Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі пачаўся суд над сынам журналістаў, якога АМАП затрымаў па дарозе на пляж


Ілюстрацыйнае фота

20 ліпеня суд Цэнтральнага раёну Гомля пачаў разгляд адміністрацыйнага пратаколу, складзенага ўчастковым Цэнтральнага РАУС Крачэнкі на 18-гадовага гомельца Юрыя Германовіча. Працэс вядзе судзьдзя Алеся Осіпава, піша БелаПАН.

Згодна з пратаколам, раніцай 3 ліпеня малады чалавек «з хуліганскіх намераў, назойліва чапляўся да грамадзян, хапаў іх за рукі, перашкаджаў ім свабодна перамяшчацца, чым напалохаў іх». Рапарт, на падставе якога складзены пратакол, напісаў супрацоўнік АМАП Яўген Архіпенка.

У ходзе паказаньняў у судзе Юры Германовіч не прызнаў сваёй віны і паведаміў, што раніцай 3 ліпеня ішоў зь сябрам на пляж ракі Сож. На вуліцы Працоўнай да іх падышлі двое незнаёмых у цывільным, мімаходам паказалі нейкае пасьведчаньне і агледзелі іхныя рэчы. Яны правялі маладых людзей у мікрааўтобус, у якім знаходзіліся іншыя супрацоўнікі АМАПу, а затым адвезьлі іх у Цэнтральны РАУС.

«Нам ніхто не тлумачыў прычыны затрыманьня. У Цэнтральным РАУС мне сказалі, што на мяне трэба скласьці пратакол. Я не рабіў ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў... Мяне даставілі ў ІЧУ. Там незнаёмы супрацоўнік міліцыі сказаў, што мяне выпусьцяць з ІЧУ, калі мае бацькі, а яны журналісты, ня будуць нічога пісаць. А калі яны будуць пісаць, то мяне пасадзяць на два гады», — расказаў на судзе Германовіч.

Хлопец вучыцца ў музычным каледжы, на лета ўладкаваўся на працу, да гэтага часу ні разу не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці.
Да яго бацькоў — журналісткі БелаПАН Алены Германовіч і журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Паўла Міцкевіча раней прыяжджалі супрацоўнікі міліцыі, праводзілі «прафіляктычныя гутаркі» аб недапушчальнасьці парушэньня заканадаўства. Журналісты лічаць, што, перасьледуючы сына, які не рабіў ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў, міліцыя чыніць ціск на іх.

«Няма грамадзян, пакрыўджаных, спалоханых, якіх Юра нібыта хапаў за рукі, — заявіла ў судзе Алена Германовіч. — Няма відэазапісу — судзьдзя адмовілася далучаць яго да справы. А менавіта на відэазапісе з камэр назіраньня было б добра відаць, было ўчынена правапарушэньне ці не. На судзе прагучала сапраўдная прычына затрыманьня майго сына. Бацька непаўналетняга Ігара Мацюшкіна, затрыманага разам з нашым сынам, прад’явіў запіс тэлефоннага званка. Там добра чуваць, што ўчастковы кажа: »Вашага сына забраў АМАП, ён у нас. Але нічога страшнага. Ён проста ішоў побач з таварышам, ну трошкі такім, з апазыцыйнымі схільнасьцямі«. Дык гэта сапраўдная прычына затрыманьня, выходзіць?»

На судзе сьведка, 15-гадовы Ігар Мацюшкін, пацьвердзіў паказаньні Юрыя Германовіча. Ён зазначыў, што зь ім у Цэнтральным РАУС праводзілі гутарку і пісьмовае апытаньне. Але ў справе гэтага апытаньня няма. Міліцыя ня мела права праводзіць апытаньне хлопца без прысутнасьці законных прадстаўнікоў.

І Юры Германовіч, і бацька Ігара Мацюшкіна падалі заявы ў пракуратуру на незаконнае затрыманьне.

Наступнае пасяджэньне адбудзецца 28 ліпеня. Судзьдзя выклікала сьведак — супрацоўнікаў АМАПу, але адхіліла хадайніцтва адваката далучыць да справы запісы камэр назіраньня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG