Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ведаў, колькі ад мацёры мусіць нарадзіцца парасят». Цапкала патлумачыў, чаму на першых выбарах працаваў на Лукашэнку


Валеры Цапкала падчас першай прэс-канфэрэнцыі, Менск, 21 траўня
Валеры Цапкала падчас першай прэс-канфэрэнцыі, Менск, 21 траўня

«Калі вы расчараваліся ў Аляксандру Лукашэнку?» — спытала Радыё Свабода ў Валера Цапкалы падчас прэсавай канфэрэнцыі. Цэнтральная выбарчая камісія 20 траўня зарэгістравала ініцыятыўную групу Цапкалы для збору подпісаў для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах.

У 1994 годзе падчас выбараў прэзыдэнта Беларусі Валер Цапкала быў адной з ключавых фігураў каманды Аляксандра Лукашэнкі.

УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«У 1994 годзе было вялізнае жаданьне беларускага грамадзтва на перамены, — адказаў Цапкала. — У той час мы асацыявалі рух наперад Беларусі зь цяперашнім прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Была вельмі моцная каманда — і Віктар Ганчар, і Аляксандар Фядута, і Юры Захаранка, Анатоль Лябедзька, якога я паважаю за прынцыповую пазыцыю».

Далей Валер Цапкала патлумачыў, чаму Аляксандар Лукашэнка атрымаў такую моцную падтрымку і перамог на выбарах.

«На той час ён быў сапраўды блізкі, быў блізкі да маёй бабкі, бо ён ведаў, колькі ад мацёры мусіць нарадзіцца парасят. Ён быў блізкі тым, хто яшчэ быў выхадцам зь вёсак, бо ён разумеў, колькі курэй мусіць пакрываць певень. Ён ведаў, колькі цэнтнэраў сіласу можна вырабіць на адным гэктары. Гэта было блізка і імпанавала, — сказаў Цапкала. — Але я думаю, што трэба даўно адыходзіць ад традыцыйных сельскіх укладаў».

«Мы адна нацыя, адзін народ. Мы не павінны вырашаць сілавым чынам ніякія праблемы. Мы ўсе пытаньні павінны вырашаць за сталом перамоваў. Ня трэба дзяліць на ворагаў і сяброў, на белых і чырвоных, на ўлады і апазыцыю. А хто з кім быў, якая розьніца?» — сказаў Цапкала.

Ініцыятыўная група Цапкалы налічвае 884 чалавекі. Яна адна сярод 15, якім ад сёньня можна зьбіраць подпісы за вылучэньне свайго кандыдата (набраць трэба 100 тысяч подпісаў да 19 чэрвеня ўключна).

Цапкала мае досьвед у палітыцы, у 1994 годзе быў адным з кіраўнікоў перадвыбарчага штабу Лукашэнкі. Пра свой намер балятавацца заявіў у «Фэйсбуку», актыўна выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі ў сваёй кампаніі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG