Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З 27 дзяцей у групу ходзяць трое». Што адбываецца ў дзіцячых садках Менску, дзе ў супрацоўнікаў выявілі COVID-19


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле падлікаў Свабоды, такіх садкоў у сталіцы пакуль пяць. Прынамсі чатыры зь іх працягваюць працаваць.

Пра першы выпадак каранавірусу ў пэрсаналу дзіцячага садка Менску стала вядома 30 сакавіка. Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёну Менску Людміла Філіповіч пацьвердзіла Свабодзе, што каранавірус выявілі ў адной з супрацоўніц садка №566.

Праз два дні пасьля гэтага партал Tut.by паведаміў пра выпадак захворваньня ў садку №398 у Фрунзенскім раёне.

Яшчэ празь некалькі дзён зьявілася інфармацыя пра падазрэньне на каранавірус у супрацоўніцы дзіцячага садка №455, разьмешчанага ў Маскоўскім раёне Менску. Пасьля — у садку №434 у Савецкім раёне.

Апошняе на гэты момант паведамленьне пра выпадак захворваньня ў дзіцячым садку зьявілася ў пятніцу 9 красавіка. Чацьвёртай установай стаў дзіцячы садок №479 у Заводзкім раёне. Як пісаў Tut.by, каранавірус знайшлі адразу ў двух супрацоўнікаў.

Зьвязацца з садком №434 раніцай 14 красавіка не ўдалося. Ды астатнія чатыры дашкольныя ўстановы працягваюць працаваць. У тым ліку садок №479.

«Я вам нічога не скажу! Садок працуе, — паведаміла Свабодзе галоўная спэцыялістка аддзелу дашкольнай, агульнай сярэдняй і спэцыяльнай адукацыі Заводзкага раёну Менску Эла Новікава. — Больш нічога не магу сказаць, зьвяртайцеся да кіраўніка аддзелу».

Кіраўніца аддзелу Кацярына Станілевіч таксама ня стала камэнтаваць сытуацыю ў садку №479.

У самой дзіцячай установе Свабодзе на пытаньне аб выяўленьні ў супрацоўнікаў каранавірусу адказалі так: «Садок працуе. Гэта ўсё, што я вам магу сказаць. Дзеці ходзяць. Да пабачэньня».

Тым часам бацькі дзяцей з садка 479 расказваюць, што ён амаль пусты. На карантын закрылі тры групы з шасьці. У тыя, якія працягваюць працаваць, дзяцей амаль не адпускаюць.

«Ведаю, што тры групы не працуюць, — расказала Свабодзе маці аднаго зь дзяцей, якое ходзіць у 479-ы садок. — Тыя, дзе выявілі выпадкі каранавірусу, закрытыя. А астатнія працуюць. Калі хоць адно-два дзіцяці ёсьць, то працуюць. Ведаю, што ў адной групе тры чалавекі ходзіць, раней там было 27 дзяцей. Мы таксама водзім дзіця ў сад. Ні муж, ні я ня можам застацца дома, праца не дазваляе гэтага зрабіць. Дзякуй Богу, пакуль усё ў парадку».

Жанчына расказвае, што пакідаць дома дзяцей змаглі тыя, хто можа аддаць іх бабулям і дзядулям.

«Шмат хто жыве са сваімі бацькамі, — гаворыць яна. У нас палова групы так, напэўна. Сумняваюся, што ўсе бацькі перасталі працаваць і сядзяць дома. У бацькоўскім чаце мы абмяркоўваем сытуацыю. Адна з маці была ў інфэкцыйным шпіталі, адпісвалася кожны дзень нам. Расказвала ўсё. Што зь ёй, што зь дзіцём. Усё ў парадку цяпер. Ужо амаль усіх выпісалі нашых».

Дзіцячыя садкі працягваюць працаваць па ўсёй Беларусі. Школьныя вакацыі, якія працягвалі ўжо двойчы (на гэты раз да 20 красавіка), іх не закранулі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG