Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International зьвярнулася да міністра ўнутраных спраў Беларусі


Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International пачала збор подпісаў пад пэтыцыяй да міністра ўнутраных спраў Беларусі, паведамляе яе афіцыйны сайт.

Дакумэнт, у прыватнасьці, заклікае кіраўніка сілавога ведамства Юрыя Караева спыніць гвалт у адносінах да мірных дэманстрантаў і журналістаў; забяспечыць, каб выконваліся правы на свабоду сходаў і слова; зрабіць так, каб усіх супрацоўнікаў органаў правапарадку можна было ідэнтыфікаваць па імені ці асабовым нумары.

«Людзей па ўсім сьвеце глыбока ўсхвалявалі рэпартажы зь Беларусі, дзе расказвалася пра жорсткае задушэньне мірных пратэстаў. Сотні людзей, у тым ліку выпадковых мінакоў, арыштоўвалі з ужываньнем празьмернай сілы, у многіх выпадках затрыманых саджалі у машыны без апазнавальных знакаў людзі ў цывільным», — гаворыцца ў пэтыцыі Amnesty International на імя міністра ўнутраных спраў Беларусі.

Паводле зьвестак беларускіх праваабаронцаў, ад пачатку прэзыдэнцкай кампаніі ў краіне зафіксавана 1140 выпадкаў адвольнага затрыманьня. Некаторых адпусьцілі без складаньня пратаколаў, але сотні беларусаў прыцягнулі да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG