Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэцкі бізнэсовец кажа, што падаў заяву ў Генпракуратуру на Вераніку Цапкалу і яе сястру


Сэдат Ігдэджы
Сэдат Ігдэджы

Грамадзянін Беларусі, бізнэсовец турэцкага паходжаньня Сэдат Ігдэджы заявіў, што падаў заяву ў Генпракуратуру на Вераніку Цапкалу і яе сястру Натальлю Леанюк. Ён вінаваціць жанчын, што тыя пасобнічалі Валеру Цапкалу ў атрыманьні хабару.

24 чэрвеня Сэдат Ігдэджы падаў заяву ў Генпракуратуру аб проціпраўнай дзейнасьці Валера Цапкалы, якога Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў кандыдатам у прэзыдэнты.

Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў Генпракуратуры, заяву перадалі на праверку ў Міністэрства ўнутраных спраў. Вынікі праверкі пакуль невядомыя. Пра заяву на Вераніку Цапкалу і яе сястру інфармацыі ў прэс-службе Генпракуратуры пакуль няма.

Сэдат Ігдэджы кажа, што ў заяве паведаміў, што злачынства Валерам Цапкалам было ўчынена пры пасобніцтве Веранікі Цапкалы і Натальлі Леанюк.

Паводле Сэдата Ігдэджы, у ліпені 2013 году кіраўнік фірмаў «Седнат» і «Седат буд» па ягоным указаньні аплаціў пражываньне Валера Цапкалы і яго сям’і ў Ялце. Сэдат Ігдэджы сьцьвярджае, што ў VIP-залі аэрапорту Сымфэропаля па ўказаньні Валера Цапкалы ён перадаў яго жонцы Вераніцы хабар у 10 тысяч даляраў.

Грошы перадаваліся ў сувязі з будаўніцтвам аб’ектаў Парку высокіх тэхналёгій, дырэктарам адміністрацыі якога быў Валер Цапкала. Паводле бізнэсоўца, Вераніка Цапкала пра гэта ведала. У гэты ж дзень у якасьці хабару Сэдат Ігдэджы перадаў па ўказаньні Валера Цапкалы яшчэ 3500 даляраў Натальлі Леанюк.

Бізнэсовец сьцьвярджае, што наступным разам перадаў хабар у 15 тысяч даляраў Вераніцы Цапкале для перадачы мужу на месцы будаўніцтва іх дома па Цяплічным завулку ў Менску.

Таксама Сэдат Ігдэджы кажа, што згадаў у заяве рамонт кватэры Цапкалы, які каштаваў каля 8 тысяч даляраў. Рамонт, па словах Ігдэджы, рабілі супрацоўнікі фірмаў «Сэднат» і «Сэдат буд», а ўсе ўказаньні давала Вераніка Цапкала. Сэдат Ігдэджы лічыць, што Вераніка «ўсьведамляла, што выкананьне працаў зьяўляецца хабарам яе мужу».

Напрыканцы ліпеня жонку былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Валера Цапкалы, якая цяпер удзельнічае ў аб’яднаным штабе Сьвятланы Ціханоўскай — Вераніку Цапкалу і яе сястру выклікалі на допыт у МУС у справе супраць Валера Цапкалы па заяве Сэдата Ігдэджы аб проціпраўнай дзейнасьці Валера Цапкалы.

Радыё Свабода зьвярнулася ў штаб Валера Цапкалы з просьбай пракамэнтаваць інфармацыю ад Сэдата Ігдэджы.

«На Усходзе да сямʼі, маці і жанчыны асаблівае стаўленьне — відавочна, спадару Сэдату яно не ўласьцівае. Лягчэй за ўсё нападаць на жанчыну тады, калі яна засталася бяз мужавай падтрымкі і мужчынскага пляча побач. Мы ўспрымаем гэты новы віток хлусьні і бяздоказнага ціску як спробу зноў дыскрэдытаваць добрае імя Цапкалы, за гэтым акрамя жалюгоднага жаданьня папіярыцца на палітычным полі мы нічога больш ня бачым, роўна як і ня бачым ніякіх шанцаў», — сказаў карэспандэнту Свабоды кіраўнік прэс-службы Валера Цапкалы Аляксей Урбан.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG