Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратар Пуціна: «Нашы калегі ў Беларусі працуюць у вельмі напружаных умовах прэзыдэнцкай кампаніі»


Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў пажадаў «беларускім калегам» правесьці пасьпяховыя прэзыдэнцкія выбары. Пра гэта ён сказаў у эфіры праграмы «Вялікая гульня», якую паказвае расейскі «Первый канал».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Мы ведаем, што цяпер нашы калегі ў Беларусі працуюць у вельмі напружаных умовах прэзыдэнцкай кампаніі. І мы жадаем ім правесьці пасьпяховыя прэзыдэнцкія выбары», — сказаў Пяскоў.

Ён падкрэсьліў, што Беларусь — найбліжэйшы саюзьнік Расеі, прызнаў наяўнасьць праблем, перш за ўсё эканамічных, і выказаў упэўненасьць у тым, што яны будуць вырашаны.

«Беларусь — гэта наш найбліжэйшы саюзьнік. Гэта краіна, зь якой нас аб’ядноўвае і сяброўства ў інтэграцыйных, вельмі прасунутых інтэграцыйных працэсах, у такіх як ЭўрАзЭС. Гэта краіна, зь якой у нас саюзная дзяржава. Гэта краіна, зь якой, зразумела, у нас ёсьць праблемы паводле шэрагу парамэтраў — перш за ўсё эканамічных. Гэта нармальна. Абʼём і рознавэктарнасьць нашых адносінаў настолькі вялікія, што гэта ня можа праходзіць беспраблемна. Таму мы цярпліва абмяркоўваем разам усе праблемы. Мы перакананыя, што наяўнасьць гэтых праблем ніякім чынам ня будзе адбівацца на саюзьніцкім характары нашых адносінаў», — заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG