Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Колькасьць людзей, якім патрабуецца тэставаньне, будзе расьці». Якія сыстэмы тэстаў на каранавірус выкарыстоўваюць у Беларусі?


У Беларусі для правядзеньня дасьледаваньняў на COVID-19 выкарыстоўваюць сыстэмы тэстаў, вырабленыя ў Расеі навуковым цэнтрам вірусалёгіі і біятэхналёгіі «Вектор».

Невялікая частка тэст-сыстэмаў нямецкай вытворчасьці была пастаўлена праз Сусьветную арганізацыю здароўя (САЗ). Таксама Беларусь наладзіла ўласную вытворчасьць тэст-сыстэмаў дзякуючы таму, што атрымала структуру будовы самога вірусу.

Беларускія тэст-сыстэмы на каранавірус вырабляе Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар (РНПЦ) эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі.

З праблемай недахопу тэст-сыстэмаў сутыкаюцца ўва ўсіх краінах сьвету

«Тэсты ў нас вельмі добрай якасьці», — сказала карэспандэнту Свабоды намесьніца дырэктара цэнтру ў пытаньнях навуковай працы Аліна Дроніна.

Іншай інфармацыі ў цэнтры атрымаць не ўдалося, як і ў Міністэрстве аховы здароўя.

Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя Батыр Бердыклычаў назваў «даволі станоўчым фактарам» тое, што ў Беларусі наладзілі вытворчасьць айчынных тэст-сыстэмаў.

«Што да якасьці, то расейскія і нямецкія тэст-сыстэмы валідаваныя. Ухваляе якасьць тэст-сыстэмаў, вырабленых у Беларусі, Нацыянальны цэнтар экспэртызаў і мэдычных выпрабаваньняў. Але тое, што тэсты працуюць правільна і даюць якасны вынік, гарантуе пераправерка вынікаў, атрыманых пры выкарыстаньні беларускіх тэстаў, іншымі — нямецкімі ці расейскімі. Наколькі інфармуе Міністэрства аховы здароўя, разыходжаньняў не было, то бо даволі добрая якасьць», — сказаў карэспандэнту Свабоды Батыр Бердыклычаў.

Батыр Бердыклычаў
Батыр Бердыклычаў

Беларусь накіравала ў рэфэрэнс-лябараторыю Сусьветнай арганізацыі здароўя частку адмоўных і станоўчых вынікаў і атрымала пацьверджаньне надзейнасьці і якасьці «мясцовых тэстаў».

Паводле Міністэрства аховы здароўя, нямецкі інстытут імя Робэрта Коха пацьвердзіў, што тэсты «цалкам адпавядаюць нарматывам САЗ».

«Дасьледаваньні ўзораў, праведзеныя ў інстытуце імя Робэрта Коха ў Нямеччыне, цалкам пацьвердзілі вынік, атрыманы ў РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі», — паведаміла міністэрства 17 сакавіка.

Паводле Батыра Бердыклычава, цяпер асноўная праблема ў тым,што бракуе тэст-сыстэмаў ва ўсім сьвеце.

«У сьвеце патрэба забясьпечана на 40%. З гэтай праблемай сутыкаюцца ўсе краіны сьвету, бо неймаверна ўзрасла патрэба ў гэтых тэст-сыстэмах і вытворчыя магутнасьці проста не спраўляюцца. А гэта адна з рэкамэндацыяў — тэставаць і ізаляваць, інакш вірус немагчыма будзе перапыніць».

Ці досыць тэст-сыстэмаў у Беларусі і якія магутнасьці ўласнай вытворчасьці, удакладніць у Міністэрстве аховы здароўя не ўдалося. Раней намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан сказала ў інтэрвію тэлеканалу СТВ, што тэстаў хапае і ўжо паддалі тэстам больш за 19 тысяч чалавек.

Батыр Бердыклычаў мяркуе, што тэставаньне ў Беларусі ідзе паводле рэкамэндацыяў САЗ.

«Тэстуюцца тыя, хто прыбывае з эпідэміялягічна небясьпечных краін, тэстуюцца кантакты першага ўзроўню і блізкага кола, тых, хто быў у кантакце з інфікаваным. Ідзе вялікая праца, але я ня чуў, каб быў нейкі недахоп тэст-сыстэмаў. Але трэба мець на ўвазе, што эпідэмічны працэс разьвіваецца, гэтага, вядома, трэба чакаць. З часам колькасьць людзей, якім патрабуецца тэставаньне, будзе расьці. Тут можа ўзьнікнуць недахоп. Таму да гэтага трэба рыхтавацца: альбо закупляць, альбо нарошчваць вытворчыя магутнасьці. Бо тэмпы тэставаньня памяншаць нельга».

Закупіць нямецкія тэст-сыстэмы «крайне складана фізычна», лічыць Батыр Бердыклычаў, бо іх імкнуцца купіць усе краіны, патрэба ў іх вырасла.

«Таму тут рэч не ў цане, на гэта сродкі краіна магла б знайсьці. Усясьветны банк можа вылучыць нейкія сродкі як крэдыт для ўмацаваньня лякарняў і магчымасьцяў тэставаньня. Я ведаю, што ў Міністэрстве аховы здароўя ідзе абмеркаваньне і падрыхтоўка гэтага пытаньня. Ня думаю, што праблема ў грашах, праблема ў тым, каб знайсьці пастаўніка. З гэтай праблемай сутыкаюцца ўсе краіны сьвету».

Вынік тэсту можа быць атрыманы за 4 гадзіны

Час ад тэставаньня да атрыманьня выніку складае ад чатырох гадзін да сутак. Ці залежыць працягласьць тэставаньня ад вытворцы?

«Тэхнічна гэта прамая PCR (палімэразная ланцуговая рэакцыя), гэта тое тэставаньне, якое цяпер рэкамэндуецца і дае надзейныя вынікі. Тэхнічна гэта праходзіць каля 4 гадзін. Калі да сутак — то трэба дадаць фактары лягістыкі: трэба ўзяць мазок, даставіць у лябараторыю, апрацаваць, вынік давесьці да самога чалавека. У сярэднім у Менску людзі атрымліваюць адказ цягам 24 гадзін, на наступны дзень ім кажуць вынік. Гэта даволі стандартна, мэтодыка адна і тая ж і не залежыць ад вытворцы канкрэтнай тэст-сыстэмы».

Алена Богдан
Алена Богдан


Паводле намесьніцы міністра аховы здароўя Алены Богдан, Кітай перадае Беларусі 1008 панэляў для экспрэс-тэстаў, якія пачнуць рабіць неўзабаве. Абсьледаваньне экспрэс-тэстамі будуць праводзіць цэнтралізавана на нацыянальным узроўні. Пры вышэйшай нагрузцы адкрыюць некалькі новых лябараторыяў, якія, паводле Богдан, «пачнуць працаваць вось з гэтымі якаснымі тэстамі».

Батыр Бердыклычаў кажа, што экспрэс-тэст-сыстэмы — гэта крыху іншы падыход.

«Гэта тэст-сыстэмы, якія дазваляюць атрымаць вынік нашмат хутчэй — да гадзіны. Гэта можа быць цягам хвілін. Але яны працуюць крыху ў іншай мэтодыцы. Альбо гэта вызначэньне антыцелаў у крыві, альбо гэта вызначэньне нейкіх фрагмэнтаў самога вірусу. Але мэтодыка адрозьніваецца ад рэкамэндаванай PCR. Таму экспрэс-тэст-сыстэмы, іх акуратнасьць і надзейнасьць іх вынікаў яшчэ дасьледуюцца. У Кітаі іх выкарыстоўвалі, бо сытуацыя надзвычайная. Калі няма іншых магчымасьцяў, трэба ведаць вынік, каб праводзіць лекаваньне. Але на сёньня ўсё ж рэкамэндуецца мэтодыка PCR, якая займае 4 гадзіны ў лябараторных умовах. Бо экспрэс-тэст-сыстэмай чалавек можа правесьці аналіз самастойна, узяўшы мазок ці ўзор біялягічнай вадкасьці, і атрымаць вынік, не зьвяртаючыся ў лябараторыю. Да прыкладу, чалавек купіў яе ў аптэцы і цягам гадзіны можа ведаць вынік. Але паколькі клінічныя выпрабаваньні экспрэс-тэст-сыстэмаў яшчэ ня цалкам завершаныя, то ад САЗ не было рэкамэндацыяў выкарыстоўваць іх для клінічнай дыягностыкі, бо трэба быць да канца ўпэўненым у тым, наколькі яны акуратныя і якасныя», — сказаў Батыр Бердыклычаў.

Дыягностыку на COVID-19 у Беларусі праводзяць пяць лябараторыяў у Менску і Гомлі. Плянуецца іх адкрыцьцё ў Магілёўскай і Горадзенскай абласьцях.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

25 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG