Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не ўкладаюцца ў галаве жорсткасьць і гвалт». Музыкі Naviband хочуць, каб беларусы «прачнуліся іншымі» 


Гурт Naviband

Удзельнікі папулярнага дуэту Naviband Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка прэзэнтавалі ў Telegram песьню пад назвай «Іншымі». Яна прысьвечана апошнім падзеям у Беларусі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Мы любім нашу краіну, сьпяваем на роднай мове і шчыра верым у сьвятло, сілу і дабро нашых людзей, незалежна ад іх поглядаў!», — напісалі музыкі ў сваім Інстаграме.

Ксенія і Арцём гадуюць сына Мацея. Яму крыху больш за два гады, але бацькам усё складаней адказаць на пэўныя нязручныя пытаньні хлопчыка.

«Ён ведае практычна ўвесь транспарт у горадзе, якога ён колеру і куды можа ехаць. „Хуткая“ ратуе людзей, экскаватар капае яму, кран будуе дом. Але мы ня ведаем, як растлумачыць дзіцяці, што робіць „вялікая зялёная машына“, якіх у горадзе ўсё больш. А цяпер яшчэ і навіна аб затрыманьні людзей, якія проста стаялі ў чарзе ў краму».

Музыкі кажуць, што не зьбіраліся выказвацца, бо прывыклі ісьці па жыцьці, робячы сваю справу бязь лішніх словаў. Замест гэтага выпусьцілі ў Telegram-канале песьню «Іншымі», у якой «кожнае слова адлюстроўвае тое, што цяпер адбываецца навокал».

«У нас не ўкладаецца ў галаве жорсткасьць і гвалт да звычайных людзей. Нам робіцца страшна. Маўчаць ўжо немагчыма! Мы прачнемся іншымі!», — падсумавалі ўдзельнікі гурту Naviband Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG