Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Журналістам нічога не казаць». Што адбываецца ў раённым цэнтры Жыткавічах, дзе выявілі каранавірус


Паліклініка ў Жыткавічах, 24 сакавіка 2020 году

Шмат людзей у масках, пераабсталяваная паліклініка і рабочыя, якім загадалі нічога не казаць журналістам. Свабода зьезьдзіла ў Жыткавічы Гомельскай вобласьці, дзе ў мясцовай жыхаркі 22 сакавіка пацьвердзілі першы выпадак каранавірусу COVID-19.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У панядзелак апрацавалі ўсё спэцыяльнымі сродкамі, завод аднавіў працу

«Ды мы самі не разумеем, як той каранавірус да нас трапіў, — кажуць калегі жанчыны, якую ў нядзелю забралі ў інфэкцыйны шпіталь у Гомлі. — Думалі, да нас тут ніякі лось не дабяжыць».

Ад Жыткавічаў аднолькава далёка што да Менску, што да абласнаго цэнтру Гомля — каля 220 км у кожны бок.

З словаў тутэйшых жыхароў, іншаземцы ў раёне маглі быць толькі ў суседнім Тураве. Туды на малочнае прадпрыемства пэрыядычна прыяжджаюць спэцыялісты з Італіі.

Раніцай 24 сакавіка на заводзе, дзе працуе жанчына з пацьверджаным каранавірусам, усё адбываецца ў штатным рэжыме. 23 сакавіка санэпідэмстанцыя апрацоўвала адмысловымі сродкамі памяшканьні. Супрацоўнікі паказваюць падцёкі на шыбах, якія засталіся з учора. Падчас размовы ім пазваніла начальства.

«Усё, нам сказалі, каб мы журналістам нічога не казалі», — паведамілі калегі хворай жанчыны.

Вядома, што з заводу забралі яшчэ 5-7 супрацоўнікаў, зь якімі кантактавала хворая.

Дадатковых мераў перасьцярогі на гэтым прадпрыемстве ня ўводзілі. Антысэптыкі тут зьявіліся яшчэ раней — да выпадку з каранавірусам. Маскі таксама.

У паліклініку — толькі ў масцы, для людзей з тэмпэратурай — асобны ўваход

Самыя заўважныя зьмены ў Жыткавічах адбыліся, відаць, у паліклініцы. Увесь мінулы тыдзень сюды хадзіла жанчына, у якой потым выявілі COVID-19. Цяпер тут кожныя тры гадзіны праводзяць дэзынфэкцыю. Пра гэта расказала загадчыца паліклінікі. Плянавыя візыты скарацілі. Частку будынку вылучылі пад прыём людзей, у якіх высокая тэмпэратура. Яны заходзяць у паліклініку праз асобны ўваход, каб не кантактаваць зь іншымі наведнікамі і лекарамі.

Таксама ў паліклініку не ўпускаюць пацыентаў без мэдычных масак. І лекары, і наведнікі — усе іх надзяюць.

«Вось прыйшоў купляць маску, каб трапіць на прыём», — кажа адзін з наведнікаў паліклінікі.

У аптэках гораду маскі і антысэптыкі толькі за адзін дзень сталі самым патрабаваным таварам. Правізар кажа, што пасьля навіны пра каранавірус у аптэцы ўдвая больш пакупнікоў.

«Пра маскі і антысэптыкі, вядома, найбольш пытаюць», — кажа правізар.

Як і ў большасьці аптэк Беларусі, тут засталіся шматразовыя марлевыя маскі. У Жыткавічах адна такая каштуе 1,3 рубля.

Народны карантын. Дзяцей не пускаюць у школу, старыя імкнуцца не выходзіць на вуліцу

Нягледзячы на тое, што карантын у Беларусі афіцыйна ня ўводзілі, некаторыя жыхары Жыткавічаў стараюцца не выходзіць з дому.

Жанчына, якую карэспандэнты Свабоды сустрэлі каля паліклінікі, сказала, што пакінула сваіх дзяцей дома і не пусьціла ўчора ў школу. Яна і яе сын былі ў масках.

«Учора, як пайшлі чуткі, што ў нас нешта ўспыхнула, усе дзеці ўжо былі дома», — сказала яна.

Пэнсіянэрка, якая праходзіла паўз паліклініку ў масцы, кажа, што рэдка выходзіць з дому. Цяпер яна вымушана схадзіць у аптэку, каб набыць лекаў і новых масак.

«Усе ж такі менш трэба знаходзіцца ў масавых месцах. Асабліва нам, пэнсіянэрам. Я сяджу дома пераважна. Толькі ў краму хуценька выходжу», — сказала жанчына.

Таксама ў масцы ішла жанчына, якая накупіла дзьве торбы прадуктаў на два тыдні наперад. «На ўсялякі выпадак, каб хапіла на карантын».

Аднак афіцыйна школы і садкі працуюць, кавярні — таксама. Праўда, шмат дзе ляжаць улёткі пра каранавірус, а ў прыбіральнях стаяць слоікі з антысэптыкамі.

Аднак некаторыя жыхары лічаць, што ніякіх захадаў у горадзе ўводзіць ня варта. Як, напрыклад, пэнсіянэрка, якая ішла з крамы.

«Пакуль толькі адзін чалавек захварэў, я думаю, рана нешта рабіць», — лічыць яна.

«Пра каранавірус даведаліся з тэлевізара, а не ад начальства»

У будні дзень каля дому, дзе жыве захварэлая жанчына, даволі ціха. Санэпідэмстанцыя была тут увечары ў нядзелю, спэцыяльнымі сродкамі апрацоўвалі пад’езд. Аднак ніхто з суседзяў хворай не пагаджаецца размаўляць з журналістамі.

Праз брак інфармацыі ў горадзе ходзяць вельмі розныя чуткі і пра колькасьць захварэлых на каранавірус, і пра стан жынчыны, у якой пацьвердзілі дыягназ.

«У нас было кіраўніцтва і з Жыткавічаў, і з Гомля. Але яны яшчэ ўчора казалі, што каранавірус не пацьверджаны. Мы з тэлевізара даведаліся, што ў нас каранавірус», — кажуць тутэйшыя жыхары, якіх сустрэла Свабода.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG