Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фатафакт: на адміністрацыйным судзе над сынам журналісткі БелаПАН усе месцы занялі супрацоўнікі АМАПу


У залі суду па адміністрацыйнай справе Юрыя Германовіча
У залі суду па адміністрацыйнай справе Юрыя Германовіча

28 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля працягваецца разгляд адміністрацыйнага пратаколу, складзенага на 18-гадовага гомельца Юрыя Германовіча, расказвае Naviny.by. Працэс вядзе судзьдзя Алеся Осіпава

Юры — сын карэспандэнткі БелаПАН Алены Германовіч і журналіста «Комсомольской правды в Белоруссии» Паўла Міцкевіча. Маладога чалавека затрымалі раніцай 3 ліпеня за тое, што, як напісана ў пратаколе, «з хуліганскімі намерамі, назойліва чапляўся да грамадзян, хапаў іх за рукі, перашкаджаў іх свабодзе перамяшчэньня, чым напалохаў іх».

Юры Германовіч усё адмаўляе.

«Мяне даставілі ў ІЧУ. Там незнаёмы супрацоўнік міліцыі сказаў, што мяне выпусьцяць з ІЧУ, калі мае бацькі, а яны журналісты, ня будуць нічога пісаць. А калі яны будуць пісаць, то мяне пасадзяць на два гады», – расказаў на першым пасяджэньні суду Юры Германовіч.

Сёньня ў суд прыйшлі сябры і знаёмыя Юрыя Германовіча і яго бацькоў, але ў залю пасяджэньня трапіць не змаглі, таму што ўсе месцы занялі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным.

Адвакат Сяргей Красноў лічыць, што такім чынам на ягонага падабароннага аказваецца псыхалягічны ціск.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG