Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як я хадзіў у краму ў масцы


Пры наяўнасьці мноства народу ў краме я такі быў адзін.

Я, які штодня пачынае дзень са зводак пра сотні сьмерцяў у Італіі і з рэпартажаў пра надзвычайныя становішчы ў астатняй Эўропе, пайшоў у краму ў масцы, безь якой у Чэхіі атрымаў бы вялікі штраф.

Але я быў ня ў Чэхіі і ў мяне хутка склалася адчуваньне, што гэта я сам груба парушаю грамадзкі парадак ці нейкія толькі тут вызначаныя правілы гульні.

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

На мяне зьвярталі ўвагу літаральна ўсе. Ахоўнікі глядзелі, як амапаўцы, гатовыя спыніць «безабразіе»; дзеці, сьмеючыся, паказвалі на мяне пальцам, іхныя бацькі пазіралі, як на дзівака або як на жырафа, і толькі касіркі сумна ўздыхалі і апускалі вочы. Здаецца, само калектыўнае несьвядомае адштурхоўвалася ад мяне, як ад заразы.

Чаму — думаў я сабе — усё наадварот? Беларускі народ зусім не дурны, каб падстаўляцца. Напэўна, яны не глядзяць рэпартажаў з Францыі, а слухаюць свайго прэзыдэнта, які кажа, што вялікай пагрозы няма і ўсё гатова да выклікаў. Ага, думае народ, калі б сапраўды ў нас былі тысячы выпадкаў, мы б пра гэта ведалі. Нягледзячы на падложныя дыягназы, закрытую статыстыку, хлусьню прапагандыстаў, у выпадку масавай заразы схаваць яе было б немагчыма.

Значыць, што?

Прэзыдэнт нават ня тое што ня хлусіць, ён вырашыў элегантна перамагчы каранавірус і забясьпечыць сабе элегантную перамогу на выбарах. Бо — гэта народ ведае дакладна — іншага спосабу, іншых актываў у яго гэтым разам няма. Ярмошынскія падлікі, эканамічны спад і «надаеў» — усё, што застаецца і выглядае зусім неэлегантна. А тут прыходзіць грозны вораг — каранавірус — і прэзыдэнт яго — спакойна, адной левай.

Вось што чытаецца ў калектыўным несьвядомым. Народ ведае, што прэзыдэнт уладу не аддасьць ні за што, а спатыкнуцца ў бітве з каранавірусам — гэта і значыць для яго аддаць уладу. Таму ён спакойна разважае пра «псыхозы», бо ў яго рэальна «ўсё схоплена».

За 25 гадоў народ добра вывучыў свайго прэзыдэнта і ведае ўсе ягоныя хітрыкі і прыёмы. Сёньня народ даў прэзыдэнту крэдыт даверу. Да Вялікадня вытрымаем — будзем жыць, адказаў прэзыдэнт. І ўдарылі па руках, абвясьцілі замірэньне і аднадумства.

А тут заходзіць у краму гэты, у масцы...

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG