Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына прыняла «беспрэцэдэнтны» антыкрызісны пакет на 600 мільярдаў эўра


Кабінэт міністраў Нямеччыны ўхваліў 23 сакавіка шырокі пакет захадаў для падтрымкі эканомікі, якая нясе страты ад пандэміі COVID-19. Deutsche Welle называе яго беспрэцэдэнтным.

На экстраным паседжаньні нямецкі ўрад прыняў законапраекты, якія прадугледжваюць фінансаваньне розных захадаў за кошт запазычанасьці ў 156 мільярдаў эўра.

  • Ствараецца Фонд эканамічнай стабільнасьці на 600 млрд эўра.
  • Зь іх 400 млрд эўра пойдзе на крэдытныя гарантыі, якія адкрыюць кампаніям доступ да дадатковага капіталу ў час крызісу, яшчэ 100 млрд прадугледзілі на выпадак, калі дзяржаве давядзецца купляць долі ў прадпрыемствах, якія апынуцца на мяжы банкруцтва, яшчэ 100 млрд — на спэцыяльныя праграмы нямецкага банку разьвіцьця KfW.
  • Асобна ад таго 50 млрд эўра пойдуць на падтрымку самазанятых грамадзянаў, малых кампаніяў і мікрапрадпрыемстваў.
  • Здымальнікаў кватэраў абароняць ад страты жытла нават у выпадку запазычанасьці аплаты за яго.
  • Спрасьцілі ўмовы пераходу на скарочаны графік працы.
  • Спрасьцілі доступ да выплатаў з прычыны беспрацоўя (Hartz-IV).
  • Дадатковая фінансавая дапамога даецца лякарням, а фэдэральным уладам даюцца новыя паўнамоцтвы ў барацьбе з эпідэміямі.
  • Нямеччына прыпыняе «палітыку нулявой запазычанасьці» дзеля фінансаваньня пакету — немцы пазьбягалі дзяржаўнага доўгу ад 2014 году.

На паседжаньні не прысутнічала фізычна Ангела Мэркель — канцлерка зь нядзелі на карантыне, працуе праз тэлефонную канфэрэнцыю. Падазравалі, што яна магла заразіцца COVID-19, але першы тэст даў адмоўны вынік.

Пакет яшчэ фармальна ня ўхвалены канчаткова, але чакаецца, што Бундэстаг (аднапалатны парлямэнт) прагаласуе за яго 25 сакавіка, Бундэсрат (канстытуцыйны орган, падобны да верхняй палаты парлямэнту) — 27-га.

На момант публікацыі ў Нямеччыне выявілі 29 тысяч выпадкаў COVID-19. Памерлі 123 чалавекі, выпісаныя здаровымі 453, застаюцца ў крытычным стане 23 чалавекі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG