Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яшчэ пяць гадоў пры Лукашэнку стануць катастрофай», — Андрэй Дзьмітрыеў


Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

Пасьля рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты 14 ліпеня Андрэй Дзьмітрыеў скарыстаўся правам 5-хвіліннага выступу.

«Я іду на выбары, бо Беларусі патрэбен новы прэзыдэнт, — заявіў адзін з кіраўнікоў грамадзкага руху «Гавары праўду». — Але ад сёньня гэта ўжо кампанія не Андрэя Дзьмітрыева, а кампанія салідарнасьці за перамены. Беларусы хочуць сапраўдных выбараў».

Ён выказаў перакананьне, што з пасьведчаньнямі аб рэгістрацыі кандыдатамі разам зь ім павінны былі стаяць побач Віктар Бабарыка, Валер Цапкала, Сяргей Ціханоўскі. Замест гэтага іх трымаюць у турмах і перасьледуюць.

«Пасьля апошніх выбараў мы страцілі чарговыя пяць гадоў. Лукашэнка спыніўся ў разьвіцьці сам і спыніў разьвіцьцё Беларусі. Хамства і безадказная палітыка падчас каранавірусу гэта толькі пацьвердзілі. Нас палохаюць дзевяностымі, але яшчэ пяць гадоў пры Лукашэнку стануць для краіны катастрофай», — канстатаваў Андрэй Дзьмітрыеў.

Сёлетняя прэзыдэнцкая кампанія стала супрацьстаяньнем, а ня выбарамі, працягнуў ён. У выбарчых камісіях меней за 1% прадстаўнікоў грамадзтва, астатнія — праўладныя арганізацыі.

Таксама ён заклікаў улады адпусьціць палітзьняволеных і асабіста зьвярнуўся да Лідзіі Ярмошынай, каб тая забрала заяву на Сяргея Ціханоўскага.

Што адбываецца каля ЦВК. Жывая трансьляцыя

Што сказалі патэнцыйныя кандыдаты і іх прадстаўнікі перад пачаткам пасяджэньня ЦВК

Першым ад штабоў патэнцыйных кандыдатаў ля ЦВК зьявіўся старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандара Лукашэнкі. Заявіў, што няма падставаў, каб не зарэгістраваць таго, хто сабраў пад 2 мільёны подпісаў сваіх прыхільнікаў.

Сьледам прыйшоў Сяргей Чэрачань, які сказаў, што ў гэтай краіне «нічога нельга прагназаваць». Таму давядзецца імправізаваць, залежна ад таго, атрымае ён пасьведчаньне кандыдата ў прэзыдэнты або не. У групе суправаджэньня — Дзьмітры Ўрангель, нядаўна звольнены з тэлеканалу АНТ за выказваньне падтрымкі ахвярам міліцэйскага гвалту.

Марыя Калесьнікава і Максім Знак прадстаўляюць інтарэсы зьняволенага экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі. Яны адмовіліся пра штосьці гаварыць перад пачаткам паседжаньня, паабяцаўшы даць разгорнуты камэтар пасьля яго завяршэньня.

Прадстаўнікі штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, зьлева направа: Максім Знак, Марыя Калесьнікава, Ільля Салей
Прадстаўнікі штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, зьлева направа: Максім Знак, Марыя Калесьнікава, Ільля Салей

Андрэй Дзьмітрыеў верыў у рэгістрацыю сябе кандыдатам у прэзыдэнты. Свае перадвыбарныя тэзы ён выклаў напярэдадні ў наўпроставым відэафіры Свабоды.

Ганна Канапацкая напярэдадні заявіла, што ў гэтай кампаніі толькі два годныя канкурэнты — яна і Аляксандар Лукашэнка. Здымацца з выбараў не зьбіраецца, бо верыць у свае сілы. Гатовая аб’яднацца толькі з тымі патэнцыйнымі кандыдатамі, чыя пазыцыя ёй будзе блізкай. Але пакуль такіх асобаў яна ня бачыць. Таксама яна сказала, што будзе змагацца з «расейскімі лялькаводамі», якія намагаюцца ўплываць на працэсы ў Беларусі, бо яна, адрозна ад іншых, не гандлюе сувэрэнітэтам краіны.

Сьвятлана Ціханоўская назвала дзеяньні Цэнтарвыбаркаму «непрадказальнымі», таму казаць наперад і прагназаваць магчымыя рашэньні бяссэнсоўна. «Ніколі не была ў такой сытуацыі», — адзначыла яна. Таксама пацьвердзіла, што яе муж і кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі чарговым разам трапіў у карцэр.

Апошнімі прыбылі прадстаўнікі штабу Валера Цапкалы, самога патэнцыйнага кандыдата на паседжаньні ня будзе. Ад размоваў з прэсай ягоныя паплечнікі ўстрымаліся.

Хто прэтэндуе, а хто ўжо не

Раней ЦВК прызнала, што больш за 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата, сабралі ініцыятыўныя групы:

  • Аляксандра Лукашэнкі, дзейнага кіраўніка дзяржавы;
  • Віктара Бабарыкі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанку»;
  • Андрэя Дзьмітрыева, старшыні кампаніі «Гавары праўду»;
  • Ганны Канапацкай, былой дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў;
  • Сьвятланы Ціханоўскай, жонкі зьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага;
  • Сяргея Чэрачня, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.

Таксама здала больш за 100 тысяч подпісаў ініцыятыўная група былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалы, ды ЦВК адхіліла больш за палову падпісных лістоў — засталося менш за 100 тысяч подпісаў. Штаб Цапкалы лічыць адхіленьне падпісных лістоў беспадстаўным.

Не здавалі подпісаў ініцыятыўныя групы Алега Гайдукевіча, Юрыя Ганцэвіча, Юрася Губарэвіча, Вольгі Кавальковай, Мікалая Казлова, Натальлі Кісель, Уладзімера Няпомняшчых, Алеся Таболіча.

Хто за кратамі

У зьняволеньні цяпер знаходзяцца прызнаныя палітвязьнямі Віктар Бабарыка, ягоны сын і кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка, чальцы ініцыятыўнай групы Бабарыкі Ўладзімер Дудараў, Алена Карагачава, Дзьмітры Карака і Сьвятлана Купрэева; чальцы ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Аляксандар Кабанаў, Зьміцер Фурманаў, Арцём Сакаў і Андрэй Новікаў.

Акрамя таго, палітвязьнямі прызнаныя зьняволеныя блогер Сяргей Ціханоўскі і палітык Мікалай Статкевіч (якім адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў), а таксама Павал Севярынец (зьбіраўся ў кандыдаты праз праймэрыз апазыцыі, зьняў кандыдатуру і заклікаў да байкоту) і іншыя.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG