, што беларусы могуць вольна ўладкоўвацца на працу ў Расеі, а расейцы — у Беларусі, што беларусы і расейцы могуць атрымліваць на роўных умовах мэдычную дапамогу і адукацыю.

«У нас ёсьць блёк, які, з майго гледзішча, проста не працуе: гэта стварэньне адзінай дзяржавы, стварэньне адзінай валюты, — кажа Цапкала. — У прынцыпе, па-мойму, ён ня можа працаваць, бо эканомікі ў нас розныя».

Таксама Цапкала не разумее, як можа працаваць інтэграцыя судовых сыстэмаў. На думку Цапкалы, варта было б правесьці рэвізію «саюзнай дамовы», будаваць прагматычныя стасункі.

«Калі Расея прыме рашэньне заваяваць Беларусь, наўрад ці яе штосьці спыніць»

На пытаньне аб тым, ці ня бачыць Цапкала пагрозы для Беларусі з боку Расеі, маючы яскравы прыклад падзеяў ва Ўкраіне, ён адказаў:

«Разумееце, я ў дадзеным выпадку зноў жа прагматык. Я лічу, што калі Расея прыме рашэньне заваяваць Беларусь, наўрад ці яе штосьці спыніць. Некалькі дывізіяў суне — і я ня веру, што нашае войска здольнае справіцца ў збройным сэнсе з Расейскай Фэдэрацыяй. Роўна як я ня веру, што яно здольнае справіцца з NATO ці нават з Украінай, якая ў апошнія гады атрымала пэўны баявы досьвед, якая ў чатыры разы большая насельніцтвам і тэрыторыяй».

Пазыцыя Цапкалы, кажа ён, такая: Беларусь павінна выбудоўваць міралюбівыя адносіны з суседзямі, ня мець канфліктаў і ня мысьліць «у парадыгме „альбо-альбо“», а ствараць «пояс добрасуседзтва», каб забясьпечыць сувэрэнітэт.

Што рабіць простым беларусам у дзень выбараў?

«9 жніўня, людзі, прыходзьце, калі ласка, на выбарчыя ўчасткі, прагаласуйце за Сьвятлану Ціханоўскую, яна нашая беларуская Жанна д’Арк, — адказаў Цапкала на пытаньне аб тым, што рабіць беларусам з выбарамі. — Яна надзея на тое, што ў нас можа быць іншае жыцьцё, іншая краіна. Яна правядзе новыя выбары».

Пасьля перамогі Ціханоўскай, кажа Цапкала, будзе скліканы адмысловы сход, зацьверджаны часовы ўрад, у які ўвойдзе частка цяперашняга. На новыя выбары можна пусьціць і Лукашэнку:

«Хай Лукашэнка балятуецца таксама, хай прызнае справядлівыя выбары, хай правядзе — і не выступае перад прызначанымі чыноўнікамі, а ходзіць размаўляе зь людзьмі, ставіць пікеты, ходзіць па пад’ездах, расказвае, што зрабіў за 26 гадоў», — прапануе Цапкала.

Цапкала дапускае, што калі ў Беларусі людзі выйдуць бараніць свае галасы, ён вернецца на радзіму. Калі ж Лукашэнка «сфальсыфікуе і зацісьне», дарога ў Беларусь будзе закрытая, кажа Цапкала. Але пра гэта ён пакуль ня думае.

Цапкала нагадаў, што ў Канстытуцыі беларускі народ названы галоўнай крыніцай дзяржаўнай улады, таму можа выйсьці і выказаць стаўленьне «да кіраўніка, якому асабісты дабрабыт і асабістая ўлада важнейшая за думку народу».

Задача Ціханоўскай, рэзюмаваў Цапкала, — гэта «вярнуць беларусам магчымасьць выбіраць». Паводле яго, каманда Лукашэнкі ў 1994 годзе была ўпэўненая, што той затрымаецца на пасадзе на адзін ці два тэрміны, а пасьля будуць выбіраць новага прэзыдэнта. Беларусам трэба вярнуць нават «права памыляцца», дадае ён: «Адзін раз мы памыліліся з Лукашэнкам, павінна быць права гэта выправіць».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG