Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваюцца перашкоды пікетам Ціханоўскай


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Улады працягваюць чыніць перашкоды правядзеньню перадвыбарчых пікетаў кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у розных гарадах Беларусі.

Як паведамілі Свабодзе чытачы, у Чэрвені, дзе на пляцоўцы каля мясцовага цэнтру, а 12-й плянаваўся пікет давераных асобаў Сьвятланы Ціханоўскай, узяліся перакладаць плітку.

Адразу пасьля 12.00 падышла міліцыя, пачала здымаць усіх прысутных на відэа і разганяць іх. Міліцыянты сказалі, што мітынг не санкцыянаваны, і прыгразілі арыштам.

Чэрвень 4 жніўня, перад правядзеньнем пікету ў падтрымку Ціханоўскай
Чэрвень 4 жніўня, перад правядзеньнем пікету ў падтрымку Ціханоўскай

У Дзяржынску на месцы, дзе мусіў праходзіць перадвыбарчы пікет, арганізавалі картынг, расказала на відэа давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай Максім Фралоў, які зьбіраўся праводзіць пікет у Дзяржынску замест іншай даверанай асобы Ціханоўскай, Валянціна Троцкага, якога арыштавалі 2 жніўня.

Максіму Фралову сказалі, што калі Валянцін Троцкі падаваў заяўку на правядзеньне пікету, ён і павінен яго праводзіць. Але згодна з арт. 45.1 Выбарчага кодэксу пікет можа праводзіць любая з давераных асобаў, сьцьвярджае Фралоў.

Ён пазваніў у мясцовы выканкам, там паабяцалі высьветліць, хто даў дазвол на арганізацыю картынгу на месцы, дзе павінны былі праводзіць пікет. Фралову сказалі сказалі, што людзі ня могуць зьбірацца, бо гэта будзе несанкцыянаваны мітынг, хоць заяўку на правядзеньне мітынгу каманда Ціханоўскай падала больш за тыдзень таму.

У Мядзеле, дзе 4 жніўня павінна была адбыцца сустрэча з ініцыятыўнай групай Ціханоўскай, «на рамонтныя работы» закрылі стадыён, дзе плянавалася правядзеньне перадвыбарчага пікету.

Міліцыянт паведаміў, што сустрэча не адбудзецца і сход людзей будзе несанкцыянаваным.

У Салігорску таксама спрабуюць сарваць мітынг за Ціханоўскую. На ўезьдзе да стадыёна «Будаўнік», дзе павінен быў прайсьці пікет, экскаватары капаюць зямлю. Нібыта будуць рамантаваць нейкую прыбіральню, паведамляе тэлеграм-канал Nexta Live.

У выніку Сьвятлана Ціханоўская адмяніла заплянаваны на 4 жніўня мітынг у Салігорску. Відэа з тлумачэньнямі прадстаўніцы штабу Ціханоўскай Вольгі Кавальковай апублікавалі на тэлеграм-канале «Страна для жизни».

У Слуцку яшчэ з раніцы на пляцоўку, дзе павінен быў адбыцца пікет Сьвятланы Ціханоўскай з удзелам прадстаўніц аб’яднаных штабоў Веранікі Цапкалы і Марыі Калесьнікавай, падагналі тэхніку — аўтавышкі, палівальную машыну і трактар, а таксама агарадзілі невялікую пляцоўку турнікетам.

У апошні момант, калі людзі ўжо сабраліся, мітынг адмянілі. Пасьля паведамленьня аб адмене мітынгу на пляцоўцы зьявіліся супрацоўнікі АМАПу, якія пачалі затрымліваць грамадзян.

3 жніўня ў Стоўбцах улады сарвалі сустрэчу Ціханоўскай з выбарнікамі, прыгнаўшы будаўнічую тэхніку на мясцовы стадыён: там нібыта здарылася аварыя.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG