Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без Бабарыкі, але зь Ціханоўскай. Што адбылося і чаго чакаць ад выбараў


Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі Андрэй Дзьмітрыеў, Ганна Канапацкая, Аляксандар Лукашэнка, Сьвятлана Ціханоўская і Сяргей Чэрачань (зьлева направа)
Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі Андрэй Дзьмітрыеў, Ганна Канапацкая, Аляксандар Лукашэнка, Сьвятлана Ціханоўская і Сяргей Чэрачань (зьлева направа)

Чаму Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты, а Ціханоўскую зарэгістравалі? Якой рэакцыі грамадзтва можна чакаць? Ці магчымы зараз байкот? Ці дзейнічае прынцып – хто заўгодна, абы не Лукашэнка – адносна Дзьмітрыева і Чэрачаня?

Абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык.

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі правяла 14 ліпеня паседжаньне, на якім разглядала рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты. Да збору подпісаў дапусьцілі 15 ініцыятыўных групаў, ды толькі 7 зь іх пасьля заканчэньня збору подпісаў прэтэндавалі на рэгістрацыю. Зарэгістравалі пяць кандыдатаў.

  • Аляксандра Лукашэнку,
  • Сьвятлану Ціханоўскую,
  • Ганну Канапацкую,
  • Андрэя Дзьмітрыева
  • Сяргея Чэрачня.

Сябры камісіі адзінагалосна выказаліся за нерэгістрацыю Віктара Бабрыкі і Валера Цапкалы.

Экспрэс-аналіз. Галоўнае

Юры Дракахруст:

  • Яшчэ нядаўна некаторыя аглядальнікі выказвалі меркаваньне, што Бабарыку зарэгіструюць — і таму, што Лукашэнку трэба паказаць, што ён перамог моцнага суперніка, і каб Захад не злаваць. Тым ня менш, Бабарыку не зарэгістравалі. Прычым з даволі камічнай фармулёўкай — спачатку спадарыня Ярмошына вываліла абвінавачваньні з гэтымі мільёнамі, але потым сказала, што гэта не галоўнае, а галоўнае, што члены ягонай каманды, супрацоўнікі банку, карысталіся карпаратыўнымі тэлефонамі, а гэта ёсьць дапамога іншай дзяржавы, паколькі на 99% банк расейскі.

Валер Карбалевіч:

  • Бабарыку і Цапкалу не зарэгістравалі таму, што яны былі самымі моцнымі канкурэнтамі Лукашэнкі. І калі б у Беларусі былі сапраўды свабодныя выбары, дык па маіх адчуваньнях, Лукашэнка ня выйшаў бы ў другі тур, выйшлі б Бабарыка і Цапкала.
    Прадстаўнікі Віктара Бабарыкі Максім Знак (зьлева), Марыя Калесьнікава, Ільля Салей пасьля паседжаньня ЦВК
    Прадстаўнікі Віктара Бабарыкі Максім Знак (зьлева), Марыя Калесьнікава, Ільля Салей пасьля паседжаньня ЦВК
  • Мне было відавочна, што Бабарыку не зарэгіструюць, як толькі яго пасадзілі за краты. І было ясна, што Лукашэнка ахвяруе іміджам кандыдата, які ўсіх перамагае на свабодных выбарах. Ён ахвяруе тым, што пра яго падумаюць на Захадзе, што пра яго падумаюць у Расеі, што пра яго падумае намэнклятура. Калі выбар паміж стратай улады і выглядаць у вобразе слабака — ён выбраў другое.
  • Лукашэнка не пажадаў рызыкаваць і пайшоў па сілавым варыянце.
    Кіраўнік штаба Валера Цапкалы Андрэй Ланкін (у цэнтры) пасьля паседжаньня ЦВК
    Кіраўнік штаба Валера Цапкалы Андрэй Ланкін (у цэнтры) пасьля паседжаньня ЦВК
  • Каманда Бабарыкі — гэта ня тыя, хто будзе заклікаць людзей на вуліцы. Я ня вельмі моцна ацэньваю як палітычную фігуру Святлану Ціханоўскую. Для Лукашэнкі яна не ўяўляе небясьпекі, для яго гэта хатняя гаспадыня, тэхнічны кандыдат, якая замяніла свайго мужа. Чэргі за яе — гэта чэргі пратэсту супраць гвалтоўнага затрыманьня яе мужа. У дылеме Лукашэнка ці Ціханоўская — многія, хто супраць Лукашэнкі, ці ня пойдзе на выбары, ці падтрымае Лукашэнку, бо ня змогуць давяраць чалавеку бяз досьведу.
  • Байкот — тое, што трэба Лукашэнку. Прыйдуць толькі прыхільнікі Лукашэнкі, хай іх толькі 30%, але гэтага дастаткова, каб атрымаць перамогу.
  • Улады прынялі моцныя захады, каб зьбіць вулічны пратэст.
  • Калі б кандыдаты аб’ядналіся і зьняліся на карысьць Дзьмітрыева ці Чэрачаня, дык я дапускаю, што Дзьмітрыеў і Чэрачань маглі б атрымаць большасьць. Бо вельмі моцныя настроі супраць Лукашэнкі.

Сяргей Навумчык:

  • Адносна рэгістрацыі Сьвятланы Ціханоўскай — Лукашэнка хоча не дапусьціць таго, каб людзі зусім не прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. А за Ціханоўскую могуць прыйсьці і яе прыхільнікі, і частка прыхільнікаў Бабарыкі і Цапкалы.
    Сьвятлана Ціханоўская з пасьведчаньнем кандыдаткі ў прэзыдэнты
    Сьвятлана Ціханоўская з пасьведчаньнем кандыдаткі ў прэзыдэнты
  • Але памыляецца той, хто лічыць Ціханоўскую нулявой фігурай. Так, у яе няма палітычнага вопыту, але яго не было ва ўсіх, хто пачынаў у палітыцы. Я сёньня быў прыемна ўражаны яе адказамі на пытаньні журналістаў. Ніякай манэрнасьці, і ўсе адказы — «у дзясятку». Яна здольная вучыцца. Ну, і могуць быць раскладкі з камандамі іншых незарэгістраваных кандыдатаў, і нават не з камандамі, а зь іх электаратам. Для ўладаў могуць быць сюрпрызы.
  • Я толькі часткова згодны з Андрэем Дзьмітрыевым, што сёньня, 14 ліпеня, выбары скончыліся, і пачалася акцыя салідарнасьці. Выбары скончыліся ў дзень, калі была зарэгістраваная ініцыятыўная група Лукашэнкі. Бо пры Лукашэнку як кіраўніку краіны ніякія свабодныя выбары немагчымыя.
  • Калі сёньня каманда Бабарыкі не закліча да акцый пратэсту, калі акцый ня будзе (а я згодны з Карбалевічам, што вулічныя пратэсты — ня іх стылістыка) — будзе вялікая верагоднасьць, што людзі ня выйдуць і пасьля 9-га. Улада ўжывае тактыку абразаньня пратэсту, і пакуль яна спрацоўвае.
  • Улада будзе рабіць усё, каб не дапусьціць 9 жніўня і пазьней выхаду людзей на вуліцы. Адносна рэакцыі Захаду і Расеі ня сёньняшнія падзеі. Ад Расеі ня будзе ніякай рэакцыі, гэта стала ясна па адсутнасьці рэакцыі на арышт Бабарыкі. Захад жа да 9-га будзе рабіць тое, што робіць і цяпер: патрабаваць вызваленьня палітвязьняў. А далей будзе залежыць ад паводзінаў уладаў. Калі абыдзецца без перасячэньня «чырвонай лініі», гэта значыць без ахвяраў пры падаўленьні масавых выступаў (у выпадку наяўнасьці такіх выступаў) — Захад, АБСЭ заявіць пра пэўныя парушэньні, несвабодны характар выбараў і г.д., але і толькі. Калі ж мяжа будзе перакрочаная, ці паўторыцца 2010 год — будуць уведзеныя жорсткія санкцыі і адносіны паміж Менскам і Захадам будуць замарожаныя.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG