Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыбярыце Ціханоўскага і пастаўце любога, будзе тое самае». 15 цытатаў арыштаванага паліттэхноляга Шклярава


Віталь Шкляраў

У сераду ў Гомлі затрымалі паліттэхноляга Віталя Шклярава. На тэлеканале АНТ заявілі, што ён здолеў мабілізаваць вакол Сяргея Ціханоўскага пратэставы электарат.

У чэрвені Віталь Шкляраў, які жыве і працуе ў ЗША, даў вялікае інтэрвію Радыё Свабода. Ён, сярод іншага, зьняпраўдзіў інфармацыю, што зьяўляецца паліттэхголягам Ціханоўскага. Вось падборка некаторых цытатаў са згаданай гутаркі.

  • Я нават пальцам не варухнуў, каб яму дапамагчы. Чалавек проста езьдзіць і размаўляе зь людзьмі. Для Беларусі гэта анамалія, а любая анамалія заўсёды выклікае кансьпіралёгію.
  • Чаму стрэлілі менавіта словы Ціханоўскага? Проста час. Часткова гэты час абумоўлены каранавірусам і самай цяжкой сытуацыяй Беларусі ў гісторыі. Мы больш за ўсіх уразьлівыя ад прывязкі да Расеі. Мы найбольш за часы сваёй гісторыі цярпім ад эканамічнага крызісу і беспрацоўя. Мы больш, чым калі-небудзь раней, сутыкаемся зь недаверам людзей да палітыкі Лукашэнкі, які ўжо вельмі доўга ва ўладзе. Гэтыя фактары ключавыя.
  • Галоўны паліттэхноляг Ціханоўскага — Лукашэнка. Адміністрацыя прэзыдэнта, якая ня ўмее працаваць і 26 гадоў дзейнічае аднолькава, зрабіла ўсё для таго, каб зьявіўся Ціханоўскі. Яны зрабілі ўсё, каб гэтыя людзі стаялі па 3 гадзіны ў кілямэтровай чарзе, каб паставіць подпіс за Ціханоўскага.
  • Прыбярыце Ціханоўскага і пастаўце Пятрова ці Сідарава, усё будзе такое самае. Ціханоўскі проста стаў вастрыём дзіды. Ён стаў тым чалавекам, які ўвасабляе рух, які нікуды ня дзенецца.
  • Ужо, на шчасьце, не 50-я гады, ужо ўсіх не пасадзіш. Ужо нельга схаваць нешта, як удавалася раней, бо ў кожнага тэлефон. Кожны можа зьняць відэа і стаць СМІ, тэлеканалам і журналістам у адной асобе.
  • Менавіта сустрэчы зь людзьмі — гэта і ёсьць той маркер, які дазваляе табе зразумець, сапраўдны кандыдат ці не. Калі табе людзі задаюць пытаньні, а ты трымаеш удар.
  • Праблема Лукашэнкі ў тым, што яго каманда не разумее, што такімі паводзінамі яны толькі дадаюць Ціханоўскаму сілы, а людзям настойлівасьці, а ўсяму руху — больш сапраўднасьці. А ў выніку — больш посьпеху.
  • У аўтарытарных уладаў вельмі часта кіраўнікі акружаюць сябе людзьмі, якія баяцца гаварыць або ня хочуць. Бо іх могуць звольніць або пасадзіць. І вось тады пачынаецца вакуўм, калі ўсе кажуць тое самае, які ты, маўляў, цудоўны. Тады адбываецца вельмі небясьпечнае — лідэр страчвае сувязь з рэальнасьцю.
  • З усіх кандыдатаў больш за ўсё падобны да Лукашэнкі Бабарыка. І ён — самы моцны ўдар па сыстэме Лукашэнкі.
  • У Лукашэнкі неверагодныя рэсурсы: сілавікі, махіна ўлады, грошы, эфір — і адзін маленькі Ціханоўскі. Ды дапусьці ты яго на выбары, перамажы і спусьці ўсю пару. Дапусьцім, я цяпер Лукашэнка. Чаго мне баяцца? Гэта тое самае, каб я цяпер са сваім 8-гадовым сынам выйшаў бы на рынг. Чаго мне баяцца, калі мы ў абсалютна розных вагавых катэгорыях?!
  • Тая грамадзкая дамова, што я, маўляў, гарантую вам стабільнасьць, — заканчваецца. Гэта 20 гадоў быў канёк Лукашэнкі. Людзі шмат гадоў закрывалі вочы на тое, што ў краіне няма выбараў, бо Лукашэнка штосьці ім забясьпечваў. Дзяржава выплачвала пэнсіі і субсыдыявала эканамічна нявыгадныя прадпрыемствы. Але гэты кантракт парушыўся.
  • Відаць, што Лукашэнка больш ня ўмее дамаўляцца з Пуціным. І прычына мала каму цікавая, бо ён проста ўжо ня здольны.
  • Нават Лукашэнка, я ўпэўнены, хоча Беларусі найлепшага. Але падыходы розныя. Ягоны аўтамабіль састарэў. Тэлевізар з рубільнікам і дзьвюма праграмамі скончыўся. Ужо ёсьць вадкакрышталічныя дысплэі.
  • Уявіце сабе мужа і жонку, якія 26 гадоў разам і развучыліся чуць адно аднаго. Жонка хоча солі, а вы даяце ёй цукар. Яна хоча спаць, а вам хочацца чытаць. Ці будзе такі саюз доўгім? Не. Вы будзеце сварыцца, будуць бойкі і развод. Вось цяпер і ёсьць мардабой, сваркі і развод. Пачаўся адваротны адлік, гэта падзеньне.
  • Лукашэнка жыве ў «турме» 26 гадоў, зразумела, што ў яго свой погляд, часткова сфармаваны яшчэ ў юнацтве, калі ён жыў стэрэатыпамі ў адпаведны час. Ён, як і любы іншы прэзыдэнт, закансэрваваўся. У яго час на плошчы можна было забраць любога ў «варанок», і нічога б ня здарылася. Але ж не ў 2020 годзе. Цяпер ужо праз 10 сэкундаў пра гэта можа ведаць увесь сьвет.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG