Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беспрэцэдэнтны ўзровень ціску». Праваабаронцы заявілі, што выбары ў Беларусі праходзяць у атмасфэры гвалту 


Затрыманьні 15 ліпеня
Затрыманьні 15 ліпеня

Беларускія ўлады дэманструюць «беспрэцэдэнтны ўзровень ціску на ўдзельнікаў сёлетняга выбарчага працэсу», заявілі аўтары тыднёвай справаздачы кампаніі назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Паводле праваабаронцаў, у Беларусі ўжо 25 палітвязьняў, большасьць зь якіх звязаныя з удзелам у выбарчай кампаніі: прэтэндэнты ў кандыдаты, кіраўнікі і сябры ініцыятыўных групаў, блогеры.

Працягваецца судовы перасьлед удзельнікаў акцый салідарнасьці, якія праходзілі ў Менску і рэгіёнах, адзначаецца ў справаздачы.

«Непрапарцыйна жорсткія дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў затрыманьні мірных грамадзянаў толькі за факт знаходжаньня iх на вуліцах справакавалі рэакцыю ў адказ, у тым ліку з ужываньнем сілы ў дачыненьні да прадстаўнікоў сілавых органаў, што прывяло да завядзеньня крымінальных спраў», — гаворыцца ў дакумэнце.

Праваабаронцы канстатуюць, што падача скаргаў і зваротаў па-ранейшаму застаецца неэфэктыўным сродкам абароны парушаных выбарчых правоў як асобаў, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзыдэнты, так і іншых удзельнікаў выбараў і назіральнікаў.

У справаздачы за мінулы тыдзень таксама паведамляецца, што прадстаўнікі міжнародных арганізацый і ўрадаў замежных краін выказалі занепакоенасьць адмовай у рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў некаторых прэтэндэнтаў, рэпрэсіямі супраць апазыцыйных палітыкаў, масавымі затрыманьнямі на мірных акцыях.

Упершыню за гісторыю незалежнай Беларусі прадстаўнікі Бюро АБСЭ ў дэмакратычных інстытутах і правах чалавека ня будуць назіраць за выбарамі. Гэта ўскладніць і без таго праблематычны падлік галасоў, канстатуюць назіральнікі.

Кампанію «Праваабаронцы за свабодныя выбары» праводзяць праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG