Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дыскрымінуюць старых падчас пандэміі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«У Беларусі ёсьць два прыгожыя словы — любоў і каханьне, і кожны з нас мусіць палюбіць чалавека, не такога, як ён, каб даць яму магчымасьць мець каханьне ў жыцьці». Так лічыць герантоляг Кірыл Прашчаеў, які разам з Андрэем Ільніцкім заснаваў расейска-беларускі Навукова-дасьледчы мэдычны цэнтар «Геранталёгія». Доктар адказвае на 10 пытаньняў Свабоды пра дыскрымінацыю, у тым ліку і дыскрымінацыю падчас пандэміі.

Сьцісла

  • Узровень панікі і ксэнафобіі значна перавышае тую пандэмію, якую абвясьціла Сусьветная арганізацыя здароўя.
  • Палітра сэксуальнасьці значна большая, чым чалавек можа ўявіць.
  • Калі мужчына кахае жанчыну, ніводная сіла не прымусіць яго кахаць нейкага мужчыну.
  • Я думаю, што кожны мае сярод сваіх знаёмых ЛГБТ-чалавека, проста ён ня ведае, што гэты чалавек зьяўляецца такім.
  • Пажылых людзей, якія зьяўляюцца ВІЧ-носьбітамі, становіцца больш.

Ці ёсьць прыкметы дыскрымінацыі пажылых людзей падчас пандэміі каранавірусу?

Кірыл Прашчаеў
Кірыл Прашчаеў

— Так не здаецца. Каранавірусная інфэкцыя адносіцца да групы вострых рэсьпіраторных захворваньняў, у гэтай жа групе розныя віды грыпу. Пры гэтых інфэкцыях пажылыя людзі і людзі зь цяжкімі хваробамі знаходзяцца ў групе рызыкі. Таму нельга казаць, што з пункту гледжаньня арганізацыі дапамогі яны знаходзяцца ў горшых умовах: наадварот, да іх якраз увага мэдыкаў большая.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Ці праўда, што прызнаньне дыскрымінацыі — крок да яе пераадоленьня?

— Гэта так. Калі называем рэчы сваімі імёнамі, лягчэй выпрацоўваць мэханізмы. Дыскрымінацыя — цікавая зьява ў тым сэнсе, што яна ўнівэрсальная. Дыскрымінацыя мае глыбокія карані. Трэба выступаць супраць яе як цэласнай праблемы. У аснове дыскрымінацыі ляжыць стыгматызацыя, а гэта сытуацыя, калі людзям, якія знаходзяцца ў меншасьці, мы надаём рысы, якія насамрэч іх ня тычацца, і асацыюем іх зь нейкімі нэгатыўнымі зьявамі.

Напрыклад, эйджызм, дыскрымінацыя паводле ўзросту: калі чалавек пажылы, значыць, у яго з мазгамі штосьці ня так. Гэта папраўдзе ня так. Частка людзей старога ўзросту хварэе на дэмэнцыю, і чым старэйшы чалавека, тым болей шанцаў у яго захварэць. Але гэта не азначае, што кожны чалавек мае такія праблемы. Дыскрымінацыя пераносіцца цалкам на групу людзей, якія маюць такую прыкмету, як пажылы ўзрост. Гэта ідзе ад недасьведчанасьці і неадукаванасьці і ў выніку вядзе да страху. Калі мы баімся, то спрабуем адгарадзіцца ад гэтага.

Чаму рэлігійныя арганізацыі Беларусі занялі надзвычай жорсткую і актыўную пазыцыю ў дачыненьні да найбольш дыскрымінаванай у Беларусі групы, ЛГБТ-людзей?

— Чалавек — гэта біяпсыхасацыяльная істота. І з пункту гледжаньня сацыяльнай біялёгіі і мэдыцыны сэксуальнасьць чалавека — гэта вельмі шырокае паняцьце. Палітра сэксуальнасьці значна большая, чым чалавек можа ўявіць. Гомасэксуальныя адносіны паміж людзьмі заўсёды былі, ёсьць і будуць. Колькасьць людзей, якія маюць такі варыянт сэксуальнасьці, даволі стабільная ў грамадзтве. З пункту гледжаньня біялягічнай навукі гэта варыянт нормы.

З пункту гледжаньня сацыяльных пытаньняў гэтая зьява ніяк ня можа паўплываць на тыя каштоўнасьці, якія многія людзі называюць традыцыйнымі. Я так разумею, што пад гэтым разумецца сям’я, у якой ёсьць бацька, маці, дзеці. Але ЛГБТ-людзі ніяк не паўплываюць на гэтыя сем’і. Калі мужчына кахае жанчыну, ніякая сіла не прымусіць яго кахаць нейкага мужчыну. Гэтых людзей ня будзе ні больш, ні менш. Збор подпісаў за закон «супраць прапаганды ЛГБТ» адбываецца, на маю думку, празь недасьведчанасьць.

На жаль, многія людзі ў нашым грамадзтве дагэтуль глядзяць на функцыю чалавека і на функцыю сэксуальных стасункаў толькі з пункту гледжаньня прадаўжэньня роду, нараджэньня дзіцяці. Гэта выключна біялягічны погляд на гэтую праблему, і, як мне здаецца, няслушны падыход. Ёсьць шмат гетэрасэксуальных шлюбаў, мужчын і жанчын, якія з розных прычынаў ня могуць мець дзяцей. Дык што, іх таксама дыскрымінаваць з пункту гледжаньня так званых традыцыйных каштоўнасьцяў, хіба гэта непаўнавартасная сям’я? Гэтая тэма не дыскутуецца належным чынам. Нашае грамадзтва знаходзіцца на барыкадах, мы ня чуем адзін аднаго.

У Беларусі ЛГБТ-людзі знаходзяцца ў цені, яны баяцца быць дыскрымінаванымі, яны не заяўляюць пра сябе, і таму людзям здаецца, што гэтай зьявы няма побач зь імі. Хаця я думаю, што кожны мае сярод сваіх знаёмых ЛГБТ-чалавека, проста ён ня ведае, што гэты чалавек зьяўляецца такім.

Ці былі ў вас пажылыя пацыенты, якія прызналіся, што маюць нетрадыцыйную арыентацыю?

— За ўсю маю шматгадовую практыку я ведаў толькі аднаго пацыента старога ўзросту, які адкрыў свой ЛГБТ-статус і пра якога клапаціўся партнэр. З аднаго боку, мяне не цікавіць асабістае жыцьцё маіх пацыентаў, бо мая задача як лекара лячыць хваробу. З другога боку, сацыяльнае становішча чалавека, асабліва пажылога ўзросту, вельмі важнае, таму што мы, напрыклад, павінны разумець, ці будзе мець наш пацыент дома добры догляд, і кансультуем, як яго арганізаваць.

Па сутнасьці, пажылыя ЛГБТ-людзі — невідзімкі. І тут узьнікае маса праблем: пытаньні догляду, наведваньня, сындром адзіноты, самадыскрымiнацыi. Ёсьць і пытаньні мэдыцынскага пляну: напрыклад, высокая рызыка нетрыманьня мачы ў людзей, якія прайшлі хірургічную карэкцыю полу. Гэта і пытаньні працяглай замяшчальнай гарманальнай тэрапіі пры зьмене полу ў людзей, якія дажылі да старэчага ўзросту.

Як узьнікае самадыскрымінацыя паводле ўзросту, калі «мне нічога ня трэба ўжо»?

— Самадыскрымінацыя паводле ўзросту сама па сабе не ўзьнікае. Як правіла, яна ідзе ад таго, што ў грамадзтве ёсьць дух дыскрымінацыі. Чым больш будзе талерантнае грамадзтва, тым менш будзе і самадыскрымінацыі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У пажылым узросьце чалавек, калі мае яшчэ і нейкую асаблівасьць, знаходзіцца пад ударам двайной і трайной дыскрымінацыі. Я спрабую змагацца з дыскрымінацыямі паводле ўзросту, паводле гендэру, паводле сэксуальнай арыентацыі, паводле нацыянальнасьці.

Зь якімі праблемамі сутыкаюцца пажылыя людзі з дыягназам СНІД, ВІЧ?

— Сталых людзей, якія зьяўляюцца ВІЧ-носьбітамі, становіцца больш. Сучасная схема тэрапіі значна больш эфэктыўная, чым некалькі дзясяткаў гадоў таму. Людзі сталі дажываць да пажылога ўзросту. Пажылыя людзі маюць большую сэксуальную актыўнасьць, чым раней. Ёсьць недасьведчанасьць, калі пажылыя людзі лічаць прэзэрватыў сродкам супраць цяжарнасьці, а не прафіляктыкай СНІД. Сталых і пажылых людзей з дыягназам СНІД, ВІЧ будзе больш. І дыскрымінацыя застаецца.

Нядаўна мяне папрасілі быць экспэртам пры распрацоўцы рэглямэнту для накіраваньня ў адзін прыватны дом для пажылых людзей у Расеі. І я са зьдзіўленьнем пачытаў у праекце, што людзі зь ВІЧ-пазытыўным статусам — гэта супрацьпаказаньне для накіраваньня туды. На пытаньне, чаму, распрацоўнікі адказалі: «Вы ж разумееце». Я сказаў, што калі зыходзіць з гэтай лёгікі, то чаму туды не забаронена накіроўваць носьбітаў гепатыту В і С. Адказу няма. Людзі, якія маюць ВІЧ-пазытыўны статус, ня кажуць сваім знаёмым пра гэта, бо яны баяцца дыскрымінацыі.

Ці можа быць дыскрымінацыя, зьвязаная з распаўсюдам каранавіруснай інфэкцыі?

— На вялікі жаль, узровень панікі і ксэнафобіі значна перавышае тую пандэмію, якую абвясьціла Сусьветная арганізацыя здароўя. У першыя тыдні панікі ў некаторых краінах былі абвесткі, што людзям кітайскай нацыянальнасьці забаранена ў транспарт заходзіць. У Беларусі сытуацыя, на шчасьце, у пляне ксэнафобіі не такая, такога няма. Мяне насьцярожыла пытаньне, якое прагучала на прэсавай канфэрэнцыі Міністэрства аховы здароўя, калі адзін з карэспандэнтаў спытаў пра грамадзяніна, які захварэў на пнэўманію, ці будзе ён прыцягнуты да адказнасьці за тое, што не паведаміў своечасова пра гэта. Мне здаецца, што першай рэакцыяй было б спытацца, а якое адчуваньне ў гэтага чалавека. Гэтае пытаньне можа быць, але ўсё ж яно другаснае.

Наколькі часта ў вашай практыцы вы сустракаліся з дыскрымінацыяй паводле веравызнаньня?

— Мы ўсё ж жывём у грамадзтве, дзе прызнаецца наяўнасьць розных веравызнаньняў, але мы можам ненаўмысна дыскрымінаваць чалавека. Напрыклад, у доме-інтэрнаце пражывае 200 чалавек. Арганізуюцца сьвяты на праваслаўныя Вялікдзень, Каляды. І жыве адзін мусульманін (цi юдэй і г. д.). Ён нікому не сказаў пра сваё жаданьне, пасаромеўся. А ў яго не спыталі, хто ён паводле веравызнаньня і ці хоча сьвята.

У мяне быў выпадак, калі я на курсах павышэньня кваліфікацыі ў лекцыі расказаў пра гэта, а праз два месяцы мне патэлефанавала слухачка і падзякавала. Яна дырэктарка дома-інтэрнату, вярнулася з курсаў, правяла апытаньне і выявіла, што ў яе доме-інтэрнаце пражываюць двое мусульман. У выніку яны арганізавалі сустрэчу з імамам, адвезьлі гэтых пажылых людзей на мерапрыемства з удзелам мусульманскай дыяспары, і, як яна сказала, «гэтыя людзі расквітнелі і памаладзелі на вачах».

Калі адбываецца дыскрымінацыя паводле моўнай прыкметы?

— У Чэхіі ў адным з дамоў-інтэрнатаў убачыў, што ўсе паказчыкі прадубляваныя на прышпiленых паперках на расейскай мове. Пацікавіўся, чаму. «Таму што ў нас жыве адна жанчына з Расеі — яе дзеці, якія жывуць у Чэхіі, забралі да сябе, але самі ўжо ня могуць даглядаць, і цяпер гэтая жанчына жыве ў нас. Але яна ж ня ведае чэскай, а мы павінны максымальна зрабіць яе пражываньне камфортным». Калегі з Галяндыі расказвалі пра падобны досьвед. Пры дэмэнцыі памяць чалавека — гэта як кніга, якая гартаецца ў зваротным кірунку. Мігранты, якія пакутуюць ад дэмэнцыі, могуць забываць галяндзкую мову. І ў гэтым выпадку падбіраюць сацыяльнага работніка з маладога пакаленьня мігрантаў, каб яны маглі размаўляць з кліентам на яго роднай мове.

Што аб’ядноўвае ўсе гэтыя праблемы?

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

— У пажылым узросьце людзі любяць успамінаць і дзяліцца гісторыямі свайго каханьня. У кожнага ў жыцьці былі такія гісторыі: у каго кароткія, у каго доўгія, але яны абавязкова былі. Акрамя таго, ёсьць такі мэтад — тэрапія ўспамінамі (рэмінісцэнтная тэрапія), калі людзей выклікаюць на такія ўспаміны, і гэта паляпшае іх кагнітыўныя функцыі, зьніжае ўзровень дэпрэсіі. А нам цікава слухаць гэтыя гісторыі. А вось людзі з дыскрымінаваных групаў ня могуць падзяліцца сваімі гісторыямі каханьня.

Усе гэтыя праблемы аб’яднаныя ў нейкі гуманітарны блёк. Недыскрымінаваныя людзі могуць з радасьцю расказаць гісторыю каханьня, а людзі гомасэксуальнай арыентацыі, трансгендэры, з ВІЧ-інфэкцыяй, з дэмэнцыяй; людзі, якія маюць іншае веравызнаньне, іншую мову — іх аб’ядноўвае тое, што яны гэтай гісторыі расказаць ня могуць, таму што гэта табу для астатніх. Калі паглядзець на гэта з пункту гледжаньня беларускай мэнтальнасьці, то ў нас ёсьць два вельмі добрыя, прыгожыя словы — любоў і каханьне. І кожны з нас мусіць палюбіць чалавека, не такога, як ён, каб даць яму магчымасьць у жыцьці мець каханьне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG