Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму столькі італьянцаў паміраюць ад каранавірусу і якія тут урокі для іншых


Пацыент з Covid-19 у рэанімацыі ў італьянскім горадзе Крэмона, 19 сакавіка 2020.
Пацыент з Covid-19 у рэанімацыі ў італьянскім горадзе Крэмона, 19 сакавіка 2020.

За месяц колькасьць зарэгістраваных выпадкаў інфэкцыі новым каранавірусам у Італіі вырасла з нуля да больш чым 35 тысяч. Гэта найбольшы паказьнік па-за межамі Кітаю. На раніцу 19 сакавіка ад хваробы ў Італіі памерлі 2978 чалавек. Працэнт сьмяротнасьці ад COVID-19 у гэтай краіне вышэйшы за сярэдні ў сьвеце. Італьянская мэдычная сыстэма не спраўляецца з патокам хворых.

Амэрыканскія часопісы TIME і Wired, а таксама нямецкі Der Spiegel спрабуюць адказаць на пытаньні, чаму вірус так хутка пашырыўся ў Італіі і ўдарыў па ёй мацней, чым па любой іншай краіне Эўразьвязу.

Чаму вірус так хутка пашырыўся?

Афіцыйна першы выпадак каранавірусу ў Італіі быў зарэгістраваны 20 лютага, калі 38-гадовы мужчына быў шпіталізаваны ў горадзе Кадоньнё ў паўночным рэгіёне Лямбардыі. Ягоны аналіз пацьвердзіў прысутнасьць вірусу, які выклікае COVID-19.

Але шэраг спэцыялістаў лічыць, што вірус зьявіўся ў Італіі задоўга да таго дня. «Вірус, імаверна, пашыраўся даволі доўгі час [да выяўленьня], – сказала ў гутарцы з TIME Флявія Рыкарда, дасьледчыца дэпартамэнту інфэкцыйных хваробаў італьянскага Нацыянальнага інстытуту здароўя. – Гэта адбывалася якраз тады, калі ў нас быў пік захворваньняў на грып, і людзі прыходзілі да мэдыкаў з сымптомамі грыпу».

У тым самым шпіталі ў Кадоньнё яшчэ да таго, як быў выяўлены першы выпадак вірусу, была зарэгістраваная незвычайна вялікая колькасьць выпадкаў пнэўманіі. Пра гэта расказаў італьянскай газэце La Repubblica Стэфана Пальлія, дырэктар рэанімацыі шпіталю ў Кадоньнё. З гэтага вынікае, што пацыентаў з новым вірусам маглі ўспрымаць як хворых на звычайны сэзонны грып. Мэдычныя ўстановы, дзе лячылі гэтых пацыентаў, маглі зрабіцца рассаднікамі інфэкцыі і паспрыяць пашырэньню каранавірусу.

Паколькі інфэкцыі своечасова не выяўлялі, гэта магло быць прычынай хуткага пашырэньня вірусу. «Яно пачалося незаўважна, а гэта значыць, што на момант, калі мы гэта зразумелі, ужо ўтварылася шмат ланцугоў перадачы [вірусу], – кажа Флявія Рыкарда.

Дасьледаваньне, якое зрабіла каманда на чале з эпідэміёлягам Оксфардзкага ўнівэрсытэту Джэніфэр Бім Даўд, таксама называе сярод фактараў тое, што маладыя італьянцы бавяць шмат часу са старэйшымі. Моладзь часта жыве з бацькамі, бабулямі і дзядулямі ў сельскай мясцовасьці ці ў маленькіх мястэчках, а на працу езьдзіць у вялікія гарады.

Паводле дасьледчыкаў, якіх цытуе Wired, маладыя людзі маглі атрымаць інфэкцыю ў вялікіх натоўпах і прывезьці яе дадому. Часам яны ўвогуле ня мелі сымптомаў хваробы і ня ведалі, што зьяўляюцца носьбітамі каранавірусу. У выніку маладыя заражалі вірусам сваіх старэйшых сваякоў.

Чаму ў Італіі ад каранавірусу памірае так шмат людзей?

Перш, чым адказваць на гэтае пытаньне, важна зрабіць адну заўвагу, піша Der Spiegel: рэальны працэнт сьмяротнасьці ад Covid-19 можа быць значна ніжэйшым за той, які выводзіцца з параўнаньня колькасьці памерлых і зарэгістраваных выпадкаў хваробы. Экспэрты сыходзяць з таго, што вялікая колькасьці інфікаваных дагэтуль не рэгіструецца. Паводле Der Spiegel, віролягі ацэньваюць лічбу сьмяротнасьці ад Covid-19 прыблізна як 0.7 працэнта.

Але фактам застаецца тое, што зарэгістраваныя паказьнікі сьмяротнасьці ад каранавірусу ў Італіі вышэйшыя за сярэдні сусьветны. Гэта можа часткова тлумачыцца тым, што насельніцтва краіны – адно з найстарэйшых у сьвеце. У Італіі 23 працэнты насельніцтва старэйшыя за 65 гадоў. Для параўнаньня, у ЗША гэта каля 16 працэнтаў, а ў Беларусі каля 14.

Паводле зьвестак італьянскага Нацыянальнага інстытуту здароўя, на першым этапе эпідэміі сярэдні ўзрост памерлых у Італіі быў 81 год. У той час як маладзейшыя людзі могуць пераносіць хваробу практычна без сымптомаў, для людзей ва ўзросьце яна нашмат небясьпечнейшая.

Лярэнца Касані, дырэктар клінікі для пажылых людзей у Лямбардыі, у размове з TIME выказаў вэрсію: на зарэгістраваны высокі ўзровень сьмяротнасьці таксама можа ўплываць тое, што ў Італіі робяць тэсты на каранавірус толькі ў крытычных выпадках.

Яшчэ адной магчымай прычынай Касані назваў моцна забруджанае паветра ў Паўночнай Італіі. Паводле справаздачы швайцарскай праграмы маніторынгу паветра IQAir, сярод 100 гарадоў Эўропы з найбольш забруджаным паветрам 24 месьцяцца ў Італіі. «Дасьледаваньні паказваюць высокую залежнасьць паміж забруджваньнем [паветра] і сьмяротнасьцю ад вірусных хваробаў дыхальнай сыстэмы», – кажа Касані.

Як (не)спраўляецца з эпідэміяй італьянская сыстэма аховы здароўя

Інвэстыцыі ў сыстэму аховы здароўя ў Італіі ніжэйшыя, чым у такіх краінах Эўразьвязу як Францыя ці Нямеччына. Касані кажа, што ранейшыя скарачэньні фінансаваньня паўплывалі на працу мэдыкаў: «Мы не былі гатовыя. Мы ня маем дастаткова дактароў для гэтых людзей. Мы ня маем арганізаванага пляну для пандэміі».

Італьянскае міністэрства аховы здароўя падвоіла колькасьць шпітальных ложкаў у інфэкцыйных аддзяленьнях. Губэрнатар Лямбардыі Атыліё Фантана зьвярнуўся да ўнівэрсытэтаў, каб тыя сёлета раней выдалі дыплёмы, што дазволіла б хутчэй павялічыць колькасьць мэдычных супрацоўнікаў. Але гэта не вырашае асноўных праблем.

«Цяпер у Лямбардыі не хапае вольных ложкаў у рэанімацыйных аддзяленьнях», – сказаў Касані. Ён дадаў, што дактарам «даводзіцца рабіць жахлівы выбар і вырашаць, хто выжыве, а хто ня выжыве... хто атрымае манітор, рэсьпіратар і патрэбную ўвагу».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG