Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За Лукашэнку падпісаўся? — Ня буду». Трэнэр Унівэрсытэту фізкультуры звальняецца з працы


Сяргей Шабанаў, фота з асабістага архіву героя

Трэнэру з Унівэрсытэту фізычнай культуры Сяргею Шабанаву сказалі шукаць працу, бо скарачаецца стаўка. Сяргей мяркуе, што ўнівэрсытэту не даспадобы ягоныя палітычныя погляды. Але ягоны начальнік гэта абвяргае.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«А ты зь якой структуры? Ты подпіс свой паставіў?»

Пост са здымкам Сяргея Шабанава, які працуе трэнэрам у інтэрнаце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры, зьявіўся ў Фэйсбуку.

Сяргей Шабанаў у размове з Радыё Свабода адразу заўважыў, што пра ягонае вальнадумства ва ўнівэрсытэце ведалі даўно. Пра верагоднае звальненьне першы раз загаварылі тры месяцы таму. Збор подпісаў, мяркуе трэнэр, стаў пунктам невяртаньня.

Сяргей Шабанаў
Сяргей Шабанаў

«Да мяне не падыходзілі, каб падпісаўся за Лукашэнку, ніхто не прымушаў, бо ведаюць мае погляды. Але чаму я зьвязваю маю заяву на звальненьне з подпісамі за Лукашэнку?

Гэта было два тыдні таму. Заходжу ў кабінэт, каб падаць заяву на адпачынак, а там знаходзяцца людзі, якія ў нас зьбіраюць подпісы за Лукашэнку. І тут новенькая кіраўніца арганізацыі БРСМ у мяне пытаецца: „А ты зь якой структуры? Ты подпіс свой паставіў?“ На гэта я расьсьмяяўся ды сказаў, што свайго подпісу ні за кога тут ставіць ня буду. Цішыня... Тады амаль усіх выдаляюць з кабінэта, і начальніца аддзелу, якая займалася зборам подпісаў, мне кажа, што „калі вярнуся з адпачынку, дык маёй стаўкі больш ня будзе, таму каб ужо шукаў сабе працу“. У выніку сапраўды напісаў заяву аб звальненьні, каб атрымалася „па згодзе бакоў“, але, безумоўна, адно з другім зьвязана», — кажа Сяргей Шабанаў.

Непасрэдны начальнік Сяргея, загадчык інтэрнату Сяргей Лукашэнка ў размове з карэспандэнтам Свабоды пацьвердзіў, што Шабанаў напісаў заяву аб звальненьні. Але зьдзівіўся інфармацыі пра тое, што ягоная стаўка нібыта скарачаецца.

«Стаўка ягоная лічыцца ня ў нас, а ў спарткомплексе. Я цяпер у адпачынку, можа чаго ня ведаю, але калі сыходзіў у адпачынак, дык стаўка заставалася», — сказаў Сяргей Лукашэнка і пашкадаваў, што ў яго ня будзе працаваць Сяргей Шабанаў. «Што пра яго сказаць? Цудоўны хлопец».

«Наш унівэр — унікальная пляцоўка падтрымкі ўлады»

Сяргей Шабанаў атрымаў у БДУФК спэцыяльнасьць трэнэра спартовых танцаў — выкладчыка фізычнай культуры. Па разьмеркаваньні два гады адпрацаваў трэнэрам у інтэрнаце таго ж унівэрсытэту. Кажа, што мае дастатковы досьвед, каб крытычна ставіцца да сытуацыі зь перадвыбарчымі справамі ва Ўнівэрсытэце фізычнай культуры.

«На былых парлямэнцкіх выбарах шмат хто з маіх знаёмых, якія тут працуюць, уваходзілі ў выбарчыя камісіі. Дык потым прызнаваліся, што ставілі тыя лічбы, якія ім загадалі, а ня тыя, якія былі насамрэч. Прасіў іх публічна пра гэта паведаміць — дзе там! „Ты што, мы ж страцім працу!“ Большасьць спартоўцаў, на жаль, не цікавяцца палітыкай. Трэнэры нават па непапулярных відах, як воднае пола, атрымліваюць сваю тысячу рублёў, і іх усё задавальняе. Але мне не падабаецца, што мы дазваляем сябе папіхаць, абы плацілі грошы», — прызнаецца Сяргей.

Малады трэнэр абураецца, што праз абавязковы ўдзел у агітацыйных мерапрыемствах цярпіць навучальны працэс.

«Наш унівэр — унікальная пляцоўка падтрымкі ўлады. У любым парадзе ўсе нашы хлопцы ўдзельнічаюць. Сьцягі носяць, розныя фігуры будуюць. Ці калі трэба запоўніць трыбуны на спартовых спаборніцтвах, якія ніхто не наведвае, зноў нашых пасылаюць. А набіраюць як? Каму трэба залік, а то і адзнака за экзамэн — дык запішыся на трыбуну ці парад. Каб не адлічылі за п’янку з інтэрната, дастаткова некалькі спаборніцтваў, як тыя ж Эўрапейскія гульні. Вось гэтак у нас і подпісы за Лукашэнку зьбіралі. Ня тое каб прымушалі, але ўмела ўгаворвалі: „Вам жа трэба тое і тое, дык падпішыцеся“. У нас людзі да ўсяго прызвычаіліся, і ўгаворваць ня трэба», — лічыць Сяргей Шабанаў.

«Не хачу жыць пры ўладзе, якая ня лічыцца зь людзьмі»

Сяргей не зьбіраецца зьяжджаць зь Беларусі, хіба толькі каб папрацаваць за мяжой, назапасіць досьвед і грошы. Кажа, што меў прапановы з Кітаю, дзе цэняць такіх спэцыялістаў, як ён. Але цяпер з прычыны каранавірусу рэалізаваць ранейшыя пляны будзе складана.

«Але кім я там буду? Толькі прыежджым. А тут мая радзіма, мне тут усё дорага і зразумела. Толькі не хачу я жыць пры ўладзе, якая ня лічыцца зь людзьмі. Вось мая бабуля мае пэнсію 200 даляраў. Хіба на гэтыя грошы можна пражыць? Мне таксама потым жыць на такую жабрацкую пэнсію? Не хацелася б. Быў бадзёры мэнэджар Бабарыка, я паверыў яму, падпісаўся, дык арыштавалі. Спадзяваўся, што буду галасаваць за Цапкалу, дык і таго здымаюць. І што цяпер рабіць?»

Свабода спрабавала ўзяць камэнтар да сытуацыі са звальненьнем Сяргея Шабанава ў рэктараце БДУІФ. Адказны кіраўнік, які прасіў не называць ягонага імя, сказаў, што «тое, што напісаў Сяргей Шабанаў у Фэйсбуку, не адпавядае рэчаіснасьці», а падрабязнасьці паабяцаў расказаць пры асабістай сустрэчы.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG