Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узрост кандыдатаў. Як старэў Лукашэнка і маладзелі ягоныя канкурэнты. ІНФАГРАФІКА


Узрост Аляксандра Лукашэнкі і ягоных апанэнтаў на прэзыдэнцкіх выбарах
Узрост Аляксандра Лукашэнкі і ягоных апанэнтаў на прэзыдэнцкіх выбарах

У 1994 годзе 39-гадовы Аляксандар Лукашэнка быў самым маладым кандыдатам у прэзыдэнты. Ён выкарыстоўваў гэта ў агітацыі: «Маладое пакаленьне выбірае Лукашэнку», «Эра сямідзесяцігадовых кіраўнікоў завяршаецца. Беларусь мае патрэбу ў новых людзях і новай палітыцы». У 2020 годзе 65-гадовы Лукашэнка — найстарэйшы з кандыдатаў.

Тады, калі Лукашэнка выступаў супраць «сямідзесяцігадовых», 55-гадовы Мечыслаў Грыб толькі зьмяніў на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету 59-гадовага Станіслава Шушкевіча — а да ўвядзеньня пасады прэзыдэнта першай асобай дзяржавы быў якраз старшыня Вярхоўнага Савету.

Свабода параўнала ўзрост кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах 1994, 2001, 2006, 2010, 2015 і 2020 гадоў. Бралася колькасьць поўных гадоў на асноўны дзень галасаваньня. Улічваліся толькі кандыдаты, якія трапілі ў бюлетэні для галасаваньня (або маюць трапіць у 2020-м).

На выбарах 2001 году 51-гадовыСямён Домаш набраў дастатковую колькасьць подпісаў за вылучэньне і быў зарэгістраваны кандыдатам, але зьняўся з выбараў на карысьць Уладзімера Ганчарыка. Калі б ён ня зьняўся, сярэдні ўзрост апанэнтаў Лукашэнкі на тых выбарах зьнізіўся з 54 да 53 гадоў.

У 2020 годзе 55-гадовы Валер Цапкала і 56-гадовы Віктар Бабарыка здалі ў Цэнтральную выбарчую камісію звыш 100 тысяч подпісаў за іх вылучэньне. Ды ім адмовілі ў рэгістрацыі: Бабарыку зьвінавацілі ў неадпаведнасьці дэклярацыі фактычным даходам і ўдзелу замежнай арганізацыі ў ягонай кампаніі, Цапкалу — у недастатковай колькасьці сапраўдных подпісаў і недакладных зьвестках у дэклярацыі жонкі. Калі б іх усё ж зарэгістравалі, сярэдні ўзрост апанэнтаў Лукашэнкі падвысіўся б з 38,5 года да 41,17 года.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG