Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня вераць у сумленныя выбары, хочуць пераменаў». Як расейскія агенцтвы пішуць пра падзеі ў Беларусі 


Пікет у Горадні
Пікет у Горадні

Расейскія інфармацыйныя агенцтвы пішуць пра збор подпісаў за прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду ў Беларусі з сымпатыяй да апанэнтаў Лукашэнкі.

ТАСС: Масавыя пікеты ахапілі ўсе буйныя гарады

Беларускі карэспандэнт агенцтва ТАСС ​паведамляе, што масавыя пікеты для збору подпісаў у падтрымку вылучэньня кандыдатамі ў прэзыдэнты апанэнтаў дзейнага кіраўніка Беларусі ахапілі ў выходныя Менск і буйныя гарады.

Ля ўваходу на Камароўскі рынак, дзе арганізаваны пікет у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай, чарга імкліва расла. Аўтамабілі, якія праязджаюць побач, сыгналяць у знак салідарнасьці. А ў суседніх дварах стаяць машыны АМАПу, зазначае журналіст.

Некаторыя прыйшлі, каб падтрымаць затрыманага ў Горадні за «гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі» яе мужа і кіраўніка ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага. Людзі ў чарзе кажуць, што «хочуць пераменаў, ня вераць у сумленныя выбары, а інцыдэнт у Горадні называюць правакацыяй».

Лідэры беларускай апазыцыі Мікалай Статкевіч і Павал Севярынец раней заклікалі ў сацсетках «абараніць будучыню краіны» і далучыцца да выбарчых пікетаў Сьвятланы Ціханоўскай ва ўсіх абласных цэнтрах.

РІА «Новости»: Людзі стаяць у чэргах па некалькі гадзінаў

Іншае расейскае інфармагенцтва, «Новости», расказвае, што ахвотныя падтрымаць на выбарах сваімі подпісамі прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі, альтэрнатыўных дзейнаму кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку, стаяць у чэргах на пікетах у Менску і іншых гарадах па некалькі гадзінаў.

Агенцтва дадае, што людзі выказваюць падтрымку беспрацоўнай Сьвятлане Ціханоўскай, якая раней прыняла рашэньне балятавацца, пасьля таго як мужу, блогеру Сяргею Ціханоўскаму, Цэнтравыбаркам адмовіў ва ўдзеле ў палітычнай кампаніі. Таксама беларусы актыўна падпісваюцца ў падтрымку экс-старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі, экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій Валерыя Цапкалы і некалькіх іншых удзельнікаў палітычнай кампаніі, піша дзяржаўнае расейскае агентцтва.

РБК: Па ўсёй Беларусі затрымалі дзясяткі актывістаў

Мэдыяхолдынг РБК з аднайменным агенцтвам, тэлеканалам, газэтай і часопісам у сваёй структуры, расказвае пра затрыманьні ў розных гарадах Беларусі дзясяткаў актывістаў, у тым ліку блогера Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў, а таксама чальцоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Народная Грамада»).

Таксама агенцтва цытуе першага намесьніка МУС Беларусі Генадзя Казакевіча, які ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» заявіў, што сытуацыя напярэдадні выбараў «сур’ёзна напальваецца». Камісіі яшчэ не сфармаваныя, а пагрозы людзям ужо паступаюць, папярэдзіў міліцэйскі начальнік. МУС мае дастаткова сілаў і сродкаў, каб максымальна эфэктыўна нэўтралізаваць падобныя пагрозы, спасылаецца РБК на сілавіка.

Regnum: Міліцыя і прапагандысты выбачэньняў не прынесьлі

Агенцтва Regnum, вядомае ўвагай да таго, што адбываецца ў Беларусі, расказвае, што адна з удзельніц прэзыдэнцкай гонкі Сьвятлана Ціханоўская абвінаваціла міліцыю ў правакацыі, а прапагандыстаў Белтэлерадыёкампаніі ў распаўсюдзе лжывай інфармацыі, якая прыніжае яе гонар і годнасьць.

Як удакладняе рэсурс, падставай сталі дзеяньні ўладаў: 29 траўня ў Горадні падчас пікету быў затрыманы і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі, яе муж і папулярны блогер. Раней улады не дазволілі яму зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу, таму ён афіцыйна ўзначаліў збор подпісаў за вылучэньне сваёй жонкі.

Ні праваахоўнікі, ні дзяржпрапагандысты прабачэньняў не прынесьлі, інфармуе агенцтва, Ціханоўскі і дзясяткі іншых затрыманых знаходзяцца за кратамі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG