Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяцей выкарыстоўваюць як інструмэнт», — Мінадукацыі адказала на заявы Веранікі Цапкалы


Вераніка Цапкала
Вераніка Цапкала

Міністэрства адукацыі Беларусі 31 ліпеня пракамэнтавала словы Веранікі Цапкалы, што ўлады пачалі зьбіраць у школе інфармацыю пра яе дзяцей і пра яе як маці, і апасеньні сям’і Цапкалаў, што іх могуць «пазбавіць бацькоўскіх правоў».

Тацяна Малчанава, дырэктарка школы № 177, у якой вучацца сыны Цапкалаў, заявіла, што ў заканадаўстве ёсьць «дакладныя крытэры і паказьнікі», паводле якіх могуць ініцыяваць сацыяльнае расьсьледаваньне і адабраць дзяцей у бацькоў, і «пэўныя палітычныя погляды бацькоў» не зьяўляюцца такой прычынай, паведамляе БелТА.

«Засмучае той факт, што дзеці ў канкрэтнай сытуацыі выкарыстоўваюцца бацькамі як інструмэнт заваёвы бонусаў у пэўнай часткі насельніцтва краіны. Гучныя заявы Веранікі Цапкалы не адпавядаюць рэчаіснасьці і, на жаль, мяркую, траўмуюць саміх дзяцей, паколькі яны ўжо здольныя сьвядома ўспрымаць інфармацыю, разьмешчаную ў інтэрнэце», — сказала Малчанава і дадала, што з боку пэдагогаў не было пагрозаў, шантажу ці спробаў маніпуляваць дзецьмі.

Начальніца ўпраўленьня па адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёну Людміла Барысенка заявіла, што ўпершыню пачула, што нехта зьбіраецца адабраць дзяцей у Веранікі Цапкалы, у СМІ, і можа «адказна сьцьвярджаць, што зьвестак аб няшчасьці дзяцей, аб неналежным выкананьні бацькоўскіх абавязкаў мужам і жонкай Цапкала да нас не паступала».

Ва ўпраўленьні сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалягічнай працы Мінадукацыі запэўнілі, што органы апекі заўсёды разглядаюць працэс адабраньня дзяцей у бацькоў як крайнюю меру.

Раніцай 24 ліпеня стала вядома, што Валер Цапкала разам зь дзецьмі зьехаў з краіны. Ён патлумачыў такое рашэньне тым, што яго сябры ў праваахоўных органах папярэдзілі, што рыхтуецца яго арышт, а таксама тым, што ў школу, дзе вучацца ягоныя дзеці, прыйшлі прадстаўнікі пракуратуры і «пачалі ў настаўнікаў, завуча, дырэктара школы патрабаваць, каб тыя падпісвалі нейкія паперы ў дачыненьні да нашага дзіцяці».

Вераніка Цапкала выказала здагадку, што прадстаўнікі пракуратуры зрабілі гэта, каб потым «запусьціць працэс пазбаўленьня бацькоўскіх правоў». Пра гэта яна казала і на канцэрце-мітынгу ў парку Дружбы народаў у Менску 30 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG