Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я вернік і гей». Беларускі каталік тлумачыць кліру, чаму ў гэтым няма супярэчнасьці


Вясельле. Ігар Іваноў (справа) з сужэнцам Тыо

Каталіцкі касьцёл Беларусі зьбірае подпісы пад зваротам да Лукашэнкі ў абарону традыцыйнай сям’і і з заклікам прыняць закон супраць прапаганды аднаполых адносін.

Ігар Іваноў — верыць у Бога, кахае свайго мужа і лічыць, што клір удзельнічае ў чалавеканенавісьніцкай кампаніі. Ігар паходзіць з праваслаўнай сям’і з Расоншчыны. У 1990-я гады трапіў у грэка-каталіцкую царкву і стаў вернікам. Атрымаў багаслоўскую адукацыю ў Вялікабрытаніі, але сьвятаром ня стаў. Прычынай была сэксуальная ідэнтычнасьць.

Апошнія 20 год Ігар жыве ў Лёндане, тры зь іх — у аднаполым шлюбе. Кіруе бібліятэчным сэрвісам у брытанскай прыватнай кампаніі з галіны вышэйшай адукацыі.

З чаго раптам мы пра гэта гаворым:

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
  • Экспэртная рада па пытаньнях жыцьця і сям’і пры Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з адмысловым зваротам, у якім адзначаецца, што ў Беларусі ўсё актыўней праяўляюцца тэндэнцыі непавагі да духоўных каштоўнасьцяў інстытуту сям’і.
  • Вінаватыя ў гэтых «тэндэнцыях непавагі», на думку рады, СМІ і сацыяльныя сеткі.
  • Рада просіць Лукашэнку заканадаўча забараніць прапаганду аднаполых зносінаў сярод непаўналетніх.
  • У звароце аднаполыя шлюбы называюцца «садомскім грахом, які зьяўляецца адным з чатырох грахоў, якія клічуць аб помсьце да Неба». Касьцёл лічыць, што ўдзельнікі такіх шлюбаў «сьвядома парушаюць шостую Божую запаведзь», і просіць маліцца за іх, а саміх прадстаўнікоў ЛГБТ заклікае да навяртаньня.
  • Ініцыяваў гэтую кампанію мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

«У Бібліі няма нічога пра грэх гомасэксуальнасьці»

Ігар на прайдзе ў Лестэры (Ангельшчына) разам з каталіцкай групай
Ігар на прайдзе ў Лестэры (Ангельшчына) разам з каталіцкай групай

— Каталіцкая царква асуджае гомасэксуалізм і лічыць яго грахом. Вы адкрыты гей і вернік. Вы ня бачыце тут супярэчнасьці?

— Я гей і вернік, і я ня бачу тут супярэчнасьці. Людзі нараджаюцца рознымі. Калі мы паглядзім на людзей з розным колерам скуры, то ніхто ж ня можа забараніць ім верыць.

— Але касьцёл не выступае супраць іншага колеру скуры і тым больш не спасылаецца ў гэтым пытаньні на Біблію, называючы колер скуры грахом.

— У Бібліі няма нічога і пра грэх гомасэксуальнасьці. Там ёсьць шмат пра грэх гвалту над людзьмі, пра выкарыстаньне сэксу для прыніжэньня чалавека, цэлых народаў, палонных, калі мы кажам пра Стары Запавет. У Новым Запавеце гаворка пра канфлікт паміж хрысьціянствам і старажытнымі рэлігійнымі паганскімі традыцыямі, якія ў той ці іншай ступені былі адкрытыя для розных сэксуальных практык. Але для хрысьціянства, прынамсі ў той час, такога пытаньня проста не існавала.

Ніхто ня можа забараніць гею, лесьбіянцы ці трансгендэру верыць. Мы да канца ня ведаем, адкуль вера прыходзіць да нас. Гэта цуд. Таму ў мяне ёсьць сур’ёзнае пытаньне да царквы: што яна будзе рабіць, калі ў чалавека ёсьць вера, і ці можа царква прыняць гэтага чалавека?

«Касьцёл павінен заставацца домам для ўсіх, у тым ліку і для рэлігійных фанатыкаў»

Бібліятэчны кангрэс у Менску. У Лёндане Ігар працаваў у Скарынаўскай бібліятэцы
Бібліятэчны кангрэс у Менску. У Лёндане Ігар працаваў у Скарынаўскай бібліятэцы

— Папа Францішак не выказваецца варожа супраць геяў, але гэта ня значыць, што Ватыкан зьмяніў сваю пазыцыю наконт гомасэксуальнасьці. Сьвяты Пасад і далей лічыць, што гэта ня той напрамак, куды павінен рухацца сьвет. Як вы, як каталік, пагаджаеце гэта ў сваёй галаве?

— Каталіцкі касьцёл заўсёды быў здольны ўключыць у сябе абсалютна процілеглыя ідэі. У гэтым сэнсе ён заўсёды быў адзіным Божым домам, у якім ёсьць шмат пакояў для ўсіх. Цяперашні папа спрабуе нікога не асуджаць, падтрымлівае вельмі многіх, і мы ведаем, што ён асабіста зьвяртаўся да некалькіх адкрытых геяў, публічных пэрсонаў, з падтрымкай. Самы апошні прыклад — гэта каталіцкі сьвятар і адкрыты гей Джэймс Алісан. Нядаўна ён распавёў, што два гады таму да яго патэлефанаваў папа і сказаў: — Ты маеш ключы Пятра, ты разумееш, што я табе кажу? І гэта сьведчаньне таго, што папа таксама разумее — каталіцкі касьцёл немагчыма перавярнуць у адзін дзень, а магчыма, увесь не атрымаецца перавярнуць ніколі. Ён павінен заставацца домам для ўсіх, у тым ліку і для рэлігійных фанатыкаў, якія памыляюцца. Як так зрабіць, каб касьцёл прымаў усіх, у каго ёсьць вера? Я думаю, што ў цяперашняга папы ёсьць вельмі глыбокае разуменьне — як.

«Я ня стаў сьвятаром, бо гэта было б жыцьцё ў пакутах»

Ігар Іваноў на працы
Ігар Іваноў на працы

— Калі вы паехалі вучыцца ў сэмінарыю, то вы ўжо ведалі, што вы гей?

— Так, ведаў. Але я сказаў пра гэта вельмі нешматлікім людзям і толькі аднаму сьвятару на споведзі. І менавіта ў працэсе свайго навучаньня я зразумеў, наколькі абсурдным было б саромецца і баяцца, жыць у гэтым страху і дэпрэсіі ўсё маё жыцьцё. Мае настаўнікі ў сэмінарыі дапамаглі мне адаптавацца да маёй уласнай ідэнтычнасьці. Але я ня стаў сьвятаром па сваім уласным рашэньні, хоць і скончыў свой багаслоўскі курс. Я проста вырашыў, што гэта будзе для мяне жыцьцём у пакутах. Гэта б стварыла канфлікты ўнутры мяне і дадало б праблемаў царкве. Таму я вырашыў жыць іншым жыцьцём.

— А чаму тады, ведаючы, што вы гей і што царква мае з гэтым праблему, усё ж вырашылі стаць сьвятаром?

— Гэта вельмі тыпова для каталіцкіх хлопчыкаў. Таму што каталіцкае сьвятарства — гэта вельмі прывабная мадэль выжываньня ў гамафобным грамадзтве. Бо калі ты сьвятар, то ня трэба нікому тлумачыць, чаму ты не жанаты і не сустракаесься зь дзяўчатамі.

— Ці сустракалі вы сьвятароў у Беларусі, якія б казалі, што вы ня маеце права верыць і хадзіць у касьцёл, таму што вы гей?

— Я сустракаўся з самымі рознымі ідэямі і словамі, у тым ліку і з крывадушшам, са сьвятарамі, якія казалі адно, а рабілі другое. У той жа час я сустракаў сьвятароў, якія не казалі нічога і ціха рабілі правільную справу. Яны прымалі кожнага, хто верыць у Хрыста і хацеў бы быць у царкве.

— Чаму тады вы не захацелі стаць такім сьвятаром, які б прымаў усіх?

— Я не хацеў жыць у крывадушшы. Быў адзін канкрэтны момант. Заканчвалася маё навучаньне ў Лёндане, была магчымасьць працягнуць яго годам у Рыме, у Грэцкай калегіі. У мяне ўжо быў квіток у адзін бок. Перад гэтым я паехаў на канфэрэнцыю для ЛГБТ-каталікоў, якой ужо 40 гадоў, яна называецца Quest. Там я сустрэўся з багасловам Джэймсам Алісанам, адным з самых цікавых галасоў у разважаньні пра сэксуальнасьць і каталіцтва. Я спытаўся ў яго пра параду. А ён задаў мне пытаньне: «А ты зможаш заўсёды казаць праўду?» Я падумаў, што ніколі не змагу нічога абяцаць, таму лепш уцячы. У той момант гэта былі ўцёкі, каб уратавацца.

«У ЛГБТ ёсьць усё: ад абсурднай забавы да рэлігіі»

Прайд у Бялградзе, Сэрбія
Прайд у Бялградзе, Сэрбія

— Ня ўсе вернікі і нават ня ўсе хрысьціянскія канфэсіі адназначна асуджаюць ЛГБТ. Але з боку вашай супольнасьці і гендэр-актывістаў таксама гучаць вельмі радыкальныя лёзунгі ў адрас вернікаў. У Гішпаніі фэміністкі падчас Вялікага тыдня ў хрысьціянаў пранесьлі ў шэсьці лятэксавую вагіну ў выглядзе Божай Маці. На гей-парадах хрысьціянскія сымбалі выкарыстоўваюцца ў абразьлівым значэньні. Вам гэта падабаецца?

— Я разумею, адкуль такое бярэцца. Гэта цалкам заканамерная рэакцыя на гвалт. Але я лічу, што адказваць гвалтам на гвалт абсалютна неканструктыўна. Гэта не ідэальны адказ на гамафобію. Нашмат лепш, каб ЛГБТ-супольнасьць замест абразаў у адказ стварала структуры гасьціннасьці для вернікаў. Шмат дзе гэта і здараецца. І такіх арганізацыяў, як Quest, шмат ня толькі ў Брытаніі, а тут іх больш за дзясятак. Прыклад такіх групаў — гэта якраз адна з мадэляў, як ЛГБТ-супольнасьць можа адказваць на гвалт і падтрымліваць тых, каму даводзіцца існаваць з падвоеным выклікам. Бо адзін выклік — сэксуальнасьць, а іншы — вера. Калі я маю магчымасьць удзельнічаць у прайдах, то я далучаюся да хрысьціянскай групы.

— Гей-прайды шмат хто крытыкуе за эпатажнасьць, фокус на эротыку, за паводзіны на мяжы з добрым густам. Вам не замінала б ісьці з крыжам побач?

— Можа ня з крыжам, а з транспарантам і надпісамі на цішотках пра інклюзіўнасьць, сэксуальнасьць і веру. Канфлікту тут няма. Парад — гэта толькі частка прайду, бо апошні складаецца зь дзясяткаў, а то і сотняў падзеяў: ад паказаў фільмаў, дыскусіяў да гэтых шэсьцяў. У шэсьцях таксама спачатку не было адной задачы. Іх было некалькі, напрыклад, засьведчыць пра ўласную прысутнасьць. А дзеля гэтага трэба было кінуць выклік грамадзтву. Калі гамафобнае грамадзтва прыкрываецца мадэльлю сям’і і клопатам пра яе, адзін са спосабаў — паказаць, што сям’я — гэта ня толькі тое месца, дзе мужчына б’е жанчыну і дзяцей, або дзе дазволеныя разводы, а геі ня могуць нават пабрацца шлюбам.

Прайды застаюцца спробай аб’яднаць ЛГБТ-супольнасьць, паказаць яе разнастайнасьць. Там ёсьць усё, як і ў любой вялікай супольнасьці. Ад абсалютна абсурдных забаўляльных рэчаў да вельмі сур’ёзных рэчаў, якія могуць быць зьвязаныя з рэлігіяй, мастацтвам, самавызначэньнем. Тое, што там ёсьць хрысьціянскія групы, паказвае, што супольнасьць інклюзіўная, нармальная і жыве поўняй жыцьця. Што яна не зафіксаваная на сэксе і сэксуальных перажываньнях, што яна ўключае ў сябе ўсё разуменьне чалавецкасьці.

«Мама мяне падтрымала, і ў выніку наша сям’я развалілася»

— Ваша мама напісала зварот мітрапаліту Кандрусевічу, які ініцыяваў кампанію супраць «прапаганды аднаполых шлюбаў». Яна піша пра вас: «Прымірэньне з гомасэксуальнасьцю стала ключавым момантам яго эмацыйнага і маральнага сталеньня», а кампанію касьцёлу яна назвала шальмаваньнем. Як ваш камінг-аўт успрыняла сям’я?

— Мая маці, насамрэч, вельмі цяжка ўсё гэта перажыла. Ёй заняло год, каб з гэтым прымірыцца. Ёй давялося нават пайсьці да псыхоляга.

Надзея Іванова
Надзея Іванова


Мама хадзіла і ў царкву, дзе яе абразіў сьвятар, што яна кепская маці, калі выхавала такога сына. Хаця ў чым яна вінаватая? У выніку нашая сям’я развалілася. Адна частка стала супраць маці, якая пачала мяне падтрымліваць. Мама пачала ўглядацца ў маё жыцьцё. Яна заўважыла, напрыклад, што вынікам майго прымірэньня са сваёй сэксуальнасьцю стала тое, што я перастаў заікацца. Гэта, відаць, былі мае ўнутраныя жахі, каб гаварыць і выказаць сябе. І яны раптам пачалі зьнікаць. Я стаў больш упэўненым і вясёлым чалавекам. Мае бацькі не жывуць разам, але бацька аднойчы патэлефанаваў маці. Ён быў п’яны і хацеў паразмаўляць пра мяне, абразіць маці, што яна такая кепская. Але далей гэтая размова не пайшла. Бацька са мною не ў кантакце.

— Ваша мама таксама верніца?

— Так, але яна ня рыма-каталічка. Яна засталася ў праваслаўі. Але яна ходзіць са мною і ў грэка-каталіцкую царкву, і ў касьцёл.

«Мы не разбураем жыцьці іншых людзей»

— Каталіцкі касьцёл падкрэсьлівае, што ён выступае ня супраць людзей, а супраць граху і ў абарону сям’і, якая «зьяўляецца падмуркам грамадзтва». Што вы адкажаце на гэта кліру?

— Я ня зьдзіўлены, што каталіцкія сьвятары ўцягнуліся ў гэтую кампанію. Думаю, што гэта вынік недахопу разважаньня пра тое, што яны робяць. Гэта вельмі выразныя нападкі на канкрэтную групу людзей. Гэта ня проста пратэст супраць ідэалёгіі. Гэта пратэст супраць прапаганды аднаполых стасункаў. Супраць людзей, якія жывуць у гэтых стасунках. Сьвятары ўдзельнічаюць у чалавеканенавісьніцкай кампаніі.

Калі мы паставім на месца ЛГБТ у гэтым лісьце габрэяў, а на месца гендэрнай прапаганды — сіянізм, як будзе чытацца гэты тэкст? Гэта будзе абсалютна расісцкі тэкст. І людзі, якія б яго пісалі, былі б ужо ў Беларусі прыцягнутыя да адказнасьці. Праблема ў тым, што ў Беларусі няма заканадаўства, якое б абараняла людзей ад гвалту на глебе сэксуальнай і гендэрнай ідэнтычнасьці. Такое заканадаўства існуе ў ЭЗ.

Ігар і Тыо. Каляды ў Менску, 2018
Ігар і Тыо. Каляды ў Менску, 2018

Гэтая група нікому не замінае і ня шкодзіць. Людзі, якія камфортна жывуць са сваёй сэксуальнай ідэнтычнасьцю, яны не разбураюць жыцьці іншых людзей. Яны квітнеюць і жывуць больш багатым жыцьцём, замест таго каб быць у дэпрэсіі і ўчыняць самагубства. Баюся, што каталіцкі касьцёл увязаўся ў кампанію, якая можа прывесьці да крыміналізацыі жыцьця вельмі многіх людзей, да дэпрэсіі і суіцыдаў. На месцы каталіцкіх сьвятароў і арцыбіскупа я б вельмі моцна задумаўся.

На наступным тыдні чытайце на сайце Радыё Свабода гутарку з прадстаўніком каталіцкага касьцёлу пра ініцыятыву мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і стаўленьне касьцёла да ЛГБТ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG