Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Валера Цапкалы: Яго пакрыўдзілі, калі пагналі з Парку высокіх тэхналёгіяў


Валер Цапкала падчас прэс-канфэрэнцыі 21 траўня

Ніна Пятроўна, маці Валера Цапкалы, які зарэгістраваны ў якасьці прэтэндэнта ў кандыдаты на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах, расказала Свабодзе пра сына.

Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі >>

Валер Цапкала нарадзіўся ў Горадні. Быў адзіным дзіцем у сям’і. Ягоныя бацькі працавалі інжынэрамі на самым буйным горадзенскім прадпрыемстве «Гродна Азот». Такую ж будучыню яны бачылі і для свайго сына.

Бацька Вільям Цапкала пайшоў з жыцьця 15 гадоў таму. Маці Ніне Пятроўне цяпер 83 гады.

— Раскажыце, які чалавек ваш сын?

— Нармальны чалавек. Усё, што вы прачыталі ў газэце, усё пра яго, напэўна, напісана. Я нават не чытала. Сын добры, і ўсё... Нармальны, любімы, адзіны сын.

— Вы падтрымліваеце сына ў тым, што ён вылучыўся на кандыдата ў прэзыдэнты?

— Я б не хацела выступаць «за» ці «супраць». Што я магу сказаць?

— Вы рады ўвогуле?

— Я думаю, што гэта бессэнсоўна.

— Вы яго адгаворвалі?

— Ён са мной не размаўляў, ня раіўся. Я пра гэта даведалася ад людзей, якія чыталі газэты, ад суседзяў. Ніхто нічога мне асабіста дагэтуль не сказаў. Пасьля гэтага я не магу да яго [сына] дазваніцца. Ён не бярэ трубку.

Маці расказала, што ў дзяцінстве Валер быў не выдатнікам і не сярэднім вучнем, хутчэй «харашыстам». Больш любіў чытаць кнігі, чым гуляць у футбол. Бацькі хацелі, каб Валер пайшоў іхным шляхам і працаваў інжынэрам на «Гродна Азоце». Аднак сын пасьля вучобы ў Беларускім тэхналягічным інстытуце і службы ў арміі вырашыў паступаць у Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін. Бацькі не прадбачылі, што Валер стане ажно такім вядомым. Маці заўжды ганарылася сынам, як і цяпер, бо ён усяго дасягаў самастойна.

Валер Цапкала з жонкай Веранікай
Валер Цапкала з жонкай Веранікай

«Што я кепскага магу сказаць? Я ня ведаю грубых словаў, ніякіх абразаў. Ніякіх скандалаў у нас не было. Ён вырас у такой сям’і. У нас не было сварак, абразаў, нічога. Проста мы працавалі», — разважае маці патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты.

Цяпер Валер, па словах маці, наведвае яе ў Горадні штомесяц.

«Я састарэлая. Тры інфаркты. Які сын ня будзе прыяжджаць? Ён прыяжджаў кожны месяц. А якія прадукты цяпер везьці? Ідзе заўжды з прадуктамі, з торбай», — расказвае Ніна Пятроўна.

Па ейных словах, па хаце ёй дапамога ад сына не асабліва патрэбная. Калі трэба было зрабіць рамонт, то яна наймала майстроў.

«Дыван, калі трэба было, па старой традыцыі, вытрасе», — расказвае яна пра тое, што сын можа зрабіць з хатніх справаў.

Ніна Пятроўна кажа, што вельмі перажывае за сына, што цяпер ня мае здароўя сачыць за выбарчай кампаніяй, бо можа атрымаць чацьвёрты інфаркт. Яна перажывае за кожны артыкул, які выходзіць пра Валера Цапкалу.

«Перажываю за тое, што яго пагналі з Парку высокіх тэхналёгій. Я атрымала інфаркт. Калі ён лічыць, што трэба паўдзельнічаць у гэтым [у выбарах], — там жа іх, па-мойму 14 чалавек, калі не лічыць прэзыдэнта, — значыць, так лічыць. Ён заўжды рабіў, ішоў да сваёй мэты. Ён цяпер чалавек беспрацоўны, можна сказаць. Тое, што ён стварыў Парк высокіх тэхналёгій, а яго выгналі — як я магу ставіцца?.. Як маці я лічу, што сына майго пакрыўдзілі», — кажа Ніна Пятроўна.

Валеру Цапкалу 55 гадоў. Ён кандыдат юрыдычных навук у сфэры міжнароднага права. Мае досьвед у палітыцы, у 1994 годзе быў адным з кіраўнікоў перадвыбарчага штабу Лукашэнкі. Мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара. Быў паслом Беларусі ў ЗША і Мэксыцы з 1997 па 2002 год.

З 2005 па 2017 год кіраваў адміністрацыяй Парку высокіх тэхналёгій, стварэньне якога лічыцца ягонай ідэяй. У 2017 годзе Лукашэнка яго звольніў. Месца Цапкалы заняў былы стваральнік і лідэр моладзевых праўладных арганізацый і галоўны ідэоляг Усевалад Янчэўскі. Ён імкнуўся прыменшыць дасягненьні ПВТ пад кіраўніцтвам Цапкалы, замоўчваў ягонае прозьвішча ў сваіх выступах, інтэрвію.

Пра намер балятавацца Цапкала заявіў у Фэйсбуку, актыўна выкарыстоўвае ў сваёй кампаніі сацыяльныя сеткі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG