Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паехаў на рынак у шортах і зьнік», — маці затрыманага ў Беларусі паліттэхноляга Віталя Шклярава


Віталь Шкляраў
Віталь Шкляраў

У Гомлі затрымалі вядомага паліттэхноляга Віталя Шклярава, паведаміў вечарам 29 ліпеня тэлеканал АНТ. А 18 гадзіне ў тэлеграм-канале самога Шклярава зьявілася кароткае паведамленьне: «Арыштавалі»​. Пра абставіны затрыманьня Свабодзе расказала ягоная маці Ніна Шклярава.

Віталь Шкляраў стала жыве ў ЗША. Цяпер быў у Беларусі, бо ў Гомлі жывуць яго бацькі.

«Ён паехаў учора на рынак непадалёк ад дому, у шортах і футболцы — і зьнік. Яго схапілі, з Гомля распранутага завезьлі ў Менск. Толькі вечарам мне патэлефанавалі, што ён затрыманы! Я ноч ня спала, я не разумею — у чым справа? Калі ён паліттэхноляг, то што? Што ён мог зрабіць благога? Ён нікуды ня ўвязваўся, інтэрвію ў яго ўсе стрыманыя... Я выхавала такога добрага, талковага, адукаванага сына — і цяпер пад старасьць гадоў так павінна перажываць?» — плача маці Віталя.

Яна лічыць, што сын ня рабіў аніякага злачынства ці правапарушэньня.

«У яго нейкае злачынства? Яны проста баяцца яго! Я не разумею, у якой дзяржаве мы жывём! У мяне няма слоў. Гэта проста жах», — дадала маці.

У сюжэце АНТ са спасылкай на вэрсію спэцслужбаў расказалі, што Шкляраў кансультаваў адміністратара груп у розных сацыяльных сетках, аб’яднаных агульнай назвай «Страна для жизни». У чэрвені, у інтэрвію Свабодзе, Шкляраў зьняпраўдзіў, што зьяўляецца паліттэхнолягам Ціханоўскага.

Беларус Віталь Шкляраў працаваў у выбарчых кампаніях Барака Абамы, Бэрні Сандэрса, Ксеніі Сабчак і грузінскай апазыцыі. Ён стала жыве ў ЗША.

Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG