Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Годзе распальваць нянавісьць». Да беларускіх хрысьціянаў зьвярнуліся прыхільнікі гендэрнай роўнасьці


Ілюстрацыйнае фота

52 тысячы подпісаў за закон аб забароне «прапаганды гомасэксуалізму і іншых полавых вычварэньняў» накіраваныя асабіста Аляксандру Лукашэнку. За такую «прапаганду» вернікі прапануюць увесьці крымінальную адказнасьць.

Збор подпісаў ініцыяваў фонд «Адкрытыя сэрцы», падтрымалі Каталіцкая і Праваслаўная цэрквы. На прэс-канфэрэнцыі аб перадачы подпісаў прысутнічалі духоўнік Сьвята-Елісавецінскага манастыра протаярэй Андрэй Лемяшонак і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Недзяржаўная ўстанова падтрымкі праектаў сфэры гендэрнай роўнасьці Makeout апублікавала заяву ў сувязі з ініцыятывай вернікаў. Іх просяць «спыніць распальваньне нянавісьці», грамадзянскую супольнасьць просяць адрэагаваць на дыскрымінацыю, а ўрад Беларусі — прыняць антыдыскрымінацыйны закон, які абараніў бы ўсіх грамадзянаў без выключэньняў.

«Нам кажуць: „Мы абараняем нашых дзяцей“. Мы таксама дзеці, — піша Makeout. — Дзеці, якіх цкуюць. Дзеці, ад якіх адмовіліся. Мы таксама бацькі, і нашы дзеці хочуць жыць бяз страху за сябе і сваю сям'ю.

Нам кажуць: „Беларусы падзяляюць нашую ініцыятыву“. Мы таксама беларусы, мы плацім падаткі, вучымся і працуем у гэтай краіне. Мы дочкі і сыны, суседзі і калегі.

Нам кажуць, што подпісы ставілі праваслаўныя і каталікі. Мы таксама вернікі. Мы ходзім у цэрквы і касьцёлы, хопіць рабіць выгляд, што ЛГБТ-прыхаджанаў не існуе».

Makeout мяркуе, што ЛГБТ-людзей у Беларусі менш, чым падпісантаў звароту да Лукашэнкі (надзейнай статыстыкі або масавых апытаньняў аб колькасьці ЛГБТ-людзей у Беларусі не было). Але нават калі ЛГБТ-людзей менш за 50 тысяч, у звароце пытаюць: ці можна адмаўляць іх існаваньне і гаварыць пра іх як пра «людзей другога гатунку»?

Раней іншая беларуская праваабарончая ініцыятыва, «Ідэнтычнасьць і права», напісала адкрыты ліст папу Францішку ў сувязі з заклікамі да забароны «прапаганды гомасэксуалізму».

Папу папрасілі зьвярнуць увагу на тое, што ў Беларусі ад імя Каталіцкай царквы заклікаюць забараніць публічнасьць гомасэксуальнасьці; публічна выказацца пра збор подпісаў «супраць ЛГБТ-людзей» і зьвярнуцца да мітрапаліта Кандрусевіча з просьбай не перасьледаваць гомасэксуалаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG