Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадар Свабода. «У нашым краі пануе чужак»


Ігар Гермянчук
Ігар Гермянчук

Свабода публікуе разьдзелы новай кнігі Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука».

«Спадар Свабода» — драматычны аповед пра Ігара Герменчука, журналіста і палітыка, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты СВАБОДА. Газэта пісала праўду пра чынавенства, таму выходзіла пад пастаянным ціскам з боку кіраўніка ўраду Кебіча, а ў часы прэзыдэнта Лукашэнкі была забароненая. Рэдактара-прафэсіянала звольнілі з пасады «за непрафэсіяналізм», што, магчыма, прычынілася да ягонай раньняй сьмерці.

«Курʼер» з апострафам

Першы нумар грамадзка-палітычнага часопіса Герменчука выйдзе ў сакавіку 2000 году. Праз год і два з паловай месяцы пасьля таго, як яго звольніць з «Навінаў» Жук. Можна сказаць, даволі хутка. Але даўся ён вельмі цяжка, «Курʼер».

Калісьці, на пачатку 1990-х, Ігару вельмі спадабаўся польскі Wprost. Новае зусім выданьне, і небывалы посьпех: наклады, папулярнасьць. Magazyn Gazety Wyborczej, які зьявіўся пазьней, таксама прывабліваў. (І пра перасьлед «Свабоды» пісаў, у рэдакцыі карэспандэнт з фотакарам пабывалі). Прычым ён быў нават бліжэйшы ў той час па духу, бо выходзіў пры раскручанай газэце.

А тут час палітычнай сьцюжы. Пасьля пацешных «прэзыдэнцкіх выбараў», зробленых апазыцыяй. Пачынаць новае выданьне ў тых умовах — справа амаль безнадзейная. Грантадаўцы ставяць умову: выпусьціць хаця б нумар самастойна, а яны паглядзяць. І нікуды ня дзецца, мусіш, бо ты гэта прыдумаў, табе гэта трэба. Больш нікому.

Сядзім зь ім за сталом, памятаю гэты пакой у кватэры, якая яшчэ толькі мелася стаць рэдакцыяй. Ігар расклаў часопісы такога кшталту, як Newsweek. Польскія, маскоўскія, балтыйскія. Сябра з Эстоніі даслаў эстонскі. Краіна невялікая, але нават у іх такое выданьне існуе, і не адно.

Вокладкі — на адзін узор. Ігар разгортвае — і дызайн старонак таксама. Значыць, і яму рыхтаваць згодна са стандартамі. Выдумляць ровар няма патрэбы. Хоць гэта палягчае задачу.

Ігар Гермянчук і Сяргей Астраўцоў
Ігар Гермянчук і Сяргей Астраўцоў

Архіважная справа — назва. Каб зьвяртала ўвагу, каб выданьне прасілася ў рукі. Як некалі «Свабода». Але штосьці больш нэўтральнае трэба. Накшталт «Навінаў». Каб, аднак, больш па-хвацку гучала. Каб быў нейкі рух закладзены, энэргія. Дзьве-тры назвы ў яго ёсьць, але сам ён больш схіляецца да «Курʼера». Пытаецца: як на мой густ? Я разумею, што яму хочацца, каб назва «не выклікала пытаньняў», плюс «Курʼер» у абедзьвюх мовах існуе. І пішацца, лічы, аднолькава. Што немалаважна.

Ну што, кажу, прадаваўся ж калісьці ў кіёсках «Курьер ЮНЕСКО», гучала зусім няблага. (Ігар потым, наколькі запомнілася, і назву напіша падобна, курсівам).

Будзе назва «Курʼер», будзе рэгістрацыя, будзе першы нумар. І прэзэнтацыя ў IREX, у прадстаўніцтве амэрыканскай Рады па міжнародных дасьледаваньнях і абменах. (Якому ўлады пазьней перакрыюць у Беларусі кісларод.) Ігар будзе стрымана задаволены. Але выглядаць будзе хутчэй стомлена, бязь іскры ў вачах.

Было агульнае адчуваньне, што шлях «Курʼера» лёгкі ня будзе, але хацелася, каб у Ігара ўсё атрымалася. Першы нумар выглядаў выдатна, можна было толькі пазайздросьціць па-добраму, што ён здолеў так якасна ажыцьцявіць задуму. Па-герменчукоўску, як сапраўдны шрайбікус. «Заснавальнікі: Ігар Гермянчук, Рыгор Зайцаў». Рыгор Зайцаў, нагадаю, цесьць Ігара.

Зрэшты, я крыху забег наперад. Прэзэнтацыя адбудзецца 7 красавіка, пасьля выхаду першага нумару.

Грошы ня ліплі да рук

Не было больш шматтысячнай плошчы перад Домам ураду, не магло быць нумару з заклікам «Ніякай падтрымкі хунце!», у гэты дзень ня зьдзьмуўся ГКЧП, ніякіх прычын для спантаннай радасьці ў самых сьмелых і актыўных не было. «Курʼер» пачынаў жыць у шэрай рэчаіснасьці, духоўна хісткай. Маральна прыгнечанай. Надзеяў на дэмакратычную эўрапейскую Бацькаўшчыну больш не было, нават калі камусьці не хацелася так думаць, хто супрацівіўся такім высновам.

«Оды да радасьці» сьпявала Эўропа, не Беларусь. У Беларусі на першым месцы былі словы «дысцыпліна і парадак» і што гэта «ўсурʼёз і надоўга». У яе гімнах не было месца аптымізму. І што ў гэтай сытуацыі мог Гермянчук са сваім часопісам? Разварушыць? Даць компас у рукі? Даць надзею?

Ён сам заставаўся ў стрэсе, не адчуваў сябе на кані. Ён зрабіў «якасны прадукт», як сам любіў гаварыць. Але як знайсьці спажыўца, як прадаць? Так, у той час яшчэ былі сям-там нават незалежныя грамадзка-палітычныя газэты. Няхай пад пастаянным прыгнётам, але яшчэ дыхалі. Пэўнае кола чытачоў яны маглі забясьпечыць і «Курʼеру». Але для сапраўднай раскруткі патрэбна было больш часу, высілкаў, сродкаў, больш шырокая кампанія. А галоўнае — іншыя ўмовы патрабаваліся, іншая Беларусь.

Неўзабаве, калі датрымаць пэрыядычнасьць ня ўдасца, як ён мне казаў, давядзецца рассылаць папярэднія нумары падпісчыкам, якія ўсё ж зьявяцца. Навошта? Яны ж ужо мелі свой асобнік? Каб раздавалі знаёмым.

Аляксандар Уліцёнак
Аляксандар Уліцёнак

Першае, пра што згадвае Аляксандар Уліцёнак (заснавальнік і рэдактар газэты «Свободные новости плюс», грамадзкі дзяяч), — гэта тое, што пра Герменчука гаварылі людзі, якія зь ім працавалі. Што гэта быў адзін з рэдкіх рэдактараў, хто абсалютна па-чалавечы ставіўся да сваіх супрацоўнікаў. І ў справе выдачы заробку таксама. «Да яго рук не прыліп ніводзін рубель. Пра некаторых іншых рэдактараў такое сказаць было немагчыма. Калі ён у гэтым сумленны, гэта сьведчыць пра тое, што ён за чалавек».

Для Ігара было вельмі важна зрабіць часопіс, вярнуцца ў прафэсію празь яго. Не газэта, зь якой ён звыкся, а часопіс, зусім іншая спэцыфіка. Так гарэў сваёй ідэяй, гэтым праектам, працягвае Ўліцёнак:

«Першы нумар “Курʼера” быў проста клясны. Калі я яму гэта зусім шчыра сказаў, у яго проста вочы загарэліся. Спачатку ён разьвёў рукамі, перастань, маўляў, з камплімэнтамі. Але я пачаў пералічваць рубрыкі, аўтараў, якіх ён прыцягнуў. Назваў тэмы. Ён паверыў і сказаў: “Вялікі-вялікі дзякуй, для мяне гэта прынцыпова важная падтрымка”».

Ігар і сам іншых заўсёды хваліў, не баяўся сказаць добрае слова, згадвае Аляксандар:

«А між іншым, у нашай прафэсіі, ва ўсіх рэдакцыях бракуе аднаго і таго ж — узаемнай павагі, не хапае імпэту сказаць — слухай, які ты клясны матэрыял зрабіў, як выдатна і крэатыўна ў цябе атрымалася. Гермянчук быў адным з тых рэдкіх людзей, хто не баяўся гэта казаць, які хацеў, каб іншыя гарэлі. І таму ён, мабыць, дамогся таго, што ягоная газэта, як і “Свободные новости”, перасягнула стотысячны наклад у тыя самыя непаўторныя гады, калі свабода прэсы разьвівалася».

Прычым Герменчуку было цяжэй: «Свабода» выходзіла на беларускай мове.

Існуе наступны важны момант, адзначае Аляксандар Уліцёнак: «Часта з боку калег я бачыў “падлянку”, ну ня любяць людзі твой посьпех, а ў выпадку Герменчука было зусім інакш: ён ніколі не сказаў крыўднага слова, не пакрывіўся, гледзячы ў мой бок. Было бачна, што ён паважае чужую працу і разумее, што чым больш вакол яго моцных канкурэнтаў, здольных рэдакцый, тым больш гэта актывізуе ягоную творчасьць, падштурхоўвае рабіць новыя крокі. Ён да апошніх сваіх дзён рухаўся наперад. Чалавек, які заўсёды крочыў наперад. Не спыняўся, не задавальняўся. Чалавек шчыры, яскравы і сьветлы…»

«Курʼер» стаў вяршыняй прафэсійнай дзейнасьці Ігара Герменчука. «Голас Радзімы», АПН, «Свабода» — увесь свой журналісцкі і рэдактарскі досьвед ён па-майстэрску ўвасобіў у выданьні, узроўню якога не адпавядаў узровень краіны. «Курʼер» быў занадта яркі, эўрапейскі, якасны, як на панылую навакольную рэчаіснасьць, дзе панавалі закручваньне гаек і паняверка.

Марыя Гермянчук, жонка Ігара, кажа: «Самы гераічны этап — тады, калі ён займаўся “Курʼерам”. Ціск з усіх бакоў, няма грошай, няма адпаведных умоваў для такога выданьня. Усё цяжка. Час “Курʼера” для Ігара прафэсійна — гэта момант ісьціны. “Свабода” давалася цяжка, але гэта быў час, які спрыяў справе газэты. “Курʼер” — тое, пра што ён марыў па-сапраўднаму, да чаго імкнуўся. І “Курʼер” яму даваўся значна цяжэй, чым усё астатняе. Ён разумеў, што часу няшмат, умовы цяжкія, гэта былі не “свабодаўскія” часы».

Ніхто не парае, пазбыціся як

У яго быў свой стыль. Свая пастава. Пачцівы. Бескарысьлівы. Крыху пэдант. Просты ў адносінах. Але звычайна без залішняга панібрацтва. Шчыры, не зашпілены на гузікі. Хаця мог бываць падкрэсьлена грэблівым.

Рух часу запавольваўся для яго, Зямля сыходзіла з-пад ног. Больш не стаяць, не адчуваць нагамі, не трымацца на ёй. Не бараніць сваю рыцарскую Беларусь. У сьвядомасьці праплываў бязгучна, як калісьці на тэлеэкране на Новы год, год надзеяў, вершнік. Рыцар збройны на кані зь мячом. Дзесяць гадоў назад… Ён памрэ ў думках зь ім, хоць гэта больш ня будзе мець значэньня. З рыцарам, без, памірае наш Ігар. Балесныя радкі Янкі Купалы са студэнцкіх часоў застрэмілі ў галаве:

У нашым краі пануе чужак,
Ніхто не парае, пазбыціся як.

Ніхто.

Гермянчук нагадваў яму Каліноўскага, прызнаецца Алег Трусаў.

Менавіта Каліноўскага ў тым адзіным фільме, што выйшаў на экраны пры канцы беларусізацыі — у 1928 годзе:

«Нешта было ў ім ад Каліноўскага. І высокі рост, і прычоска. І погляд. Каліноўскага самога ў нас, вядома, ніхто ня бачыў. Тыя здымкі, якія ёсьць, не зусім у ягоным стылі, а па фільму крыху падобны, на маю думку. Нават манерай прамаўляць…»

Алег Трусаў
Алег Трусаў

І невыпадковае супадзеньне: яны абодва пры ўладзе Лукашэнкі — асобы непажаданыя. Кастусь і Ігар.

У яго лёс Адама Міхніка мог бы быць, каб не памёр, разважае Алег Трусаў пра асобу Герменчука. Ён бы не пайшоў у палітыку, ён бы цяпер меў газэту зь вялізным накладам. Каб усё было нармальна, ён бы быў адным з найлепшых выдаўцоў. Нечым яны падобныя зь Міхнікам як рэдактары…

«Я ж Міхніка ведаю. Ён пачынаў з падпольнага лістка. Лёс падобны. Проста Міхніку пашанцавала, а Герменчуку — не. Яны, вядома, былі знаёмыя. Я думаю, што Міхнік яму й дапамагаў. Ён рэгулярна прыяжджаў у Беларусь. Апошняе інтэрвію браў у мяне перад галадоўкай у фае парлямэнту. Калі мы зьбіраліся абвяшчаць галадоўку, апошнім журналістам, якога я там бачыў, быў Адам Міхнік», — узгадвае Алег Трусаў.

Была нават арыентацыя на Міхнікаву Gazetu Wyborczu: пры Герменчуку «Свабода» спачатку пераймала яе вёрстку — зусім новую, адметную, як на той час.

«Сьлед у нашай журналістыцы ён пакінуў на ўсё жыцьцё. Калі будзем пісаць падручнікі па журналістыцы, будзе партрэт Герменчука, газэта, і нават той часопіс таксама. Але ў цяперашніх выданьнях яго няма і пры гэтым рэжыме ня будзе. А калі памяняецца, то і вуліца Герменчука будзе, усё будзе. Усё наперадзе».

Вадзім Казначэеў працаваў у «Свабодзе» і быў адзіным творчым супрацоўнікам у «Курʼеры», у яго на вачах Гермянчук сыходзіў з жыцьця. За дзень да сьмерці Ігар яшчэ быў у рэдакцыі, апошні раз. Прыяжджаў сам. Вадзім зьдзіўляўся — як гэта ў яго атрымліваецца? Гермянчук на гэта: «А мне лягчэй гэтак. Што я сядаю ў машыну, еду. А так бы я хутчэй сканаў». Рэдакцыя на першым паверсе. І галоўнай цяжкасьцю для яго было спусьціцца ўніз, пара прыступак. І адчыніць машыну. У гэтым яму трэба было дапамагчы. Пры тым, што сам з просьбаю не зьвяртаўся. Гэта было не ў яго стылі. А калі машына адчыненая, сядаў і ехаў.

Ігар Гермянчук у рэдакцыі часопіса «Курʼер». Здымак Сяргея Грыца. Канец 2001 году
Ігар Гермянчук у рэдакцыі часопіса «Курʼер». Здымак Сяргея Грыца. Канец 2001 году

Аднойчы ён напіша, што ў яго рак, фатальная хвароба, і жыць яму застаецца няшмат… Гэта была выдумка, мастацкая проза. Ён так напісаў у тыя часы, калі ў яго ня зьніклі пісьменьніцкія амбіцыі. Пра такія рэчы мы звычайна стараемся, па магчымасьці, ня думаць… Аднак жа для адметнага літаратурнага твору патрэбны нечаканы, запамінальны пачатак.

Ігар жыў некалі ў сястры, яна працавала ў анкалёгіі, ён ведаў — што там і як. Агульнавядомым было і слова «Бараўляны». У Бараўлянах? Значыць, справы кепскія. Шанцы, хутчэй за ўсё, ніклыя. Колькі бараўлянскіх гісторый хадзіла, ходзіць і будзе хадзіць па сталіцы. І на адлегласьці ад яе. Пра Бараўляны вядома ўсёй Беларусі.

Мне вельмі кепска, я паміраю, у мяне рак, — вывела рука, маладая і моцная.

Жорны гісторыі прыпыніць бы хоць да раніцы. Не пішы, дзядзька, не пішы! Памарудзь крышку, не рабі гэтага. Устань, зрабі кавы. Выйдзі закуры. Але ён ня чуе і — напісаў. А раз яно здарылася, ён, як бывае з паэтамі, прадбачыў свой канец. Слова зрабілася дзеяньнем, адмоўным чынам. Атручанай стралой.

Паміраючы, перадаў «Курʼер» Аляксандру Вальвачову. Патэлефанаваў, папрасіў аб сустрэчы. І па тэлефоне сказаў адразу, што хворы безнадзейна, з адпаведным прагнозам дактароў. Праўда, тады сказаў, што дактары яму адпускаюць паўгода. Хацеў верыць.

Змаглі сустрэцца толькі два разы. Таму што прагноз дактароў, пра які ён казаў, ня спраўдзіўся.

Першая сустрэча была хутчэй на пачатку сакавіка, прыгадвае Вальвачоў. Ну вельмі хутка адбылося, кажа ён, нечакана хутка.

Памёр з «Курʼерам» у руках. Гэта здарылася 29 красавіка 2002 году, у сярэдзіне дня. Не ў сталічным шпіталі, пад доглядам дактароў. Наводшыбе памёр, але дома.

Ня стала аднаго з годных сыноў Бацькаўшчыны. Аднаго з тых, дзякуючы каму ўсе беларусы атрымалі нарэшце сваю краіну ў дзяржаўных межах, не адміністрацыйных. Хто змагаўся за яе, за яе свабоду, сапраўды не шкадуючы сябе. Такім ён застанецца ў нашай памяці.

«Найлепшыя паміраюць маладымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG