Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк дасьць Беларусі 90 млн эўра на барацьбу з COVID-19


Ілюстрацыйнае фота

Сусьветны банк зацьвердзіў 22 траўня пакет фінансавай падтрымкі на 90 млн эўра для барацьбы з пандэміяй каранавірусу.

У банку адзначаюць, што праект прынясе максымальныя вынікі пры выкананьні рэкамэндацыяў аб сацыяльным дыстанцыяваньні, якіх беларускія ўлады не выконваюць.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Праект бязвыплатнай пазыкі, як піша Сусьветны банк, дапаможа задаволіць неадкладныя патрэбы сыстэмы аховы здароўя ў мэдычным абсталяваньні, вырабах мэдычнага прызначэньня і навучаньні пэрсаналу для вядзеньня выпадкаў інфэкцыі COVID-19 цяжкай ступені, у тым ліку праз забесьпячэньне сучаснымі апаратамі штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, абязбольвальнымі сродкамі і антыбіётыкамі, а таксама сродкамі індывідуальнай абароны для работнікаў арганізацыяў аховы здароўя.

Таксама праект накіраваны на «ўзмацненьне патэнцыялу» лябараторыяў сыстэмы аховы здароўя і службаў эпідэміялягічнага кантролю, куплю тэст-сыстэмаў, сродкаў лябараторнай гігіены і іншага, аўтамабіляў хуткай дапамогі з адпаведным абсталяваньнем.

У межах праекту, на які даюць грошы, таксама маюць ладзіць захады павышэньня інфармаванасьці грамадзянаў аб сацыяльным дыстанцыяваньні і мэтадах падтрымкі гігіены.

«Праект прынясе максымальныя вынікі ў спалучэньні з захадамі сацыяльнага дыстанцыяваньня, у тым ліку пераносам масавых мерапрыемстваў, скарачэньнем фізычнай прысутнасьці на працоўным месцы і ў навучальных установах, а таксама абмежаваньні неабавязковых перасоўваньняў людзей, — адзначыў кіраўнік беларускага прадстаўніцтва Сусьветнага банку Аляксандар Крэмэр. — Усе гэтыя захады дапамогуць зьнізіць сьмяротнасьць і зьмякчыць эканамічныя наступствы ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Чым раней мы іх рэалізуем, тым лепшыя будуць вынікі ў выратаваньні чалавечых жыцьцяў і захаваньні сродкаў да існаваньня».

Цяперашні праект, дадае Сусьветны банк, дапаўняе доўгатэрміновую падтрымку ва ўмацаваньні сыстэмы аховы здароўя Беларусі. Ад 1992 году, калі Беларусь стала чальцом Сусьветнага банку, яна атрымала ад яго крэдыты на 1,9 млрд даляраў, цяперашні праект партфэляў праектаў эквівалентны 942,71 млн даляраў.

У наступныя 15 месяцаў World Bank плянуе мабілізаваць фінансавую супрацу з сотняй краінаў на суму да 160 млрд даляраў.

Днём раней Сусьветны банк пазычыў Беларусі 100 мільёнаў эўра на мадэрнізацыю вышэйшай школы. 18 беларускіх ВНУ атрымаюць сучаснае абсталяваньне для вучэбна-лябараторнай базы. Акрамя таго, у шэрагу ўнівэрсытэтаў і каледжаў правядуць капітальны рамонт і рэканструкцыю будынкаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG