«Адчуваю сябе абражаным», — лідэр J:Морс падтрымаў прапанаваны Бабарыкам рэфэрэндум

Уладзімер Пугач
Уладзімер Пугач

Лідэр беларускага рок-гурту J:Морс Уладзімер Пугач на сваёй старонцы ў Фэйсбуку выказаўся ў падтрымку рэфэрэндуму за Канстытуцыю 1994 году, прапанаванага патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнта Віктарам Бабарыкам, які цяпер знаходзіцца ў зьняволеньні ў турме КДБ.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Уладзімер Пугач піша, што звычайна ён не выказваецца пра палітыку, да таго ж у Фэйсбуку апошні ягоны пост быў два гады таму, але цяпер вырашыў публічна заявіць сваю пазыцыю.

«Мая дачка — аднагодка нашай Канстытуцыі, не мутанта 1996 году, а Канстытуцыі, прынятай у 1994 годзе. Апошнім часам мы зь ёй часта і падоўгу абмяркоўваем падзеі ў краіне. На днях яна спытала, чаму я пра гэта не пішу публічна...

Гэты год асаблівы. Для плянэты, для Беларусі і для мяне асабіста... Я ніколі не разумеў заклікаў проста «тапіць супрацьбязьмежжа. Таму што размытая мэта, якая аб’ядноўвае. Таму што становіцца незразумела, а ў чым канкрэтна нашае «ЗА», калі асядае пыл і праходзіць «зыбкая аднадушнасьць вайны».

Але, у гэтым годзе, упершыню за доўгі час, у публічны полі зьявіліся людзі, якія думаюць канструктыўна, выразнымі катэгорыямі. Зусім новыя людзі са сьвежымі ідэямі, максымальна канкрэтнай і актуальнай павесткай. Людзі, якія шмат у чым думаюць, як я. І я ім паверыў. У мяне зьявілася гэтае самае ЗА, якога не хапала доўгі час...

Я адчуваю гішпанскі сорам за тое, як у маёй краіне дзяржава бесцырымонна і сьпехам ліквідуе палітычных канкурэнтаў...

Я адчуваю сябе абражаным, калі мяне называюць «народцам» і зьневажаюць нашых жанчын.

Я адчуваю лютасьць за самадурства, за тое, як маіх суайчыньнікаў налева і направа хапаюць на вуліцах, зьбіваюць за мірнае выказваньне грамадзянскай пазыцыі. Мяркуючы па незьлічоных рэпартажах, робяць гэта з задавальненьнем. Вось што ў іх у галовах? Братцы, рана ці позна, усё скончыцца. Як вы суседзям у вочы глядзець будзеце, вядома, калі вам наогул дадуць такую магчымасьць?

Я адчуваю непакой за блізкіх. Мая дачка жыве ў цэнтры гораду. Я ведаю яе характар і пазыцыю. Яна спакойна можа апынуцца сярод хлопцаў, якіх нахабна і незаконна людзі ў цывільным зацягваюць у машыны. Ёсьць тыя, хто проста праходзілі міма, ішлі дадому, выходзілі з кафэ, праяжджалі на ровары...

Я дарослы чалавек і многае бачыў. І зараз я заяўляю, што мне страшна. Гэта як страх перад стыхіяй. Ці, хутчэй, падобна да майго дзіцячага ўспаміну, калі ў мяне на вачах з кукурузнага поля вылятаюць дзікі, ратуючыся ад камбайнаў. Ляцяць у жаху, зьмятаючы ўсё на сваім шляху.

А яшчэ я адчуваю гонар за дачку і яе пакаленьне. За тое, якія яны моцныя, мэтанакіраваныя і, нягледзячы ні на што, свабодныя. Яны дакладна ведаюць, чаго яны хочуць. І яны возьмуць сваё.

А рабіць што? Жыць па сумленьні і па законе. Напрыклад, выкарыстоўваць сваё законнае права на рэфэрэндум... І я буду побач з дачкой і з тымі, хто актыўна праяўляе сваю грамадзянскую пазыцыю. Усім любові».

​
XS
SM
MD
LG