Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Расеі: Эўразьвяз умешваецца ў справы Беларусі


Марыя Захарава, архіўнае фота

Ініцыяванае Брусэлем прыняцьце рэзалюцыі Рады правоў чалавека ААН (РПЧ) аб Беларусі — гэта ўмяшаньне ва ўнутраныя справы дзяржавы перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Пра гэта заявіла на брыфінгу ў чацьвер афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава, паведамляе ТАСС.

«Хацелі б асобна спыніцца на прыняцьці РПЧ з падачы Брусэлю рэзалюцыі аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні надыходзячых 9 жніўня выбараў прэзыдэнта краіны, — сказала Захарава. — На фоне бесьперапыннага патоку абвінавачваньняў з боку заходніх партнэраў аб нібыта расейскім сьледзе ў выбарах у іхных краінах, прычым усё гэта, як заўсёды, бяздоказна, выклікае зьдзіўленьне тое, што як належнае ўспрымаецца ўласнае, рэальнае, а ня ўяўнае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы праз ініцыяваньне такіх рашэньняў Рады. Мы лічым такі падыход недапушчальным».

Паводле яе, абмежаваньні, уведзеныя ў сыстэме ААН праз пандэмію, паўплывалі на працу 44-й сэсіі Рады правоў чалавека ў Жэнэве: дэлегацыі са сталіц ня ўдзельнічалі ў пасяджэньнях.

«Мы вымушаныя канстатаваць, што сэсія таксама прадэманстравала няздольнасьць заходніх краінаў, разьвітых эканомік перад тварам такіх глябальных выклікаў, якім стаў COVID-19, падняцца над сваімі каньюнктурнымі памкненьнямі і праявіць салідарнасьць, выбраўшы замест гэтага шлях канфрантацыі, — падкрэсьліла афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ.

Яна адзначыла «крайнюю палітызаванасьць і эмацыйны характар» дыскусій на сэсіі аб сытуацыі ў шэрагу краін, у тым ліку і ў Беларусі.

Як адзначыла Захарава, «так званыя разьвітыя дэмакратыі скарысталіся арганізацыйнымі абмежаваньнямі для прасоўваньня свайго тлумачэньня мэтаў і прынцыпаў Статуту ААН, а таксама сваіх супярэчлівых канцэпцый, якія не знайшлі належнага адлюстраваньня ў міжнародным праве».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG