Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія ўлады адмовіліся паляпшаць месцы для агітацыі на выбарах прэзыдэнта


Пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Менску 19 ліпеня
Пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Менску 19 ліпеня

Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» зьвярнуліся ў Менскі гарвыканкам з заявай пра неабходнасьць зьмяніць рашэньне аб месцах для агітацыі.

Як адзначае назіральнік Аляксей Лойка, падставай паслужыла істотнае пагаршэньне ўмоваў для правядзеньня агітацыі ў найбуйнейшым Фрунзэнскім раёне Менску.

У параўнаньні з аналягічным рашэньнем падчас выбарчай кампаніі 2015 году колькасьць месцаў для сходаў у памяшканьнях скарацілі з 54 да 8, колькасьць стэндаў для разьмяшчэньня агітацыйных матэрыялаў зьменшылі з 61 да 21.

Для правядзеньня агітацыйных мітынгаў і пікетаў наогул выдзелена толькі адно месца — стары Тучынскі сквэр. Ён непрыдатны для сходаў больш за 1000 чалавек, таму што там вадаём і шмат дрэваў.

Намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран адказаў кампаніі, што «рашэньне аб вызначэньні месцаў для агітацыі не зьмяшчае прынцыпова новых падыходаў да прававога рэгуляваньня ў гэтай сфэры грамадзкіх адносінаў».

Такім чынам, улады адмовіліся пераглядаць рашэньне аб вызначэньні месцаў для агітацыі і пакінулі усё, як ёсьць.

Аляксей Лойка зьвярнуўся ў суд Маскоўскага раёну Менска са скаргай на адказ Менгарвыканкаму.

«Адзінае месца для агітацыі на паўмільённы раён робіць немагчымым захаваньне прынцыпу роўнасьці. У выпадку апавяшчэньня Менгарвыканкаму аб тым, што два кандыдаты плянуюць перадвыбарчы мітынг у адзін і той жа час у Тучынскім сквэры, правядзеньне мітынгу будзе арганізоўвацца паводле прынцыпу чаргі, што супярэчыць прынцыпу роўнасьці кандыдатаў у прэзыдэнты», — тлумачыць назіральнік.

Як адзначыў Аляксей Лойка, ён вырашыў зьвярнуцца ў суд, у тым ліку каб праверыць, ці даступная судовая праверка для ўдзельнікаў выбарчага працэсу.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG