Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік сынадальнай камісіі БПЦ: Крымінальная адказнасьць за ЛГБТ-прапаганду — гэта дыскрымінацыя


Вера і Павал Сердзюкі

Прапанова ўвесьці крымінальную адказнасьць за ЛГБТ-прапаганду носіць дыскрымінацыйны характар. Пра гэта заявіў у інтэрвію БелаПАН старшыня сынадальнай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы ў пытаньнях сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства протаярэй Павел Сярдзюк.

Сёньня ў Менску адбылася прэсавая канфэрэнцыя, у якой узялі ўдзел кіраўнік фонду «Адкрытыя сэрцы» Ўладзіслаў Валаховіч, духоўнік Сьвята-Елізавецінскага манастыра протаярэй Андрэй Лемяшонак і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Яны выступілі ад імя ініцыятараў звароту да кіраўніка дзяржавы з просьбай прыняць закон аб забароне ЛГБТ-прапаганды і ўвесьці за яе крымінальную адказнасьць.

Уладзіслаў Валаховіч паведаміў, што 52 тысячы чалавек падпісалі зварот да кіраўніка дзяржавы ініцыяваць прыняцьце ў Беларусі «закону аб забароне ЛГБТ-прапаганды, публічнай дэманстрацыі непаўналетнім гомасэксуалізму і іншых полавых вычварэньняў». У звароце ўтрымліваецца заклік увесьці за пазначаныя дзеяньні крымінальную адказнасьць.

Протаярэй Сярдзюк падкрэсьліў, што асабіста ён выступае супраць увядзеньня крымінальнай адказнасьці за ЛГБТ-прапаганду: «Ні я, ні мая жонка гэты зварот не падпісвалі, гэтак жа як мае прыхаджане. Калі ім прапанавалі гэта зрабіць, я выказаў сваю пастарскую пазыцыю. Можна колькі заўгодна казаць, што мы не займаемся палітыкай, але сёньняшняя прэсавая канфэрэнцыя і акцыя па падпісаньні звароту — палітычны крок касьцёлу».

«Галоўны фактар, якім хрысьціяне паўплывалі на навакольны сьвет — іх лад жыцьця. Я бачу глыбокую небясьпеку ў такога кшталту звароце. Мы выяўляемся людзьмі, якія, не маючы пераканаўчасьці сваім стылем жыцьця, спрабуюць зьвярнуцца да інструмэнтаў дзяржавы. Я перакананы, што супольнасьці, якая не так даўно, у XX стагодзьдзі, зазнала перасьлед, ні ў якім разе нельга ператварацца ў ганіцеляў, таму што гэтая сытуацыя можа павярнуцца роўна супраць нас» — сказаў протаярэй Сярдзюк.

Ён таксама выказаў меркаваньне, што прэсавая канфэрэнцыя «была вытрыманая ў вельмі агрэсіўным тоне і выкліча нэгатыўны рэзананс у грамадзтве».

«У дадзеным выпадку, — сказаў сьвятар, — зварот да кіраўніка рэспублікі зьяўляецца правакацыйным крокам, які прывядзе не да тых вынікаў, якія меркаваліся».

Кажучы пра ўдзел БПЦ у зборы подпісаў, протаіерэй Сярдзюк адзначыў, што «гэта ініцыятыва аднаго Сьвята-Елізавецінскага манастыра».

Духоўнік Сьвята-Елізавецінскага манастыра протаярэй Андрэй Лемяшонак заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што збор подпісаў і зварот — гэта пазыцыя царквы, якой, на ягоную думку, прытрымліваецца асноўная частка насельніцтва Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG