Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы энэргаблёк БелАЭС рыхтуюць да «фізычнага пуску», завезьлі дадатковы гэнэратар на выпадак аварыі 


Вучэньні ў Літве на выпадак надзвычайнага здарэньня на БелАЭС, 2019 год

Перасоўная дызэль-генэратарная станцыя дастаўленая на пляцоўку першага энэргаблёку БелАЭС, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства энэргетыкі Беларусі.

Станцыя пастаўленая ў адпаведнасьці з «рэкамэндацыямі МАГАТЭ, а таксама нацыянальным плянам дзеяньняў па выніках стрэс-тэстаў БелАЭС у мэтах падвышэньня яе бясьпекі». Станцыя будзе задзейнічаная толькі ў выпадку неабходнасьці.

«У пэрыяд эксплюатацыі першага энергаблёку БелАЭС дызэль-генэратарная станцыя будзе знаходзіцца ў стане пастаяннага дзяжурства і, калі будзе такая неабходнасьць, забясьпечыць працу тэхналягічнага абсталяваньня сыстэмы бясьпекі», — адзначаецца ў паведамленьні.

Цяперашні на першым энергаблёку праводзіцца комплекс работаў дзеля падрыхтоўкі да этапу «фізычнага пуску», дадалі ў Мінэнэрга.

БелАЭС узводзіцца паводле расейскага праекту ВВЭР-1200 і будзе складацца з двух энергаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны. Чакаецца, што на 100% магутнасьці энергаблёк № 1 выйдзе ў лютым 2021 году. Другі пачне працаваць у сярэдзіне 2022-га.

Генпадрадчыкам будаўніцтва зьяўляецца расейская кампанія «Атамстройэкспорт» у структуры карпарацыі «Росатом»).

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.
  • Запуск першага энэргаблёку заплянаваны на першы квартал 2021 году (энэргетычны пуск чакаецца ў лістападзе 2020 году), другога — на 2022 год. Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі, першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Аляксандар Лукашэнка пазьней заявіў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту ў Расеі працуюць блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Замежных пакупнікоў энэргіі зь БелАЭС не знайшлі. Беларусь вырабляе дастаткова электраэнэргіі для ўласных патрэбаў і без АЭС, Літву і Эстонію можа падтрымаць Латвія (хоць і не зьбіраецца ўводзіць эмбарга), Украіна адмовілася ад любой электраэнэргіі зь Беларусі, Польшча зьбіраецца будаваць уласную АЭС, таксама як Фінляндыя.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • Запуск БелАЭС плянуецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу. На пляцоўцы зафіксавалі каля 100 выпадкаў заражэньня рабочых, «Росатом» узмацніў захады бясьпекі. Эколягі абвінавацілі Дэпартамэнт ядзернай бясьпекі ў бязьдзеяньні ў сувязі з каранавірусам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG