Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вераніка Цапкала пра ад’езд мужа і дзяцей: «У нас не заставалася выбару, прынялі рашэньне за 5 хвілін»


Жонка Валера Цапкалы падзялілася падрабязнасьцямі ад’езду свайго мужа і дзяцей у Расею.

Вераніка Цапкала падчас свайго выступу ў Глыбокім на перадвыбарчым мітынгу Сьвятланы Ціханоўскай паведаміла, што рашэньне аб вывазе дзяцей і ад’езьдзе Валера Цапкалы было прынята за 5 хвілін.

«Я нарадзілася ў гэтай краіне, вырасла ў гэтай краіне. Мае дзеці хадзілі ў садок і ў школу ў гэтай краіне. Нам не даюць жыць у гэтай краіне, выганяюць з гэтай краіны», – сказала Вераніка Цапкала.

Вераніка Цапкала дадала, што яны не заклікаюць да крыві, да Майдану, а «проста хочуць жыць у сваёй краіне».

На мітынг Сьвятланы Ціханоўскай у Глыбокім сабралася каля тысячы чалавек у сярэдзіне працоўнага дня.

Былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Валер Цапкала зьехаў зь дзецьмі зь Беларусі ў Расею «у мэтах бясьпекі».

Пра гэта ён паведаміў расейскаму тэлеканалу «Дождь» 24 ліпеня. Ягоная жонка Вераніка засталася ў Беларусі. Былы кіраўнік прэс-службы Цапкалы Аляксей Урбан пацьвердзіў Свабодзе, што гэта сапраўды так.

Паводле Цапкалы, да яго «паступіла інфармацыя», што яго рыхтуюцца арыштаваць, таму ён зьехаў за мяжу. Яшчэ 29 чэрвеня Міністэрства ўнутраных справаў паведамляла, што ў ведамства паступілі матэрыялы пра «факты проціпраўнай дзейнасьці» Цапкалы, на падставе якіх праводзілася праверка.

Вераніка Цапкала паведаміла, што 22 ліпеня супрацоўнікі пракуратуры прыйшлі ў школу, дзе вучацца дзеці Валерыя і Веранікі Цапкалы і папрасілі настаўнікаў напісаць заявы, каб «запусьціць працэс пазбаўленьня бацькоўскіх правоў».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG