Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рудкоўскі: Каранавірус прымусіў усьвядоміць, наколькі небясьпечна ігнараваць аб’ектыўны стан рэчаў


Пётра Рудкоўскі
Пётра Рудкоўскі

Свабода задала вядомым беларускім інтэлектуалам некалькі пытаньняў пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека.

Сёньня прапануем вашай увазе адказы палітоляга, кіраўніка Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Пятра Рудкоўскага.

Сьцісла:

  • Калі сапраўды няма шанцаў у роўнай ступені ахапіць лячэньнем усіх, трэба выбіраць
  • Палітыкам даводзіцца хутка і спантанна прымаць рашэньні, а ў такіх выпадках рызыка перагібаў ці «недагібаў» ёсьць
  • Па меры пераадольваньня вірусу (веру, што так будзе) усё будзе паволі вяртацца на свае месцы
  • Вартасьць рэлігійнага сьветапогляду ў тым, што ён дапамагае не панікаваць, калі апынаемся ў сытуацыі, дзе абмежаваньні чалавечых магчымасьцяў асабліва востра даюць аб сабе знаць
  • Людзі, якія ня ўмеюць адрозьніваць факты і меркаваньні, будуць схільныя або панікаваць там, дзе няма патрэбы, або легкадумна ігнараваць небясьпеку

— Бі-Бі-Сі паведаміла пра жахлівую дылему, перад якой паўсталі дактары ў Італіі. Тамтэйшая мэдыцына не спраўляецца з патокам хворых. І дактары кажуць, што давядзецца рабіць суровы выбар — вырашаць, каго лячыць. Пры тым, што лячэньне па сутнасьці паліятыўнае, вылечыць ад каранавірусу сучасная мэдыцына ня можа нікога. Адзін з варыянтаў — не лячыць старых хворых, сярод іх і так высокая сьмяротнасьць ад пандэміі. Маўляў, лепш дапамагаць тым, хто маладзейшы, хто мае шанцы на выжываньне. Нечалавечае рашэньне. Але іншае — лячыць тых, хто трапіў у шпіталь першым. Яно прынамсі нерацыянальнае. У выніку памрэ больш людзей. Таксама нечалавечае. Ці Яго Вялікасьць рынак мусіць вызначаць — хто здольны больш заплаціць, таго і лячыць. Што выбраць? Што азначае гуманнасьць у гэтай сытуацыі?

— Пры ўсіх недахопах сучаснага сьвету трэба прызнаць, што павага да жыцьця кожнага чалавека зараз нашмат большая і нашмат шырэй распаўсюджаная, чым у якія іншыя эпохі. Няма кансэнсусу толькі па двух пытаньнях: права на жыцьцё злосных злачынцаў і права на жыцьцё людзей на эмбрыянальнай стадыі разьвіцьця. А ў астатнім — моцны кансэнсус.

Застаюцца, аднак праблемы-дылемы, якія вынікаюць з абмежаванасьці чалавечых магчымасьцяў. Прыклад такой дылемы: шматпавярховы будынак ахопленым пажарам і вось-вось заваліцца. У розных месцах будынку знаходзяцца людзі. Пажарнікі не маюць шанцаў уратаваць усіх. У іх выбар: або ратаваць некаторых, або нікога. Што лепш? Лепш першае. Гэта можа выглядаць як жудасная дыскрымінацыя: чаму менавіта той чалавек быў пакінуты паміраць, а не гэты? Усе ў роўнай меры заслугоўваюць на жыцьцё. Але такі выбар — не прадукт злой волі, а прадукт абмежаванасьці чалавечых магчымасьцяў.

Магчыма, нешта падобнае і ў выпадку каранавірусу. Жыцьцё кожнага чалавека каштоўнае. Але калі сапраўды няма шанцаў у роўнай ступені ахапіць лячэньнем усіх, трэба выбіраць.

Я ня ведаю, ці агучаны тут варыянт найлепшы з магчымых. Думаю, што тут варта падумаць над больш нюансаваным падыходам: лячыць тых, пра каго вядома, што (а) ёсьць невысокая імавернасьць, што іх арганізм самастойна справіцца, але пры гэтым (б) ёсьць высокая імавернасьць, што з мэдычнай дапамогай яны пераадолеюць вірус. Вядома, ажыцьцяўленьне такога прынцыпу можа спарадзіць дадатковыя арганізацыйныя і этычныя праблемы, але калі выбіраць паміж рознымі варыянтамі, то ён, бадай, аптымальны.

— Беларускія ўлады многія ганяць за тое, што яны не прымаюць рашучыя, радыкальныя, дыктатарскія меры супраць пандэміі. Многія папракаюць Лукашэнку — маўляў, дзейнічае, як савецкія ўлады пасьля Чарнобылю, абы не было панікі, ня трэба драматызаваць. Але зь іншага боку, ён зараз адстойвае прынцыпы, якія адстойваў заўсёды цывілізаваны сьвет — адкрытасьць, у тым ліку і адкрытасьць межаў, адсутнасьць жорсткай рэглямэнтацыі жыцьця. У гэтым няма пэўнага парадоксу? Можа ён і мае рацыю?

— Калі выбіраць паміж свабодай у часе пандэміі і свабодай у час, калі пандэміі няма, то я б выбраў другое. Перакананы, што і вы, і ўсе іншыя грамадзяне аддалі б перавагу другой опцыі.

Але калі абстрагавацца ад спэцыфікі палітычнага рэжыму ў Беларусі, тут трэба заўважыць, што няма адной-адзінай формулы адэкватных дзеяньняў у сытуацыі пандэміі. Палітыка «закрыцьця» (межаў дзяржаў, магчымасьці выходзіць на вуліцы) была сёньня (18 сакавіка) скрытыкаваная старшынём Міжнароднай мэдычнай асацыяцыі. Не бяруся тут ацэньваць вартасьць яго крытыкі, але ясна адно: палітыкам даводзіцца хутка і спантанна прымаць рашэньні, а ў такіх выпадках рызыка перагібаў ці «недагібаў» ёсьць.

Мяне больш насьцярожвае імавернасьць замоўчваньня маштабаў распаўсюду вірусу ў Беларусі. Калі сапраўды такое замоўчваньне мае месца, то гэта было б вельмі кепска, небясьпечна і амаральна.

— Ці ня кідае каранавірус сьвет у новы таталітарызм? Прычым кідае ў яго не іншаземны захопнік — самі грамадзтвы, самі ўлады, у тым ліку і самых дэмакратычных краінаў усталёўваюць такія абмежаваньні свабоды, якія ўласьцівыя хіба Паўночнай Карэі. Дзяржава — закрый, дзяржава — абмяжуй, дзяржава — забарані — сёньня гэта ня мара купкі экстрэмістаў, а запыт грамадзтва. Калі некалі пандэмія скончыцца, ці не застануцца ўсе гэтыя абмежаваньні?

— Ёсьць галасы, якія кажуць, што дзякуючы каранавірусу рэпутацыя Кітая падскочыла (яна, зрэшты, і раней была на прыстойным узроўні). 2019 год — гэта чатырнаццаты год бесперапыннага пагаршэньня глябальнага стану дэмакратыі. Адным з фактараў называецца рост прывабнасьці кітайскай або сынгапурскай мадэлі дзяржаўнага кіраваньня. Гісторыя з каранавірусам можа ўзмацніць гэтую прывабнасьць.

Але казаць пра «новы таталітарызм» — не, гэта быў бы перагіб. Па меры пераадольваньня вірусу (веру, што так будзе) усё будзе паволі вяртацца на свае месцы. Хто ведае, можа гэта акурат паспрыяе таму, што людзі яшчэ больш будуць цаніць свабоду і мабільнасьць.

— Цяпер па ўсім сьвеце зачыняюць межы. Зачыняюць іх нават унутры Эўразьвязу, дзе яшчэ нядаўна іх не было. А аказваецца ёсьць, аказваецца, тут ёсьць свае, якіх трэба ратаваць, і суседзі, чужыя. Нацыянальнае і ў гэтым перамагае, пераважае?

— Закрываньне межаў у зьвязку з пандэміяй прадыктавана арганізацыйнымі меркаваньнямі. Тут нацыянальнае, нацыяналізм мае другаснае значэньне. Зрэшты, межы нярэдка зачыняцца на суб-нацыянальным узроўні (гарады, рэгіёны, інстытуцыі, спрэс да сямейных кватэраў зачыняюцца).

— Сучасныя сэкулярызаваныя людзі, і ня толькі ў Беларусі, абвінавачваюць, лаюць уладу за тое, што яна, на іх погляд, нешта ня так робіць падчас пандэміі. Але ці вінаватая яна? А можна тут нешта кардынальнае, істотнае зрабіць у прынцыпе? Вакцыны, леку ад каранавірусу няма. Вось Ангела Мэркель — лідэр свабоднага сьвету — кажа: у Нямеччыне захварэе 60-70%. Можа тут дарэчна адно маліцца, а не абвінавачваць таго, хто такі ж бездапаможны, як і просты люд?

— Ці ўлады прымаюць правільныя рашэньні ў стане пандэміі — гэтае пытаньне мае сэнс незалежна ад сьветапогляду (рэлігійнага, сэкулярнага). І — зноў жа, незалежна ад сьветапогляду — трэба прызнаць, што чалавек, у тым ліку палітык, ня ёсьць усемагутнай істотай. Чалавек, дзякуючы розуму і камунікацыйным здольнасьцям, можа вельмі шмат, але ёсьць яшчэ больш рэчаў, якія яго пераўзыходзяць. Можа быць, вартасьць рэлігійнага сьветапогляду ў тым, што ён дапамагае ў большай ступені ўсьвядоміць абмежаванасьць чалавечых магчымасьцяў і не панікаваць, калі апынаемся ў сытуацыі, калі гэтыя абмежаваньні асабліва востра даюць аб сабе знаць.

— Цікавая інфармацыя — «Ісламская дзяржава» абвясьціла, што прыпыняе тэрарыстычныя напады. Можа выклік каранавірусу жахлівай цаною зробіць усё ж сьвет больш чалавечным, спыніць войны, нагадае людзям, што ў іх адзін лёс на нашым шарыку?

— Так, цікавая і крыху нечаканая інфармацыя. Мне так падумалася — можа быць, мы замала ведаем, і замала цікавімся ўнутраным сьветам такіх людзей, як чальцы «Ісламскай дзяржавы». Можа быць, ёсьць і іншыя «клявішы» у душах гэтых людзей, якія дазволілі б «адключаць» іх ад злачынных намераў?

— Некаторыя мяркуюць, што пандэмія праз пару месяцаў пойдзе на спад, што хутка знойдуць вакцыну. А калі не? Ці чакаюць нас войны ўсіх супраць усіх за мэдычную дапамогу, за апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, за маску, за рулон туалетнай паперы?

— Мне бракуе ведаў, каб з упэўненасьцю прагназаваць далейшую хаду пандэміі. Веру, што яе ўдасца пераадолець, бо чалавечы арганізм даволі моцны і здольны хутка імунізавацца. Калі не, то... Што ж, вайна ўсіх супраць усіх — на 100% нельга выключыць. Але ня думаю, што гэта найбольш імаверная пэрспэктыва. Можа быць, мы пабачым беспрэцэдэнтныя формы ахвярнасьці і салідарнасьці.

— Якая роля ў цяперашнім крызісе каранавірусу СМІ і сацыяльных сетак? Праўда ратуе людзей ці ўмацоўвае, разьдзьмувае паніку? А эсхаталягічныя фэйкі — ці ня тоне ў іх праўда?

— У такіх сытуацыях праўда на вагу золата. Але гэта таксама жыцьцёвы тэст на крытычнае мысьленьне. Людзі, якія ня ўмеюць адрозьніваць факты і меркаваньні, канстатацыі і ацэнкі, даказаныя цьверджаньні і гіпатэтычныя цьверджаньні, будуць схільныя або панікаваць там, дзе няма патрэбы, або легкадумна ігнараваць небясьпеку.

— Які антрапалягічны досьвед вялікіх беларускіх катастрофаў ХХ стагодзьдзя Другой усясьветнай і Чарнобылю — можа быць скарыстаны, будзе скарыстаны, якім ужо карыстаюцца беларусы ў крызісе каранавірусу? Тады выжывалі так — і зараз будуць выжываць гэтак жа? А як?

— Калі я глядзеў сэрыял Ёгана Рэнка «Чарнобыль», то ў першую чаргу думаў пра тое, якую цану даводзіцца плаціць за ігнараваньне абʼектыўнай праўды. Калі, напрыклад, ідэалёгія або рэпутацыя краіны ўспрымаецца як важнейшая за праўду. Або калі ўвогуле замазваецца сама розьніца паміж праўдай і фальшам. Гэта ўрокі, якія трэба засвоіць ня толькі беларусам, ня толькі жыхарам постсавецкіх краін. Гэта таксама актуальна для заходняга сьвету, які так доўга быў зачараваны постмадэрнісцкім духам адмаўленьня абʼектыўнай рэальнасьці.

Каранавірус ацьверазіў вось такіх постмадэрністаў. Прымусіў усьвядоміць, наколькі важна ведаць абʼектыўны стан рэчаў і наколькі небясьпечна яго ігнараваць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG