Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі трэба 2,5 млрд даляраў на аплату доўгу. Менск зьвярнуўся па новыя крэдыты МВФ і Кітаю


Беларусь вядзе перамовы з Кітаем аб двухбаковых пазыках, спасылаецца «Інтэрфакс» на рэйтынгавае агенцтва Fitch. А таксама разьлічвае на дапамогу з боку Міжнароднага валютнага фонду.

«Беларусь падала заяўку на хуткае фінансаваньне з боку МВФ, а таксама вядзе перамовы аб двухбаковых пазыках з Кітаем», — гаворыцца ў прэс-рэлізе агенцтва з нагоды пацьверджаньня крэдытных рэйтынгаў Беларусі.

Паводле Fitch, плянавае пагашэньне вонкавага доўгу Беларусі ў 2020 годзе складае 2,5 млрд даляраў, зь якіх амаль 800 мільёнаў (30% ад агульнай сумы) выплацілі ў першыя чатыры месяцы году.

Летась у канцы сьнежня Беларусь прыцягнула пяцігадовы крэдыт Банку разьвіцьця Кітаю на 3,5 млрд юаняў (прыкладна 500 млн даляраў у эквіваленце). Гэты крэдыт стаў альтэрнатывай расейскаму дзяржаўнаму крэдыту на 600 млн даляраў, перамовы аб якім безвынікова вяліся цягам мінулага году.

Раней Менск прыцягваў толькі зьвязаныя крэдытныя рэсурсы з Кітаю, якія накіраваныя на рэалізацыю інвэстыцыйных праектаў і прадугледжваюць імпарт кітайскага абсталяваньня і паслуг.

Беларускія ўлады маюць намер прыцягнуць з замежных рынкаў 2-2,5 млрд даляраў для падтрымкі і стымуляваньня эканомікі ва ўмовах рэцэсіі на фоне глябальнай пандэміі каранавірусу.

14 траўня Аляксандар Лукашэнка спытаў у кіраўніка ўраду Сяргея Румаса, якая сытуацыя ў сфэры дзяржаўнага доўгу. Сам Лукашэнка разьлічвае на фінансавыя паступленьні з боку міжнародных арганізацый, у першую чаргу МВФ.

«Я даручаў ураду найперш заняцца гэтымі пытаньнямі. Ну і іншыя міжнародныя банкаўскія арганізацыі, якія ня супраць нас прафінансаваць у гэты час, у тым ліку ў ахове здароўя», — сказаў ён.

13 траўня кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Павал Калавур заявіў, што перамовы з МВФ працягваюцца, а тэрміны дасягненьня дамоўленасьцяў пакуль неакрэсьленыя.

«Цяпер Беларусь знаходзіцца ў працэсе дыялёгу з пэрсаналам Міжнароднага валютнага фонду. Яны ацэньваюць сытуацыю, якая склалася ў Беларусі, мы параўноўваем нашыя прагнозы. Таму ідзе звычайны руцінны дыялёг», — сказаў банкір падчас онлайн-брыфінгу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG