Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Валер Цапкала адказаў на пытаньне пра 900 тысяч даляраў у Ціханоўскага


Увечары 4 чэрвеня ў пасёлку Бараўляны пад Менскам, каля крамы «Гіпа» зьбіралі подпісы за былога дырэктара ПВТ Валера Цапкалу, які вырашыў балятавацца ў прэзыдэнты. Чаргі каля стала зь імем Цапкалы не было, але людзі падыходзілі адзін за адным. Зборшчыкі сказалі карэспандэнту Свабоды, што за 2 гадзіны сабралі больш як 40 подпісаў, і ацанілі актыўнасьць будучых выбарцаў як «добрую».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

А палове на 19 гадзіну да пікета прыйшлі Валер Цапкала з жонкай. Меркаванага кандыдата сустрэлі аплядысмэнтамі і пачалі задаваць яму пытаньні. Валер Цапкала паведаміў, што ягоныя актывісты на вечар аўторка сабралі 64 тысячы подпісаў і ён упэўнены, што агулам будзе сабрана значна больш за сто тысяч. Потым Валер Цапкала прапанаваў задаваць яму пытаньні.

Яго адразу спыталі пра стаўленьне да словаў на ягоны адрас ад Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі ў гэты дзень. Прэтэндэнт у кандыдаты сказаў, што «ня слухае нічога» і мяркуе, што «там не было сказана цывілізавана і паважліва», «бо ў нас няма паважлівага стаўленьня да апанэнтаў».

Свабода папрасіла Валера Цапкалу пракамэнтаваць дзеяньні ўладаў адносна блогера Ціханоўскага.

«Што камэнтаваць? Тут усім усё зразумела», — сказаў спадар Цапкала.

«Але ці паверылі вы таму, што ў Ціханоўскага былі 900 тысяч даляраў?» — перапытаў журналіст.

«Пры чым тут мая вера? Давайце ня будзем казку пра белага бычка. Мы ўжо сфармулявалі дадзенае пытаньне, і давайце ня будзем на ім спыняцца», — настойваў Валер Цапкала.

Былы дырэктар ПВТ ня стаў камэнтаваць і тое, што Цэнтравыбаркам палічыў фэйкам сьведчаньні пра прымус грамадзян падпісвацца за Лукашэнку, якія сабраў Віктар Бабарыка, і адмовіў Бабарыку ў задавальненьні скаргі. «Спытайце пра гэта ў ЦВК», — адказаў Валер Цапкала.

На пытаньне, ці не зьбіраецца ён сам зьвяртацца з падобнымі скаргамі, адказ быў такі: «Вы ж ведаеце, які будзе вынік».

Што казаў Валер Цапкала людзям

Вось некаторыя тэзы з выступу былога дырэктара Парку высокіх тэхналёгій і былога амбасадара Беларусі ў ЗША перад людзьмі, якія сабраліся каля крамы «Гіпа» ў Бараўлянах.

  • Трэба, каб у беларусаў быў выбар, як у краме.
  • Гэта не ягоная краіна, а наша. Трэба аднаўляць дыялёг у грамадзтве.
  • Цяперашняе кіраўніцтва Беларусі пасварылася як з Захадам, гэтак і з Расеяй.
  • Вышэйшая ўлада павінна зьмяняцца. Нават у Кітаі ў кіраўніцтве адбываецца ратацыя, а ў нас адзін чалавек сядзіць 26 год і ўсе вымушаны яго слухаць.
  • Хачу, каб не было нікога вышэйшага за закон.
  • Заробкі чыноўнікаў трэба паставіць у залежнасьць ад інвэстыцый.
  • Нам патрэбна прафэсійнае войска.
  • Частку міліцыі павінен фінансаваць цэнтральны бюджэт, другую частку — мясцовыя.
  • Трэба скараціць падаткі і пакінуць вялікую частку мясцовай уладзе, як у Польшчы, дзе ў ваколіцах Варшавы ўжо ня ведаюць, куды падзець грошы.
  • Люстрацыі непатрэбныя, большасьць чыноўнікаў і сілавікоў, якія цяпер служаць аднаму чалавеку, мараць служыць толькі народу Беларусі.
  • Дэкрэт аб дармаедах трэба адмяніць, бо нельга караць людзей, якія трапілі ў бяду, застаўшыся бяз працы.

На пытаньне «Чый Крым?» Валер Цапкала адказаў, што беларусы гэтак жа любяць рускіх, як і ўкраінцаў, таму Беларусь павінна быць мостам, з дапамогай якога Расея і Ўкраіна паразумеюцца.

У сустрэчы з Валерам Цапкалам бралі ўдзел каля 100 чалавек, міліцыянтаў у форме побач бачна не было.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG