Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкая кампанія ў Беларусі — гвалт, пагрозы і затрыманьні. Заява Плятформы грамадзянскай салідарнасьці АБСЭ


Ілюстрацыйнае фота. «Ланцуг салідарнасьці» з затрыманымі ў Беларусі. Менск, 19 чэрвеня 2020 году

Плятформа грамадзянскай салідарнасьці АБСЭ зьвярнулася да уладаў Беларусі з заклікам спыніць гвалт, пагрозы і затрыманьні падчас прэзыдэнцкай кампаніі, а да дзяржаваў — удзельніц АБСЭ — усяляк стымуляваць Беларусь трымацца сваіх правоў і абавязаньняў у галіне АБСЭ, паведамляе «Вясна».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Плятформа грамадзянскай салідарнасьці АБСЭ аб'ядноўвае няўрадавыя арганізацыі, якія імкнуцца палепшыць сытуацыю з правамі чалавека ў Эўропе, Эўразіі і Паўночнай Амэрыцы.

Як адзначаецца ў заяве, «з самага пачатку выбарчая кампанія праходзіць у атмасфэры страху, пастаянных пагрозаў і запалохваньня», затрымліваюць і арыштоўваюць сябраў ініцыятыўных групаў і звычайных выбарнікаў, якія ўдзельнічалі ў мірных пікетах для збору подпісаў, ціснуць на патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты (справы Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага), колькасьць парушэньняў правоў чалавека «штодня расьце».

«Гэтая беспрэцэдэнтная сытуацыя павінна прывесьці да ўзмоцненага міжнароднага кантролю падзеяў у краіне і ўзаемадзеяньня з урадам Беларусі», гаворыцца ў заяве. АБСЭ мусіць адыграць важную ролю як прадстаўніца міжнароднай супольнасьці з улікам яе мандатаў у галіне дэмакратыі і абароны правоў чалавека. Таксама згадваецца, што выбары праходзяць на фоне пандэміі COVID-19, пры гэтым урад Беларусі не выконвае рэкамэндацыяў САЗ.

Плятформа грамадзянскай салідарнасьці АБСЭ заклікае ўлады Беларусі:

  • спыніць беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць апазыцыі, вызваліць Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага, арыштаваных актывістаў выбарчай кампаніі, апазыцыйных палітыкаў Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча і тых, хто ўдзельнічаў у мірных акцыях пратэсту;
  • забясьпечыць усім кандыдатам у прэзыдэнты магчымасьць свабодна ўдзельнічаць у свабодных і дэмакратычных выбарах, заснаваных на прынцыпах роўнасьці і канкурэнтнай палітычнай барацьбы;
  • устрымацца ад умяшаньня ў дзейнасьць праваабаронцаў і незалежных журналістаў;
  • вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць перасьлед актывістаў, журналістаў і блогераў;
  • забясьпечыць поўнае выкананьне асноўных правоў і свабодаў чалавека, замацаваных у Канстытуцыі, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, дакумэнтах АБСЭ, у тым ліку правоў на свабоднае выказваньне думак і мірныя сходы, права быць абраным шляхам свабодных выбараў і права на абарону ад адвольных затрыманьняў;
  • як мага хутчэй афіцыйна запрасіць місію БДІПЧ АБСЭ для маніторынгу выбараў.

Дзяржавы —​ удзельніцы АБСЭ яна заклікае:

  • уважліва сачыць за сытуацыяй з правамі чалавека падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і выкарыстоўваць усе наяўныя сродкі для стымуляваньня выкананьня Беларусьсю сваіх правоў і абавязаньняў у галіне АБСЭ;
  • патрабаваць максымальнага выкарыстаньня працэсаў АБСЭ, павялічыць прысутнасьць АБСЭ і іншых дзеля вырашэньня сытуацыі ў Беларусі, у тым ліку максымальна павялічыць працягласьць і інтэнсіўнасьць маніторынгу выбараў, у прыватнасьці, місіяй доўгатэрміновага маніторынгу БДІПЧ АБСЭ.

Пад заявай падпісаліся:

  1. Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларусь
  2. Ванадзорскі офіс Хэльсынскай грамадзянскай асамблеі, Армэнія
  3. Інстытут маніторынгу правоў чалавека, Літва
  4. Асацыяцыя ўкраінскіх назіральнікаў за праваахоўнымі органамі, Украіна
  5. Фонд рэгіянальных ініцыятываў, Украіна
  6. Грамадзкае аб’яднаньне «Годнасьць», Казахстан
  7. Фонд «Грамадзкі вэрдыкт», Расея
  8. Нарвэскі Хэльсынскі камітэт
  9. Дасьледчы цэнтар праўнай палітыкі, Казахстан
  10. Хэльсынскі фонд правоў чалавека, Польшча
  11. Цэнтар грамадзянскіх свабодаў, Украіна
  12. Македонскі Хэльсынскі камітэт
  13. Праваабарончы цэнтар «Зміна», Украіна
  14. Казахстанскае міжнароднае бюро правоў чалавека і выкананьня законнасьці
  15. Грамадзкае абʼяднаньне «Праваабарончы рух «Бір Дуйно Кыргызстан»
  16. Жанчыны Дону, Расея
  17. Беларускі Хэльсынскі камітэт
  18. Швэдзкая сетка АБСЭ
  19. Маскоўская Хэльсынская група, Расея
  20. Харкаўскі абласны фонд «Грамадзкая альтэрнатыва», Украіна
  21. Цэнтар разьвіцьця дэмакратыі і правоў чалавека, Расея
  22. Міжнародны цэнтар абароны, Францыя
  23. Цэнтар удзелу і разьвіцьця, Грузія
  24. Армянскі Хэльсынскі камітэт
  25. Truth Hounds, Украіна
  26. Артыкул 19, Вялікая Брытанія
  27. DRA — Нямецка-расейскі абмен, Нямеччына
  28. Promo LEX, Малдова
  29. Міжнароднае партнэрства ў правах чалавека, Бэльгія
  30. OMCT — Сусьветная арганізацыя супраць катаваньняў, Бэльгія
  31. Грамадзянскі кантроль, Расея
  32. Баўгарскі Хэльсынскі камітэт
  33. ZARA — Zivilcourage und Anti-Rassismus-Arbeit, Аўстрыя
  34. Асацыяцыя жанчын-перасяленак, Грузія
  35. Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял», Расея
  36. Freedom Files, Польшча
  37. Нідэрляндзкі Хэльсынскі камітэт
  38. Crude Accountability, ЗША
  39. Альбанскі Хэльсынскі камітэт

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG