Цэнтарвыбаркам зарэгістраваў давераных асобаў кандыдатаў у прэзыдэнты.
У Аляксандра Лукашэнкі 30 давераных асобаў. Як вынікае са сьпісу, найбольш масава прадстаўлены ў ім Савет Рэспублікі на чале з Натальляй Качанавай.
Акрамя яе, дапамагаць Лукашэнку заступіць на шосты прэзыдэнцкі тэрмін выказалі жаданьне «сэнатары» Дзьмітры Варанюк (першы сакратар ЦК БРСМ), Каліна Капуцкая (дырэктарка СШ № 14 Маладэчна), Ігар Каско (галоўны лекар Магілёўскай абласной дзіцячай лякарні), Алег Румо (дырэктар Менскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі), Анатоль Шчасны (рэктар Віцебскага дзяржаўнага мэдунівэрсытэту), Аляксандар Шышко (старшыня сельгаскаапэратыву «Азёры» Горадзенскага раёну), Андрэй Іванец (галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук), Аляксандар Ляхаў (кіраўнік «Беларуснафты»), Іван Галаваты (гендырэктар «Беларуськалію»).
З Палаты прадстаўнікоў у давераныя асобы Лукашэнкі запісаліся яе кіраўнік Уладзімер Андрэйчанка, дэпутаты Алег Гайдукевіч і Іван Гардзейчык.
Шырока прадстаўлены чыноўнікі: старшыня Браслаўскага раённага савету дэпутатаў Ніна Пучынская, намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан, старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук, старшыня канцэрну «Беллегпрам» Тацяна Лугіна.
Фігуруюць у сьпісе кіраўнікі навучальных устаноў і дзяржаўных прадпрыемстваў. Дзяніс Дук (Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт), Ірына Кітурка (Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт), Юры Кулажанка (Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту), Надзея Лазарэвіч («Бабруйскаграмаш»), Уладзімер Лук’янаў (агракамбінат «Дзяржынскі»), Алег Жыдкоў (кандытарская фабрыка «Спартак»).
Ад спартоўцаў у складзе давераных асобаў намесьнік старшыні Беларускай фэдэрацыі гандболу алімпійскі чэмпіён Андрэй Барбашынскі, які таксама ўзначальвае замежнае прадпрыемства Belabedding. Таксама сярод давераных асобаў Усевалад Янчэўскі, які заняў дырэктарскую пасаду замест заснавальніка Парку высокіх тэхналёгій і забракаванага кандыдата ў прэзыдэнты Валера Цапкалы.
Таксама ў сьпісе старшыня назіральнай рады Беларускага камітэту моладзевых арганізацый Вадзім Баравік, салістка гурту Aura Юлія Быкава, старшыня Беларускага саюзу журналістаў і вядоўца БТ Андрэй Крывашэеў, начальнік Берасьцейскай памежнай групы Ігар Гутнік, галоўны доктар Менскай абласной дзіцячай клінічнай лякарні Дзьмітры Зайцаў.