Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазок згубілі, адна маска на суткі, але каранавірус ня пройдзе


Наста Захарэвіч у шпіталі
Наста Захарэвіч у шпіталі

Тыдзень таму Аляксандар Лукашэнка казаў, што мэдычныя маскі ў Беларусі «падзець няма куды» і загадваў прадаць іх у Нямеччыну. На прэс-канфэрэнцыі 23 сакавіка прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя заявілі, што масак у Беларусі дастаткова. Але ў Менскім скурвэндыспансэры, куды цяпер людзей кладуць у карантын, пацыентам сёньня выдалі па адной масцы на суткі.

Пазьней абяцалі яшчэ па адной, але пакуль не прынесьлі. Маскі канчаюцца. Раней нам давалі тры маскі на суткі, і мы ўсё адно пакутвалі. Сёньня стала відавочна, што тое была раскоша.

Ва ўсіх магчымых інструкцыях пішуць, што насіць маску доўга нельга, бо так яна прыносіць больш шкоды, чым карысьці. Яна даволі хутка становіцца мокрай, а ў вільготным цёплым асяродзьдзі мікробы хутчэй памнажаюцца. Рэкамэндацыі адносна таго, як доўга варта насіць адну маску, часам моцна адрозьніваюцца — я бачыла і 20 хвілін, і 3 гадзіны.

Самая распаўсюджаная парада, якую я бачыла — гэта мяняць сродак індывідуальнай абароны кожныя дзьве гадзіны. Мы да сёньняшняга дня рабілі гэта раз на восем гадзін, а цяпер зможам раз на суткі.

У нас няма магчымасьці мяняць маску кожны раз, калі хочацца папіць вады ці зьесьці мандарын. І зноўку ж, насуперак усім рэкамэндацыям, мы сьцягваем яе на падбародзьдзе альбо цалкам здымаем, а потым насоўваем зноў. Піць пры рэсьпіраторных хваробах трэба шмат, так што цягаць адну і тую ж маску туды-сюды даводзіцца часта.

Мэдыкі ў лякарні разводзяць рукамі: што ёсьць, тое нам і даюць. Гэта і зразумела: мясцовыя дактары, мэдсёстры і санітаркі дакладна ня зробяць нам новыя маскі з паветра. Але ж Міністэрства аховы здароўя мусіць забясьпечваць і нас, і мэдыкаў неабходнымі сродкамі абароны. І калі ўжо яно само аказалася ў тупіку, дык мусіць у гэтым прызнацца.

Мы ж таксама людзі і ўсё разумеем — сытуацыя форс-мажорная, і да яе ніхто ня быў гатовы. Але хопіць рабіць выгляд, што ўсё ў парадку! Каб мы маглі атрымаць дапамогу, пра нашыя праблемы трэба казаць адкрыта. А дапамога нам цяпер вельмі патрэбная.

Сёньня 23 сакавіка, а мае суседкі па палаце, якія здалі мазок 19 сакавіка, яшчэ ня ведаюць вынікаў. Той мазок, што я здавала ў аэрапорце 14 сакавіка, згубілі, і таму толькі што ўзялі новы.

Чырвоны крыж, як нам сёньня сказалі ў аддзяленьні, абяцаў дапамагчы з маскамі і пітной вадой, але ніхто ня ведае, колькі давядзецца чакаць.

Але ж Аляксандар Лукашэнка, відавочна, ведае ўсё, а ён казаў, што ў краіне масак нават занадта. «Пашылі — падзець няма куды. Лягпром патрабуе: аплаціце нам. А ахова здароўя кажа: нам столькі ня трэба, нам няма куды падзець. Праўда, я яму сказаў, што трэба разварочвацца: ў Нямеччыне не хапае спэцвопраткі, масак. Трэба прадаць іх, калі на іх ёсьць попыт».

Я хачу зьвярнуцца да міністра аховы здароўя і да прэзыдэнта Беларусі. Уладзімер Сьцяпанавіч і Аляксандар Рыгоравіч, прывязіце нам, калі ласка, масак. Вы пэўна ведаеце, дзе іх браць.

А мэдыкаў караць не трэба. Яны робяць, што могуць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG